Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Экватарыяльнай Гвінэі на выбары зноў пайшоў дыктатар, які знаходзіцца ва ўладзе 43 гады


Тэадора Аб’янг Нгема Мбасага
Тэадора Аб’янг Нгема Мбасага

Кіраўнік з самым доўгім тэрмінам на чале краіны дамагаецца пераабраньня, каб працягнуць сваё 43-гадовае кіраваньне ў малой афрыканскай дзяржаве.

80-гадовы Тэадора Аб’янг Нгема Мбасага ўжо больш за чатыры дзесяцігодзьдзі ўзначальвае рэжым, які вінавацяць у парушэньнях правоў чалавека, уключаючы катаваньні і зьнікненьні людзей, піша ВВС. Некаторыя апазыцыйныя кандыдаты балятуюцца на выбарах, але перамогі ад іх не чакаюць.

Мбасага моцна кантралюе багатую нафтай краіну, члены ягонай сям’і займаюць ключавыя пасады ва ўрадзе. Ягоны сын, які займае пасаду віцэ-прэзыдэнта краіны, Тэадора «Тэадарын» Нгема Аб’янг Мангуе, вёў раскошны лад жыцьця ў ЗША і Эўропе і нават валодае дарагой крыштальнай пальчаткай, якая некалі належала Майклу Джэксану, паводле ўладаў Вялікай Брытаніі.

Прафэсар Ана Лусія Са заявіла BBC, што «выбары зьяўляюцца проста касмэтычнымі».

«Нічога ня зьменіцца», — сказала прафэсар Са, якая спэцыялізуецца на палітыцы і аўтарытарных афрыканскіх рэжымах у Лісабонскім інстытуце, дадаўшы, што «ўпэўненая, што Аб’янг „атрымае“ больш чым 95%» галасоў.

Гэта меркаваньне таксама падтрымлівае актывіст Туту Алікантэ, які сказаў інфармацыйнаму агенцтву Reuters: «У нядзелю людзі будуць галасаваць так, як таго чакае ўрад, таму што ў Экватарыяльнай Гвінэі вы ня можаце свабодна выказваць сваё меркаваньне. Апазыцыя ня мае шанцаў. Аб’янг будзе рабіць усё, каб не пакінуць уладу».

Палітычная апазыцыя моцна абмежаваная з-за адсутнасьці свабоднай прэсы, паколькі ўсе электронныя СМІ альбо цалкам належаць ураду, альбо кантралююцца яго саюзьнікамі.

Лічыцца, што дыктатар Аб’янг, які раней адмаўляў парушэньні правоў і фальсыфікацыі выбараў, імкнецца ачысьціць сваю міжнародную рэпутацыю. У верасьні ўрад адмяніў сьмяротнае пакараньне, што высока ацаніла ААН.

Дыктатар перажыў некалькі спробаў перавароту пасьля таго як захапіў уладу ў багатай на нафту заходнеафрыканскай краіне ў 1979 годзе. Да ўлады ён прыйшоў у выніку вайсковага перавароту. Атрымаўшы пасаду ад свайго папярэдніка і дзядзькі Франсіска Масіяса Нгемы, Аб’янг правёў некаторыя рэформы, але захаваў за Нгемам абсалютны кантроль над дзяржавай. Але пазьней Нгему пакаралі сьмерцю. За час ягонага кіраваньня, як лічыцца, загінулі тысячы людзей, з Экватарыяльнай Гвінэі адбылася масавая эміграцыя.

Фальсыфікацыя на выбарах адбываюцца тут рэгулярна. Афіцыйныя асобы заявілі, што Аб’янг набраў больш за 97% галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні 2002 году, тады апазыцыйныя кандыдаты зьняліся з гонкі, спаслаўшыся на фальсыфікацыі і парушэньні. Падобныя вынікі былі таксама на выбарах 2009 і 2016 гадоў.

Былі таксама абвінавачаньні ў карупцыі супраць рэжыму Аб’янга пасьля таго, як ягоны сын Тэадарын быў аштрафаваны ў францускім судзе за выкарыстаньне дзяржаўных грошай для раскошнага ладу жыцьця ў эўрапейскай краіне. З тых часоў францускія актывы Аб’янга пад арыштам. Сын дыктатара таксама трапіў пад санкцыі Вялікай Брытаніі ў рамках антыкарупцыйнай кампаніі ў 2021 годзе.

У 1968 годзе Гішпанская Гвінэя атрымала незалежнасьць і стала Рэспублікай Экватарыяльная Гвінэя з Франсіска Масіясам Нгемам у якасьці прэзыдэнта.

Праваабарончыя групы прызналі двух прэзыдэнтаў краіны — Франсіска Нгему і Тэадора Аб’янга — аднымі з найгоршых парушальнікаў правоў чалавека ў Афрыцы. У 2018 годзе Аб’янг трапіў у топ-10 «найгоршых дыктатараў сьвету», сярод якіх тады знайшлося месца і Лукашэнку.

Дзяржава мае велізарныя запасы нафты, якія выявілі ў 1996 годзе, але большая частка 1,4-мільённага насельніцтва не атрымала ад гэтага карысьці, а галеча па-ранейшаму нястрымная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG