Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Галоўчанка прапануе вазіць рабочых і моладзь на месца расстрэлаў пад Гомлем. Але не да канца зразумела, хто там пахаваны


Раман Галоўчанка на месцы раскопак
Раман Галоўчанка на месцы раскопак

У суправаджэньні пракурора Гомельскай вобласьці Віктара Марозава прэм’ер-міністар Раман наведаў месца раскопак у Чонкаўскім лесе пад Гомелем.

Раскопкі ў гэтым месцы аднавіліся ў красавіку 2022 года. Паводле пракуратуры, выяўлены «новыя бясспрэчныя факты аб генацыдзе мірнага насельніцтва на тэрыторыі БССР». Пракуратура сьцьвярджае, што ў Чонкаўскім лесе «фашысцкія карнікі ўчынялі масавыя расправы над мірнымі жыхарамі»

Раман Галоўчанка прапанаваў разгледзець пытаньне аб кансэрвацыі адной з расстрэльных ям з астанкамі як месца жывой памяці пра фашысцкую акупацыю.

«Наведваньне такога абʼекта прадстаўнікамі працоўных, навучальных і іншых калектываў будзе наглядна паказваць, як плянамерна захопнікі зьнішчалі мірных людзей». — цытуе словы Галоўчанкі сайт генпракуратуры.

Аднак летам гэтага году Гомельскае ўпраўленьня камунальнага будаўніцтва апублікавала справаздачу аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольле будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Гомля. Арганізацыя «Экадом» заўважыла, што ў гэтай справаздачы пазначаныя ня толькі месцы масавых пахаваньняў вайскоўцаў, якія абаранялі Гомель у 1941 годзе, але і дзьве брацкія магілы ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1937 году. Празь некалькі дзён улады тлумачыліся, што згадка пра пахаваньні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій была памылковай.

Але як паведамляла «Наша ніва», да справаздачы быў прыкладзены таксама ліст ад БелНДІ горадабудаўніцтва (ён датаваны 20 студзеня 2022 году), дзе гаворыцца, што на тэрыторыі на поўдзень ад Навабеліцы «магчыма, маюцца шматлікія няўлічаныя пахаваньні першай паловы ХХ стагодзьдзя — ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў і зьнішчаных 19-22 жніўня 1941 года вайсковых частак Чырвонай арміі, якія абаранялі Гомель ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Раскопкі ў гэтым месцы праходзілі яшчэ ў 1995 годзе, з прыцягненьнем гісторыкаў і археолягаў. Высновы тады былі іншыя і ўлады пацьвярджалі, што там пахаваныя людзі, расстраляныя НКВД у кастрычніку-лістападзе 1937 году.

У работах удзельнічалі археолягі з абласнога краязнаўчага музэю і ГДУ ім. Ф. Скарыны. У 1997 годзе ў навуковым зборніку, прысьвечаным рэпрэсіям, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музэю Аляксандар Штыменка падрабязна патлумачыў знаходкі падчас раскопак і падвёў рысу: «Расстрэлы ажыцьцёўлены ў сьціслыя тэрміны кастрычніка-лістапада 1937 года». У магіле былі знойдзены гільзы. Сярод знаходак — абутак, дамінавалі рэшткі ялавых ботаў. Абутак фабрычнай вытворчасьці, з таўром 1937 году. У магіле былі і савецкія манэты, выпушчаныя ў 1930-1936 гадах.

Раман Галоўчанка на месцы раскопак
Раман Галоўчанка на месцы раскопак

Археолягі знайшлі футарал ад расчоскі, на ім былі надпісы, надрапаныя вострым прадметам. «У выніку расшыфроўкі высьветлілася, што ўладальнік дадзенага футарала быў арыштаваны ў аўторак 19 жніўня 1937 году і знаходзіўся пад сьледзтвам да чацьвярга 7 кастрычніка 1937 году. Мяркуючы па надпісе, 29 жніўня чалавеку былі выстаўленыя абвінавачаньні ў здрадзе Радзіме, падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня, правядзеньні тэрарыстычных актаў, прапагандзе і агітацыі супраць савецкай улады.

У красавіку афіцыйная газэта «Гомельская праўда» абвяргала, што на згаданым месцы пахаваныя ахвяры НКВД. Нягледзячы на інфармацыю ў адкрытых крыніцах пра раскопкі ў 1995 годзе, выданьне сьцьвярджала, што дакладна невядома, хто іх арганізаваў.

Непадалёк ад месца раскопак да гэтага часу стаіць каталіцкі крыж, на шыльдзе якога напісана пра ахвяр бальшавіцкіх рэпрэсій. Каля яго з дазволу мясцовых уладаў моляцца каталікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG