Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
СК заявіў пра 30 крымінальных спраў за дывэрсіі на чыгунцы падчас расейскага нападу на Ўкраіну зь Беларусі

СК заявіў пра 30 крымінальных спраў за дывэрсіі на чыгунцы падчас расейскага нападу на Ўкраіну зь Беларусі


Спаленая рэлейная шафа пад Асіповічамі, адна з дывэрсій беларускіх рэйкавых партызанаў у 2022-м
Спаленая рэлейная шафа пад Асіповічамі, адна з дывэрсій беларускіх рэйкавых партызанаў у 2022-м

Улады працягваюць перасьледаваць беларусаў, якія сталі на шляху расейскай вайсковай тэхнікі, каб не дапусьціць яе ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

Як сказаў намесьнік старшыні СК Анатоль Васільеў у інтэрвію газэце «СБ. Беларусь сегодня»​, Сьледчы камітэт расьсьледаваў звыш 30 крымінальных спраў паводле артыкулу «Акт тэрарызму», частка зь іх зараз знаходзіцца ў вытворчасьці ў сьледчых, у частцы прынята рашэньне і яны накіраваныя ў пракуратуру для наступнага разгляду ў судзе.

«У шэрагу крымінальных спраў ужо набыў законную моц абвінаваўчы прысуд. У прыватнасьці, размова ідзе аб тэрактах на чыгуначных і аўтамабільных шляхах».

Паводле яго, справы заведзеныя паводле артыкулаў «Акт тэрарызму» і «Здрада дзяржаве».

Адна са справаў тычыцца 40-гадовага жыхара Менскага раёну, які спаліў рэлейную шафу, чым выклікаў затрымку 22 грузавых і 17 пасажырскіх цягнікоў. Пры сабе мужчына нібыта меў пісталет, гэтым у СК апраўдваюць тое, што ў затрыманага стралялі.

Васільеў назваў «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы «рассаднікам злачыннай дзейнасьці», а тым, хто ахвяраваў грошы фондам дапамогі і іншым падобным арганізацыям, прадстаўнік СК парэкамэндаваў зьявіцца з раскаяньнем.

Наконт ахвяраваньняў з замежных банкаўскіх картак сілавік заявіў, што ў Беларусі ёсьць «замежныя партнэры», якім Сьледчы камітэт «накіроўвае просьбы аб аказаньні міжнароднай прававой дапамогі».

Тысячы беларусаў падпалі пад рэпрэсіі і гвалт у сувязі з пратэстам супраць вайны ва Ўкраіне. Беларускія «рэйкавыя партызаны» ўчынілі дзясяткі дывэрсій на чыгунцы, а кібэрпартызаны на два тыдні парушылі працу абсталяваньня, якое забясьпечвае аўтаматычную працу беларускай чыгункі, каб не дапусьціць перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі. І гэта ва ўмовах дзяржаўнага тэрору супраць любога іншадумства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG