«Фонд Спрыяньня» ў Таджыкістане ў сувязі з гэтым аб’явіў аб спыненьні прыёму заявак і запытаў на гранты. Абавязаньні выплатаў у рамках дзейных праектаў арганізацыя абяцае выканаць своечасова.
За больш чым 25 гадоў Інстытут «Адкрытае грамадзтва» стаў адным з асноўных грантадаўцаў для грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ ў Таджыкістане. Толькі летась арганізацыя вылучыла ў краіне гранты на больш як тры мільёны долараў.
Фонд Сораса абвясьціў аб рашэньні закрыць мясцовае аддзяленьне ў Таджыкістане на фоне крытыкі міжнароднымі арганізацыямі ўраду краіны за абмежаваньне свабоды слова. Улады, у сваю чаргу, сьцьвярджаюць, што ў краіне створаныя ўсе неабходныя ўмовы для функцыянаваньня мэдыясфэры.
У 2017 годзе мільярдэр і філянтроп Джордж Сорас перадаў $18 млрд — большую частку свайго капіталу — сваёй дабрачыннай арганізацыі «Адкрытае грамадзтва», ператварыўшы гэты фонд у адзін з найбуйнейшых у сьвеце.
«Адкрытае грамадзтва» фінансуе намаганьні ў галіне разьвіцьця грамадзкай аховы здароўя, падтрымлівае праваабарончыя арганізацыі, дапамагае ў эканамічных рэформах. Фонд працуе ў некалькіх дзясятках краін.
У Беларусі фонд Сораса дзейнічаў з 1993 па 1997 год. У 1997 годзе на патрабаваньне ўладаў Фонд спыніў дзейнасьць у краіне.