Яны будуць мабільнымі і гатовымі дзейнічаць у кожнай мясцовасьці, на тэрыторыі ўсёй Беларусі. Пра гэта у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў міністар унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў.
«На сёньня падрыхтоўка спэцыяльных падразьдзяленьняў жыцьцёва неабходная. З гэтай мэтай удасканальваецца існая сыстэма. Спэцыяльныя падразьдзяленьні будуць створаныя ня толькі ва ўнутраных войсках, але і атрадах міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Неабходная тэхніка для гэтых мэтаў ужо закупленая. Створаныя падразьдзяленьні будуць рыхтавацца для супрацьдзеяньня пагрозам і выклікам, якія існуюць, з улікам цяперашніх рэаліяў», — сказаў Кубракоў.
Кубракоў таксама адзначыў, што МУС старанна вывучае вайну ва Ўкраіне, прычым аналізуюцца дзеяньні абодвух бакоў.
«Сёньня важна быць гатовым да ўсяго, вучыцца і пераймаць чужы досьвед, які паказаў эфэктыўнасьць працы і супрацьдзеяньня дывэрсійна-выведным групам. Нашыя падразьдзяленьні да выкананьня гэтых задачаў гатовыя. Прапановы, якія мы ўнесьлі на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, дадуць магчымасьць пасьпяхова выконваць пастаўленыя задачы», — паведаміў ён.
Ён таксама расказаў, што далажыў Лукашэнку аб захадах бясьпекі на мяжы з Украінай.
«Мы ўзмацнілі захады бясьпекі як з боку тэрытарыяльных органаў унутраных справаў, так і ў цэлым на тэрыторыі 14 раёнаў Берасьцейскай і Гомельскай вобласьцяў. Там дадаткова працуюць нашыя спэцпадразьдзяленьні, атрад міліцыі асаблівага прызначэньня. Павелічэньне колькасьці праваахоўных органаў на гэтых тэрыторыях нармальна ўспрымаецца грамадзянамі, яны адчуваюць сябе ў бясьпецы», — заявіў кіраўнік МУС.
Далажыў ён Лукашэнку і аб «процідзеяньні экстрэмізму».
«Нягледзячы на тое, што колькасьць такіх злачынстваў на тэрыторыі Беларусі зьніжаецца, тыя зьбеглыя, якія ўчынялі злачынствы ў 2020 годзе і цяпер знаходзяцца за межамі краіны, спрабуюць разгайдаць сытуацыю, — сказаў Кубракоў. — 80% такіх злачынстваў зьдзяйсьняецца праз інтэрнэт. Да ведама тых, хто думае, што можна заставацца ананімнымі, — сёньня сыстэма МУС ступіла наперад. Нашы падразьдзяленьні інтэрнет-выведкі выяўляюць і вызначаюць асобаў, якія выношваюць намеры ўчыніць нейкія супрацьпраўныя дзеяньні».
Аляксандар Лукашэнка 14 лістапада прыняў кіраўніцтва МУС з дакладам.
Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч, а таксама намесьнікі кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў і Дзьмітры Карзюк расказалі Лукашэнку аб «стане апэратыўнай абстаноўкі ў краіне і разьвіцьці сыстэмы органаў унутраных справаў».
Лукашэнка зазначыў, што ў Беларусі апошнім часам надаецца шмат увагі «ўдасканаленьню сыстэмы кіраваньня ў дзяржаве», неабходна гэта і МУС.
«Усё павінна ўкладвацца ў адзіную канцэпцыю. І дзейнічаць мы павінны адэкватна сытуацыі. Я намякаю на тое, што лішніх грошай ніколі няма. Не было і ня будзе», — заявіў Лукашэнка.
Ён сказаў, што на сапраўды неабходныя рэчы сродкі знойдуцца, але «калі можам патрываць — значыць, трэба патрываць».