«Калі пару тыдняў таму праз тэрыторыю Рэспублікі Малдова праляцелі крылатыя ракеты ў бок Украіны, стала цалкам відавочна, што для расейскіх генэралаў Малдова як суб’ект міжнароднага права, не існуе. Расея цудоўна ведае, што ў Малдовы няма сыстэмы СПА. Малдова з сваім нэўтралітэтам абсалютна неабароненая. І практычна расейскія генэралы могуць цалкам сьвядома пракладаць траекторыі сваіх крылатых ракет праз тэрыторыю Малдовы, каб абыходзіць сыстэму СПА Ўкраіны», — сказаў Аазу Нантой у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.
Дэпутат парлямэнту Малдовы назваў сёньняшні выпадак, калі на тэрыторыю Малдовы заляцела зьбітая ўкраінскай СПА расейская ракета, псыхалягічным шокам.
«Мы ведаем, што цэль гэтых барбарскіх атак — энэргетычная інфраструктура Ўкраіны. Застаецца спадзявацца, што гэты інцыдэнт, які, дзякуй Богу, абмежаваўся выбітымі шыбамі, усё ж такі прымусіць тую частку нашых грамадзян, якія яшчэ не зразумелі сутнасьць злачыннай палітыкі пуцінскага рэжыму, зразумець, што ў гэтай сытуацыі нельга заставацца нэўтральнымі. Трэба дакладна заняць пазыцыю і асудзіць палітыку генацыду ўкраінскага народу і палітыку разбурэньня ўкраінскай дзяржавы», — мяркуе Аазу Нантой.
«Вядома, застаецца нэрвовасьць у сувязі з так званым Прыднястроўем, як Расея праводзіць гібрыдную вайну супраць Рэспублікі Малдова, камбінуючы мэтады энэргетычнага шантажу і фінансаваньня „пятай“ калёны, гэта патрабуе ад нас мабілізацыі і большай салідарнасьці з Украінай», — адзначыў дэпутат парлямэнту Малдовы.
МУС Малдовы 31 кастрычніка паведаміла, што раніцай у панядзелак на тэрыторыю паселішча Наслаўча Окніцкага раёну на паўночнай мяжы з Украінай упала расейская ракета, зьбітая ўкраінскай сыстэмай СПА. Ахвяраў няма. У некалькіх дамах вылецелі шыбы.
Мэрыя Наслаўчы, як перадае Малдоўская служба РС, склікала паседжаньне тэрытарыяльнай камісіі ў надзвычайных сытуацыях, каб «ацаніць становішча і высьветліць усе акалічнасьці».
Сакратар Окніцкай раённай рады Аляксей Галушка пацьвердзіў, што пацярпелі некалькі будынкаў у Наслаўчы.