Мікалай Статкевіч — у мэдсанчастцы калёніі
У палітвязьня дыягнаставалі пнэўманію. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч, дадаўшы, што за кратамі муж ужо тройчы перанёс ковід.
«Пра тое, што „падчапіў нейкі вірус“, Мікалай пісаў мне ў апошнім атрыманым лісьце. Ліст быў напісаны 10 лістапада. Захварэў ён, адпаведна, раней. І яшчэ ў тым лісьце ён пісаў, што заўтра [11.11] ізноў „на камісію“, а значыць — ізноў ШЫЗА. У санчастцы Мікалай нядаўна, усяго пару дзён. Вось я і думаю, дзе ён правёў папярэднія, мінімум 10? Верагодна, у ШЫЗА. На жаль, я гэтага дакладна ня ведаю. Я вельмі хачу памыляцца. Але новых лістоў няма, затое інфармацыя пра „камісію“ — ёсьць».
Мікалая Статкевіча затрымалі 30 траўня 2020 году, калі ён разам з жонкай ехаў у цэнтар Менску, дзе адбываўся збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў на выбарах 9 жніўня 2020 году. 14 сьнежня 2021 году судзьдзя Мікалай Доля асудзіў Статкевіча на 14 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму.
Напісаць Статкевічу можна на адрас: ПК № 13, 211791, Глыбокае, вуліца Савецкая, 205, Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.