У Менску ў бліжэйшы час будзе створаны новы батальён спэцыяльнага прызначэньня. Пра гэта часопісу «Спецназ» паведаміў 19 лістапада намесьнік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.
«Мы ствараем вялікую частку, батальён спэцыяльнага прызначэньня, які будзе разьмяшчацца ў Менску, але задачы будзе выконваць і па барацьбе з дывэрсійна-выведвальнымі групамі, незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі, калі спатрэбіцца — для вядзеньня вайсковай выведкі, радыёэлектроннай выведкі. Калі спатрэбіцца — і па забесьпячэньні ваеннага становішча, надзвычайнага становішча, прававога парадку пры правядзеньні контртэрарыстычнай апэрацыі», — заявіў ён.
Паводле Карпянкова, «нейкіх глябальных зьменаў» ва ўнутраных войсках і брыгадзе спэцпрызначэньня ня будзе, але «улічваючы вопыт, які ёсьць у органаў унутраных спраў, які ёсьць у Казахстане, які мы назіралі, вопыт вядзеньня спэцапэрацыі ва Ўкраіне, мы разумеем, што трэба павялічваць нашы баявыя магчымасьці за кошт стварэньня дадатковых спэцпадразьдзяленьняў».
Новую частку створаць да канца 2022 году, а камплектаваць яе, паводле Карпянкова, будуць з «кантрактнікаў і лепшых афіцэраў».
Пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка 14 лістапада пра стварэньне некалькі новых спэцыяльных падразьдзяленьняў, якія зьявяцца ва ўнутраных войсках і ў АМАП заявіў міністар унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў.