Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 20 разоў больш, чым на культуру. Колькі ў Беларусі трацяць на сілавікоў


Аляксандар Лукашэнка прымае міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, сакратара Савета Бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, а таксама намесьнікаў кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова і Дзьмітрыя Карзюка. 14 лістапада 2022 году
Аляксандар Лукашэнка прымае міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, сакратара Савета Бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, а таксама намесьнікаў кіраўніка МУС Мікалая Карпянкова і Дзьмітрыя Карзюка. 14 лістапада 2022 году

 14 лістапада на сустрэчы з кіраўнікамі сілавых ведамстваў Лукашэнка заявіў, што лішніх грошай на праваахоўнікаў зараз няма. Глядзім, якія ў іх бюджэты і што яны набываюць.

«Я намякаю на тое, што лішніх грошай ніколі няма. Не было і ня будзе. Калі трэба — значыць, трэба. Калі можам пацярпець — значыць, трэба пацярпець», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам МУС і дзяржсакратаром Савету бясьпекі Аляксандрам Вальфовічам.

Колькі трацяць на сілавікоў

1,8 мільярда рублёў, або 751 мільён даляраў — такія расходы ў бюджэце на гэты год на нацыянальную абарону. Зь іх на войска — 1,69 мільярда рублёў.

На «судовую ўладу, праваахоўную дзейнасьць і забесьпячэньне бясьпекі» ў бюджэце на гэты год выдзелілі 3,1 мільярда рублёў, або 1,3 мільярда даляраў. Гэта ў 20 разоў больш, чым у бюджэце закладзена на культуру.

  • З гэтага на МУС — 1,1 мільярда рублёў, або 478 мільёнаў даляраў
  • На пракуратуру — 110 мільёнаў рублёў, або 46 мільёнаў даляраў
  • На КДБ — 241 мільён рублёў, або 100 мільёнаў даляраў

У 2021 годзе на МУС у бюджэце выдзялялі 1,025 мільярда рублёў (406 мільёнаў даляраў па тагачасным сярэднегадавым курсе), а на абарону і ўзброеныя сілы — 1,364 мільярда рублёў (541 мільён даляраў). Як бачым, гэтыя расходы вырасьлі.

Лукашэнка зь кіраўніцтвам сілавікоў
Лукашэнка зь кіраўніцтвам сілавікоў

Што набываюць сілавікі

Глядзім тэндэры ад МУС за апошні час, некаторыя зь іх цягнуць на некалькі мільёнаў рублёў. Напрыклад, МУС хоча зрабіць «Навукова-дасьледчую і досьледна-канструктарскую работу «Стварэньне адзінага інтэграванага інфармацыйнага рэсурсу аб паступіўшых, зарэгістраваных і разгледжаных заявах і паведамленьнях аб злачынствах». На гэта гатовыя выдаткаваць 4,5 мільёна рублёў, або 1,86 мільёна даляраў.

Стварэньне такога рэсурсу разьлічана да 2025 году.

Да 2023 году МУС закупляе рацыяў на 2,46 мільёна рублёў, або крыху больш за 1 мільён даляраў.

Гэта некалькі камплектаў рацый з рознымі тэхнічным характарыстыкамі.

Да канца лістапада МУС плянуе набыць сэрвэрнага абсталяваньня крыху больш як на 1 мільён рублёў, або 433 мільёны даляраў. Гэта сховішча дадзеных, а таксама сэрвэры.

На праграмнае забесьпячэньне для кампутараў для абароны інфармацыі сілавікі ад МУС гатовыя патраціць 200 тысяч рублёў, або 82 тысячы даляраў.

Два грузавыя аўтамабілі агульным коштам 170 тысяч рублёў зьбіраюцца набыць ва ўнутраныя войскі МУС.

Набываюць новыя рэчы і іншыя сілавыя структуры. Напрыклад, упраўленьне Сьледчага камітэту па Горадзенскай вобласьці хоча займець кампутарны комплекс для псыхафізіялягічнага тэставаньня «Профэкстрым». Каштуе ён 15 тысяч рублёў, або 6224 даляры.

Гэта комплекс, які дапамагае вызначыць тэмпэрамэнт, псыхалягічныя асаблівасьці асобы. Такая тэхніка выкарыстоўваецца, каб спрагназаваць паводзіны асобы ў стрэсавых умовах.

Таксама Сьледчы камітэт набывае кампутарную і сэрвэрную тэхніку на 229 тысяч рублёў, або 95 тысяч даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG