Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Статкевіч хварэе на пнэўманію, Анатолю Латушку раяць не пісаць лістоў па-беларуску, Бабарыку далі цяжкую працу


Магілёўская турма. Ілюстрацыйнае фота
Магілёўская турма. Ілюстрацыйнае фота

На 24 лістапада ў Беларусі 1447 чалавек знаходзяцца за кратамі праз палітычныя абвінавачаньні, як паведамляе «Вясна». Іх колькасьць пастаянна расьце. Іншыя праваабарончыя ініцыятывы даюць большую лічбу палітзьняволеных.

24 лістапада стала вядома, што Мікалай Статкевіч захварэў на пнэўманію (раней, знаходзячыся за кратамі, ён тройчы перанёс ковід. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч пасьля таго, як атрымала ад яго ліст. Таксама, паводле Адамовіч, да Мікалая не пусьцілі адваката.

Да гэтага моманту ў родных не было ніякіх новых зьвестак пра стан Статкевіча.

Сёньня Марына Адамовіч паведаміла, што атрымала ліст ад мужа, аднак напісаны ён быў яшчэ 21 лістапада.

«Ты пісала, што 5÷7 лістапада цябе вельмі „насіла“. Мабыць, небеспадстаўна, бо 7.11 уся мая пацучыная гаспадарка сышла ў поўным складзе і не вяртаецца. А 8.11 вечарам мяне пачало трэсьці — чарговы, трэці ў гэтых месцах неназываемы вірус. Было істотна складаней ад папярэдніх. Далі 10 дзён „пасьцельнага рэжыму“ — г. зн., днём нары не прышпільваюцца да сьцяны, матрас не забіраюць», — пісаў 21 лістапада Статкевіч. — Недзе з 11.11 па 15.11 быў «пік». Увесь час высокая тэмпэратура, ламата ў целе і амаль увесь час зь невялікімі перапынкамі моцная арытмія. Узьнікалі праблемы з атрыманьнем прапафенону [у Мікалая гарантаваны запас, але ж ён не ў камэры — хачу выдам, хачу не, М.А.]. Зараз арытміі няма дзён пяць. Істотна палепшылася самаадчуваньне. Тэмпэратура стабілізавалася недзе на ўзроўні 38°. Але ж пройдзе. [...]
Дарэчы, у любым стане ціск быў 120/70. Сам матор у мяне добры, толькі нехта бруднымі пальцамі ў яго электроніку залез, як сказаў бы аўтамабіліст«.

Мікалая Статкевіча затрымалі 30 траўня 2020 году, калі ён разам з жонкай ехаў у цэнтар Менску, дзе адбываўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на выбарах 9 жніўня 2020 году. 14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля асудзіў Статкевіча на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму.

Анатолю Латушку «настойліва раяць» не пісаць лісты на беларускай мове

Праваабаронцы паведамляюць, што Анатоля Латушку просяць не пісаць лісты на беларускай мове, паколькі цэнзар у віцебскім СІЗА «не вывучала мову і зусім яе не разумее».

Аднак, як піша «Вясна» , Анатоль працягвае гэта рабіць.

20 верасьня Анатоля Латушку, стрыечнага брата Паўла Латушкі, асудзілі на 6 гадоў калёніі і штраф у 300 базавых.

Раней праваабаронцы паведамлялі, што пасьля затрыманьня Анатоля білі.

Умовы працы Бабарыкі рэзка пагоршыліся

Віктар Бабарыка цяпер выпальвае драўняны вугаль. Поўны працоўны дзень (9 гадзін), шэсьць дзён на тыдзень ён знаходзіцца на вуліцы. Бяз доступу да бытавога памяшканьня, дзе была б магчымасьць сагрэцца падчас зьмены.

Родных палітыка непакоіць, што, нягледзячы на агучаныя мэдыцынскія супрацьпаказаньні, праца зьвязана з падняцьцем цяжараў, а таксама высокім узроўнем задымленасьці.

Раней Віктар Бабарыка працаваў укладчыкам хлебабулачных вырабаў і ўвесь час павінен быў знаходзіцца ў пякарні, у памяшканьні практычна без вэнтыляцыі, з тэмпэратурай плюс 30. Першая «пасада» ў калёніі ў яго была апальшчыкам у пякарні.

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка асуджаны на 14 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адбывае пакараньне ў Наваполацку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG