Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Галоўчанка ў Іране гаварыў пра супольную барацьбу з «выклікамі калектыўнага Захаду»

абноўлена

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з прэмʼер-міністрам Раманам Галоўчанкам наведвае Тэгеран і Дамаск з 22 па 24 лістапада, паведамляе БелТА.

Раман Галоўчанка праводзіць перамовы з прэзыдэнтам Ірану Эбрагімам Раісі, а таксама зь першым віцэ-прэзыдэнтам краіны Мухамадам Мухбэрам. Ён падзякаваў Мухбэру за запрашэньне і прамову пра «нелегітымныя санкцыі і ціск на мяжы эканамічнага тэрарызму».

Паводле яго, Беларусь і Іран могуць дасягнуць большага ў гандлёва-эканамічным і інвэстыцыйным узаемадзеяньні, піша БелТА. Усе прапановы будуць уносіцца ў праект дарожнай карты шырокага супрацоўніцтва дзьвюх дзяржаваў на 2023–2026 гг.

Галоўчанка: Беларусі і Ірану важна разам справіцца з выклікамі калектыўнага Захаду

Беларусі і Ірану менавіта зараз асабліва важна сумеснымі намаганьнямі справіцца з тымі выклікамі, якія ставіць перад краінамі «калектыўны Захад», заявіў прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка падчас візыту ў Тэгеран 22 лістапада.

«Нашы дзяржавы цярпяць ад нелегітымных санкцыяў, якія знаходзяцца на мяжы эканамічнага тэрарызму», — заявіў ён на сустрэчы зь першым віцэ-прэзідэнтам ісламскай дзяржавы Мухамадам Мухбэрам (фрагмэнт выступу распаўсюдзіла прэс-служба ўраду).

Галоўчанка падкрэсьліў, што візыт беларускай дэлегацыі, які ён назваў «важнай старонкай у гісторыі беларуска-іранскіх адносін», — сьведчаньне актыўнага супрацоўніцтва паміж краінамі ў апошнія дзесяцігодзьдзі.

«Узаемадзеяньне нашых краін характарызуецца высокім узроўнем узаемаразуменьня і высокай дынамікай разьвіцьця практычна ва ўсіх сфэрах. Адбываецца гэта не праз санкцыі, а насуперак ім», — сказаў прэмʼер-міністар.

На яго думку, сёлета беларуска-іранскія адносіны «без перабольшаньня квітнеюць», і нават у «самыя складаныя часы» Менск і Тэгеран «ні на хвіліну не перарывалі актыўнага палітычнага, гуманітарнага, эканамічнага дыялёгу».

Пасьля візыту ў Іран беларуская ўрадавая дэлегацыя накіруецца ў Сырыю.

У Галоўчанкі заплянавана сустрэцца з прэзыдэнтам Сырыі Башарам Асадам і прэмʼер-міністрам Хусэйнам Арнусам.

Галоўчанка таксама возьме ўдзел у беларуска-іранскім бізнэс-форуме, наведае шэраг прадпрыемстваў Ірану, а таксама правядзе перамовы, у выніку якіх плянуецца падпісаць дамовы аб супрацоўніцтве.

У студзені–верасьні 2022 году таваразварот паміж Беларусьсю і Іранам вырас да $63,6 млн (рост у 2,9 раза да аналягічнага пэрыяду 2021 году), экспарт — да $48,6 млн (у 4,4 раза), імпарт — да $15 млн (рост на 41,8%). Сальда станоўчае — $33,6 млн.

24 лістапада прэмʼер-міністар Беларусі наведае Сочы, дзе ў яго заплянаваная сустрэча з губэрнатарам Краснадарскага краю Веньямінам Кандрацьевым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG