Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За апошнія два месяцы на вызваленых тэрыторыях Украіны знайшлі 700 целаў. 90% забітых — мірныя жыхары


Ізюм. Верасень 2022. Эксгумацыя парэшткаў людзей, якія загінулі і памерлі за час расейскай акупацыі.
Ізюм. Верасень 2022. Эксгумацыя парэшткаў людзей, якія загінулі і памерлі за час расейскай акупацыі.

На тэрыторыях Харкаўскай, Данецкай і Херсонскай абласьцей, вызваленых украінскімі вайскоўцамі, за апошнія два месяцы выявілі целы больш за 700 чалавек. Пра гэта заявіў генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін.

Паводле яго, больш за 90 працэнтаў забітых — мірныя жыхары Ўкраіны. Генпракурор таксама адзначыў, што было выяўлена больш за 20 так званых катавальных — месцаў, дзе, паводле зьвестак сьледзтва, утрымлівалі і катавалі затрыманых грамадзянаў Украіны.

Больш за ўсё целаў было знойдзена ў Харкаўскай вобласьці. Там, аднак, наступленьне ўкраінскіх войскаў завяршылася посьпехам раней, чым у Херсонскай, дзе, па словах генпракурора, праца па выяўленьні ахвяраў толькі пачынаецца.

Косьцін не ўдакладніў прычыны сьмерці людзей, целы якіх былі знойдзеныя на тэрыторыях, раней акупаваных расейскімі вайскоўцамі.

Ва Ўкраіне, паводле апошніх зьвестак, расьсьледуецца ўжо больш за 45 тысяч крымінальных спраў аб меркаваных злачынствах, учыненых расейскімі ваеннымі. Да суда пакуль дайшла толькі невялікая колькасьць, асуджаныя 12 узятых раней у палон вайскоўцаў.

  • Па дадзеных генпракуратуры Ўкраіны, з пачатку расейскага ўварваньня ў канцы лютага загінулі больш за 8300 мірных жыхары Ўкраіны, у тым ліку 437 дзяцей. Гэта няпоўныя дадзеныя, паколькі ўлічаныя ня ўсе ахвяры на тэрыторыях, якія зараз падкантрольныя Расеі. Большая частка загінулых, паводле папярэдніх зьвестак, ахвяры абстрэлаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG