Свабода вывучыла шэраг рашэньняў, якія выносілі ўкраінскія суды ў «кантрабандных» справах. Зь іх можна зразумець, якія «інвэстыцыі» ўкладаюцца ў незаконнае перамяшчэньне падакцызных тавараў.
Спад пасьля ўсплёску
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны кажуць, што, у адрозьненьне ад кантрабанды на іншых кірунках, зь Беларусі тытунь пераважна перамяшчалі праз афіцыйныя пункты пропуску, маскуючы пад іншы тавар.
«Летась было некалькі рэзанансных выпадкаў, калі цыгарэты везьлі зь Беларусі фурамі, хаваючы іх сярод іншага тавару. Сёлета такіх выпадкаў не было, а за паўгода мы затрымалі 100 тысяч пачкаў. Гэта істотнае зьмяншэньне. Хутчэй за ўсё, кантрабандысты разумеюць, што цяпер у такіх маштабах, як раней, яны перавезьці ня могуць, таму адмовіліся ад паставак праз пункты пропуску на мяжы між Беларусьсю і Ўкраінай. Яны могуць шукаць іншыя спосабы дастаўкі цыгарэт, і не абавязкова праз Украіну. Гэта могуць быць іншыя краіны», — сказаў Свабодзе прэсавы сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Андрэй Дземчанка.
Паводле яго, кантрабандысты не выкарыстоўваюць на беларуска-ўкраінскай мяжы тэхнічныя сродкі — дроны ці малую авіяцыю.
«Найчасьцей такія спосабы для перамяшчэньня цыгарэт мы фіксуем толькі на заходнім участку мяжы Ўкраіны, на мяжы з краінамі Эўрапейскага Зьвязу», — дадаў ён.
У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны нагадалі, што ў 2020 годзе на мяжы зь Беларусьсю затрымалі 2 мільёны пачкаў цыгарэт, а ў 2019 годзе — 500 тысяч.
«Мы не гаворым пра паходжаньне цыгарэт, бо ня выключана, што на іншых участках мяжы тыя цыгарэты, якія затрымліваліся, таксама мелі беларускае паходжаньне. Такую статыстыку вывучаюць фіскальныя або мытныя органы, якія вядуць далейшы ўлік гэтых цыгарэт і вызначаюць іхнае паходжаньне, і ў тым ліку вызначаюць, ці не кантрафактны гэта тавар», — патлумачыў Андрэй Дземчанка.
Цяпер, паводле яго, найбольш перамяшчаюць нязначныя партыі, часьцей за ўсё выкарыстоўваюць канструктыўныя асаблівасьці аўтатранспарту.
Як гэта працавала
Цягам апошніх некалькіх гадоў ва Ўкраіне ў Адзіным дзяржаўным рэестры пачалі зьяўляцца судовыя рашэньні, якія сьведчылі пра спробы нібыта вэрбаваньня грамадзян Украіны беларускімі памежнікамі. Найчасьцей украінцы казалі, што ад іх патрабавалі інфармацыю менавіта пра ахову мяжы — як яна адбываецца, месцы і пэрыядычнасьць выхаду патрулёў, фартыфікацыйныя збудаваньні, і заўсёды найбольш цікавіліся пэрсанальнымі зьвесткамі ўкраінскіх памежнікаў і нумарамі іхных тэлефонаў.
Вядома, ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны гэтая інфармацыя найперш разглядаецца як выведная, з аднаго боку, але з другога — яна вельмі карысная для арганізацыі кантрабандных шляхоў. Тое, што гэта спрацоўвала для незаконнага перамяшчэньня тытуню пры дапамозе ўкраінскіх памежнікаў, летась фактычна пацьвердзілі спэцслужбы Ўкраіны, калі раскрылі групу памежнікаў, якая займалася кантрабандай беларускага тытуню.
Найбольш маштабную «кантрабандную» арганізацыю дзеля перакіданьня тытуню па-за межамі пунктаў пропуску Служба бясьпекі Ўкраіны раскрыла ў сьнежні 2020-га. Тады спынілі спробу пераправіць праз Украіну 225 тысяч пачкаў цыгарэт. У арганізацыі былі задзейнічаныя 15 вайскоўцаў Жытомірскага памежнага атраду. Цяпер суд выносіць ім выракі, па якіх можна падлічыць, колькі «інвэстыцый» кантрабандысты ўкладалі ў незаконнае перамяшчэньне тытуню ва Ўкраіну.
Хабар і цэны на кантрабандны тытунь
Паводле адной са схемаў, пасьля мяжы тытунёвая кантрабанда зь Беларусі разгружалася ў некалькіх цэнтрах, адкуль цыгарэты ўжо распаўсюджваліся ў іншых кірунках — частка на рэалізацыю ва Ўкраіне (на рынках ці ў адмысловых крамах), частка перамяшчалася ў Львоўскую, Валынскую, Закарпацкую ці Івана-Франкоўскую вобласьць дзеля перакіданьня ў Польшчу, Румынію ці Вугоршчыну.
Летась праваахоўныя органы Ўкраіны знайшлі як мінімум тры такія «склады» — у Луцку, Сумскай вобласьці і Краматорску Данецкай вобласьці, куды таксама накіроўвалася беларуская кантрабанда дзеля далейшай перапраўкі ў тыя раёны Луганскай і Данецкай абласьцей, якія не кантралююцца ўкраінскай уладай.
Памеры хабару для памежнікаў залежалі ад аб’ёмаў кантрабанды. Улічваючы, што дзейнасьць «памежнікаў-кантрабандыстаў» была сыстэматычная (так адзначалася ў афіцыйным паведамленьні СБУ), можна вызначыць і пэўны ўзровень сталага кошту іхных паслуг. Напрыклад, за бесьперашкоднае перамяшчэньне празь «зялёны калідор» 35 тысяч пачкаў цыгарэт памежныя інспэктары атрымлівалі 200 даляраў, за 55 тысяч — 350 даляраў.
На наступным этапе (для рэалізацыі на рынках і ў крамах) адну скрыню цыгарэт (а гэта 500 пачкаў) можна было ўжо набыць за 150 даляраў. То бок цана аднаго пачка цыгарэт перад яго рэалізацыяй спажыўцу складала ўсяго 30 цэнтаў, або менш як адзін беларускі рубель (75 капеек).
У Беларусі раздробная цана цыгарэт, якія найчасьцей выкарыстоўваюць для кантрабанды ва Ўкраіну, складае ад 1,5 да 2 рублёў. Гуртовыя цэны, як паведамляецца на афіцыйным сайце Горадзенскай тытунёвай фабрыкі, залежаць ад умоў адпраўленьня і вагаюцца ад 36 да 81 рубля без ПДВ за тысячу цыгарэт, што таксама даражэй, чым на перадапошнім этапе рэалізацыі кантрабанды ва Ўкраіне.
Аднак за ўвесь час праваахоўныя органы Ўкраіны не змаглі назваць арганізатараў кантрабанды. Да адказнасьці прыцягваліся толькі выканаўцы перамяшчэньня празь мяжу і рэалізатары тытуню з кантрабандных складоў.
Прысутнасьць беларускіх цыгарэт ва Ўкраіне павялічваецца
Паводле дасьледаваньня маркетынгавай кампаніі Kantar (Кіеў), якая ажыцьцяўляе маніторынг нелегальнага гандлю тытунёвымі вырабамі ва Ўкраіне, у 2020 годзе доля беларускага кантрабанднага тытуню на ўкраінскім рынку складала 14%, а ў першай палове 2021-га яна павялічылася да 42%. І гэта прадукцыя Горадзенскай тытунёвай фабрыкі пад маркамі Фэст, NZ і Credo.
У той жа час, згодна з дасьледаваньнем, ва Ўкраіне істотна павялічылася частка кантрафактнай тытунёвай прадукцыі, якая вырабляецца на падпольных фабрыках, і яшчэ больш — цыгарэт, якія не маркуюцца акцызнымі маркамі і прадугледжаныя для крамаў бязмытнага гандлю, так званага Duty Free Only.
Паводле дасьледчыкаў рынку, страты дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны ад нявыплачаных падаткаў у 2021 годзе могуць скласьці 11,8 мільярда грыўняў (прыкладна 440 мільёнаў даляраў у эквіваленце). Гэта амаль у тры разы больш, чым летась. Павялічылася і доля, якую займае нелегальны тытунь на рынку Ўкраіны — 12,8% сёлета супраць 6,9% летась.
Які тытунь зьявіўся ў афіцыйным гандлі
Адметна, што сёлета Беларусь пачала афіцыйна пастаўляць ва Ўкраіну некаторыя віды тытунёвай прадукцыі. У Беларусі гэтыя зьвесткі не публікуюцца.
Паводле Дзяржаўнай службы статыстыкі Ўкраіны, у студзені-чэрвені 2021 году Беларусь прадала Ўкраіне
- іншага тытуню прамысловай вытворчасьці, яго заменьнікаў, а таксама адноўленага тытуню, тытунёвых экстрактаў і эсэнцыяў — 49 178,6 кг на 209,1 тысячы даляраў(таварны код у гандлі 2403000000),
- 39 978,6 кг на 195,8 тысячы даляраў тытуню паводле коду 2403190000,
- 9200 кг (на 13,4 тысячы даляраў) паводле коду 2403990000.
Аналягічную прадукцыю, але ў крыху большых аб’ёмах, пастаўляе і Ўкраіна ў Беларусь. Апроч таго, Беларусь купіла ва Ўкраіне 36 714,8 кіляграма цыгарэт за 560 тысяч даляраў.
Аб’ёмы афіцыйнага тытунёвага гандлю істотна меншыя за кантрабанду.
Пагроза эканамічнай і сацыяльнай бясьпецы
У выніку незаконных патокаў тытуню зь Беларусі, Малдовы і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, а таксама алькаголю і нафтапрадуктаў дзяржаўны бюджэт Украіны ўсё больш недаатрымліваў падаткаў, а з другога боку, на ўнутраным рынку стымулявалася нядобрасумленная канкурэнцыя, і найгорш, што ён напаўняўся няякаснай прадукцыяй.
А «кантрабандныя» справы часьцей развальваліся ў судах, бо тэрміны дасудовага расьсьледаваньня паводле адміністрацыйнага заканадаўства былі невялікія, і сабраць доказы вінаватасьці было даволі цяжка.
У выніку ўрад вызначыў гэтыя тэндэнцыі як пагрозу эканамічнай і сацыяльнай бясьпецы краіны і прапанаваў вярнуць у заканадаўства норму, скасаваную ў 2012 годзе, аб крымінальнай адказнасьці за незаконнае перамяшчэньне падакцызных тавараў праз мытную тэрыторыю Ўкраіны.
У ліпені адпаведны закон ухваліла Вярхоўная Рада. Згодна з новымі нормамі дзеяньні, скіраваныя на перамяшчэньне падакцызных тавараў у значным аб’ёме па-за мытным кантролем або са спробамі схавацца ад яго, будуць карацца штрафам ад 340 да 680 тысяч грыўняў (на сёньня ад 12 да 24 тысяч даляраў) або пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 6 гадоў.
У выпадку, калі будзе даведзена, што кантрабанду ажыцьцяўляла асоба, якая ўжо прыцягвалася за аналягічнае правапарушэньне, або службовая асоба ці ў складзе арганізаванай групы, адказнасьць будзе больш жорсткая — штраф у памеры ад 1,275 да 2,04 мільёна грыўняў (ад 46 да 74 тысяч даляраў у эквіваленце) або да 11 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Пры гэтым «значныя аб’ёмы» кантрабанды будуць пачынацца ад 850 грыўняў (30 даляраў у эквіваленце) вартасьці тавараў, а «вялікія» — ад 6,8 тысячы грыўняў (на сёньня 247 даляраў у эквіваленце).
Адначасова ўвялі і больш жорсткія санкцыі за непраўдзівае дэкляраваньне тавару пры грузаперавозках.