Як паведамляе NewsMaker, адпаведны дакумэнт зацьвердзіла Нацыянальная камісія ў надзвычайных сытуацыях у Малдове. Жыхарам краіны рэкамэндуюць не карыстацца ліфтамі з 7:00 да 11:00 і з 18:00 да 23:00 у сувязі з рызыкай адключэньня электраэнэргіі, а таксама зьнізіць тэмпэратуру паветра ў камэрцыйных і грамадзкіх будынках у працоўныя дні да 19 °С, а ў выходныя — да 15 °С.
Таксама жыхарам Малдовы рэкамэндуюць скараціць асьвятленьне ўнутры будынкаў на 30%, адключыць фантаны, вітрыны, дэкаратыўнае асьвятленьне, рэкляму і выключаць эскалятары з 7:00 да 11:00 і з 18:00 да 23:00.
Яшчэ адной мерай з мэтай эканоміі электраэнэргіі ў краіне стала рашэньне аб забароне майнінгу крыптаактываў і імпарту спэцыялізаванага абсталяваньня для майнінгу крыптавалют.
Раней прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду заклікала ўрад распрацаваць комплекс мер, абавязковых для ўсіх дзяржаўных установаў, якія дазволяць скараціць спажываньне электраэнэргіі.
«Малдова перажывае самы цяжкі энэргетычны крызіс за ўсю сваю гісторыю. І ад нас усіх залежыць, як мы перажывем будучую зіму», — заявіла Санду.
Малдова пачала адчуваць дэфіцыт электраэнэргіі з панядзелка, 24 кастрычніка. Міністар інфраструктуры і рэгіянальнага разьвіцьця Андрэй Спыну заявіў, што кантракты на пастаўку электрычнасьці, заключаныя нацыянальным пастаўніком электраэнэргіі, кампаніяй Energocom, не змогуць забясьпечыць усё спажываньне з 7.00 да 23.00.
Тым часам мэр Кішынэву Ён Чэбан паведаміў, што рух тралейбусаў у сталіцы можа быць прыпынены праз рызыку адключэньня электраэнэргіі.
10 кастрычніка Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны заявіла аб спыненьні экспарту электраэнэргіі ў сувяз з расейскімі ракетнымі абстрэламі. У ведамстве адзначылі, што ўкраінская электраэнэргія дапамагала Эўропе замяшчаць расейскі газ і падтрымлівала стабільнасьць эўрапейскай энэргасыстэмы.