У інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» Гітанас Наўседа сказаў, што Літва ня можа пачувацца ў бясьпецы, маючы побач такую краіну, як Беларусь. Ён адзначыў, што «ніякая агароджа на мяжы не дапаможа, калі паляцяць ракеты». Разам з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудам літоўскі палітык зьвярнуўся да NATO.
«Зразумела, што Беларусь удзельнічае ў вайне. Беларусь знаходзіцца ў поўным распараджэньні Расеі для перамяшчэньня войскаў у любыя рэгіёны — на захад ці на поўдзень. І цяпер на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца расейскія вайскоўцы, якія гатовыя ехаць у раёны ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне. Але іх таксама могуць адправіць на заходнюю мяжу. Трэба думаць пра гэта. І таму мы зьвярнуліся да генэральнага сакратара NATO і камітэтаў Альянсу з просьбай зьвярнуць больш увагі на беларускі фактар у гэтай вайне», — сказаў Наўседа ў інтэрвію.
Таксама прэзыдэнт Літвы выказаўся пра імаверны напад расейцаў на Сувальскі калідор. Ён не выключае атакі на гэты рэгіён.
«З геапалітычнага пункту гледжаньня, вядома, гэта слабое зьвяно. Там ёсьць Беларусь — як спадарожнік Расеі. А з другога боку, там ёсьць Калінінградзкая вобласьць, і мы вельмі добра ведаем, што гэты рэгіён шчыльна ўкамплектаваны тэхнікай, вайскоўцамі. Магчыма, некаторыя зь іх былі адпраўлены на вайну ва Ўкраіну, але тым ня менш. Ядзерная зброя, тактычная ядзерная зброя ўсё яшчэ там. Калі ўлічваць агрэсіўнасьць і непрадказальнасьць Расеі, сытуацыя выглядае вельмі небясьпечнай. Плюс Беларусь».
Разам з гэтым Наўседа адзначыў, што Літва шчыльна супрацоўнічае зь Нямеччынай, зь якой ягоная краіна спрабуе максымальна выкарыстоўваць патэнцыял Пашыранай перадавой прысутнасьці.
Прэзыдэнт Літвы падкрэсьліў, што ягоная дзяржава мае адмысловую трэнавальную базу ў Руднінкаі, з навучальным палігонам — і гэта толькі пачатак стварэньня інфраструктуры ў гэтым месцы. Яно знаходзіцца параўнальна недалёка ад Сувальскага калідора, што павінна дапамагчы літоўцам прыцягваць і разьмяшчаць больш замежных вайскоўцаў, салдат Альянсу для ўдзелу ў сумесных вучэньнях.
У канцы лютага частка расейскіх войскаў, якія ўдзельнічалі ў паўнамаштабным уварваньні на тэрыторыю Ўкраіны, атакавала ўкраінскія гарады з тэрыторыі Беларусі. Таксама яе тэрыторыя выкарыстоўваецца расейскім вайсковым камандаваньнем як пляцдарм для нанясеньня ракетных і авіяўдараў па Ўкраіне. Пры гэтым беларускае войска ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях ва Ўкраіне.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.