Міністэрства ўнутраных спраў Літвы аб’явіла аб скасаваньні двухбаковага пагадненьня аб супрацоўніцтве зь беларускім міліцэйскім ведамствам.
Кіраўніца літоўскага МУС Агне Білатайце заявіла, што практычнай рэалізацыі гэтага пагадненьня, падпісанага ў 1993 годзе, «не было з часу несумленных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе».
Афіцыйная Вільня, зазначыла міністарка, ня бачыць магчымасьцяў для супрацоўніцтва з «варожымі рэжымамі».
«Беларусь, будучы найбліжэйшым саюзьнікам крамлёўскага рэжыму, працягваючы гібрыдную атаку супраць Літвы, рукамі сваіх службовых асоб прапіхваючы нелегальных мігрантаў у нашу краіну, ня можа і ня будзе партнэрам Літвы ні ва ўнутраных справах, ні ў іншых сфэрах», — падкрэсьліла Білатайце.
З пачатку аднаўленьня незалежнасьці Літва падпісала шэраг двухбаковых пагадненьняў зь Беларусьсю аб супрацоўніцтве ў адпаведных сфэрах упраўленьня МУС, скасаваньне якіх патрабуе рашэньня ўраду, а таксама некалькі міжведамасных пагадненьняў.
Раней Літва прыпыніла выкананьне праграм памежнага супрацоўніцтва зь Беларусьсю і Расеяй, якія фінансуюцца Эўрапейскай камісіяй.