У Кіеве сёньня прайшла сустрэча «Люблінскага трыкутніка» з удзелам прэмʼер-міністра Ўкраіны Дзяніса Шмыгаля, прэмʼера Літвы Інгрыды Шыманітэ і прэмʼер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага. У рамках сустрэчы яны падпісалі Дэклярацыю прэмʼер-міністраў Люблінскага трыкутніка аб сумесным супрацоўніцтве.
Як паведаміў Дзяніс Шмыгаль, у сумеснай заяве па выніках перамоваў Польшча і Літва:
- пацьвердзілі гатоўнасьць актывізаваць дыскусію адносна перамоваў аб уступленьні Ўкраіны ў NATO з улікам маючага адбыцца саміту ў Вільні.
- адзначылі важнасьць далейшага ўзмацненьня вайсковай, фінансавай і гуманітарнай дапамогі Ўкраіне, а таксама пацьвердзілі далейшы ўдзел у аднаўленьні Ўкраіны,
- падтрымалі пачатак перамоваў аб уступленьні Украіны ў ЭЗ адразу пасьля прыняцьця Эўракамісіяй станоўчай ацэнкі выкананьня рэкамэндацый па заяўцы на сяброўства.
Прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі сёньня таксама ўшанаваў памяць ахвяраў Галадамору ў Кіеве.
Паводле дадзеных украінскай навукова-дэмаграфічнай экспэртызы, агульная колькасьць чалавечых стратаў ад Галадамору 1932-33 гадоў складае амаль 4 мільёны чалавек. Украіна прызнала Галадамор 1932-1933 гг генацыдам украінскага народу.
Таксама сёньня ў Кіеў прыбыў кіраўнік ураду Бэльгіі Аляксандар Дэ Кро.
«Прыбыў у Кіеў. Пасьля цяжкіх бамбардаваньняў апошніх некалькіх дзён мы падтрымліваем народ Украіны. Больш, чым калі-небудзь раней. Напярэдадні халодных зімовых месяцаў Бэльгія адпраўляе новую гуманітарную і вайсковую дапамогу», — напісаў ён у фэйсбуку.
Аляксандар Дэ Кро праводзіць перамовы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.