Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнта Малдовы Дадону вызвалілі з-пад хатняга арышту. Ён абяцае «працягваць барацьбу»


Ігар Дадон
Ігар Дадон

Вызваленьне прарасейскага палітыка адбылося 18 лістапада пасьля рашэньня Вярхоўнага суда краіны, якім судзьдзі адхілілі хадайніцтва антыкарупцыйнай пракуратуры аб падаўжэньні тэрміну хатняга ўтрыманьня.

Былога прэзыдэнта Малдовы Ігара Дадона вызвалілі з-пад хатняга арышту па шматлікіх крымінальных абвінавачаньнях, але ўзялі зь яго падпіску аб нявыезьдзе з краіны на працягу 60 дзён.

Дадон, які ўзначальвае Сацыялістычную партыю і знаходзіўся пад хатнім арыштам з 26 траўня, адразу пасьля вызваленьня паабяцаў прыхільнікам каля будынка суду, што працягне пратэставаць супраць празаходняга кіраўніцтва Малдовы на чале з прэзыдэнтам Маяй Санду і прэм’ер-міністрам Натальляй Гаўрыліцэ.

«Гэта наша першая перамога, але барацьба працягваецца», — заявіў у Кішынэве Дадон, які выступае за больш блізкія сувязі з Расеяй.

Тысячы дэманстрантаў запоўнілі вуліцы Кішынэва ў апошнія тыдні, каб пратэставаць супраць энэргетычнага крызісу і ўсплёску інфляцыі пасьля ўварваньня Расеі ў суседнюю Ўкраіну і санкцый супраць Масквы, што пасьледавалі за гэтым. Сытуацыя яшчэ больш ускладнілася нядаўнімі ўзломамі старонак высокапастаўленых чыноўнікаў у сацыяльных сетках.

Антыкарупцыйны пракурор Пётр Ярмалюк у мінулым месяцы накіраваў у суд так званую справу «Кулёк», у якой Дадона абвінавачваюць у спрыяньні карупцыі і атрыманьні падтрымкі ад «злачыннай групы» для партыі сацыялістаў.

Мяркуецца, што ў 2019 годзе ён атрымаў каля 1 мільёна даляраў ад алігарха Ўладзіміра Плахатнюка і даверанай асобы Сяргея Яралава. Расьсьледаваньні працягваюцца.

У мінулым месяцы Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціла аб увядзеньні санкцый супраць былых малдаўскіх палітыкаў, у тым ліку былога дэпутата і кіраўніка Дэмакратычнай партыі (ДПМ) Плахатнюка, бізнэсоўца-ўцекача і лідэра партыі Ігара Шора і яго жонкі, а таксама некалькіх грамадзян Расеі.

Малдова, былая савецкая рэспубліка з насельніцтвам каля 3 мільёнаў чалавек, моцна залежыць ад расейскага газу і энэргіі. Расейскі «Газпром» выказаў здагадку, што можа прыпыніць пастаўкі газу ў Малдову праз спрэчку аб аплаце. Урад Натальлі Гаўрыліцэ імкнецца зьменшыць залежнасьць Малдовы ад расейскіх энэрганосьбітаў.

Мая Санду прынцыпова трымаецца празаходняга курсу. Найважнейшым саюзьнікам Малдовы зьяўляецца блізкая Румынія, якая дапамагала Малдове падчас пандэміі каранавірусу, а цяпер з энэргіяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG