Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы прайшло першае пасяджэньне Кантактнай групы для дыялёгу зь Беларусьсю з удзелам беларускай апазыцыі


Пасяджэньне кантактнай групы па Беларусі, Страсбург, 7 лістапада
Пасяджэньне кантактнай групы па Беларусі, Страсбург, 7 лістапада

Генэральны сакратар Рады Эўропы​​​​​​​ Марыя Пэйчынавіч-Бурыч 7 лістапада адкрыла пасяджэньне Кантактнае групы для дыялёгу зь Беларусьсю разам з прадстаўніцаю беларускай дэмакратычнай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай.

На сустрэчы абмяркоўвалі прыярытэты новастворанай групы для супрацоўніцтва Рады Эўропы з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

Мэтаю Кантактнае групы ёсьць забесьпячэньне падтрымкі і досьведу арганізацыі для ўмацаваньня беларускага дэмакратычнага грамадзтва ў адпаведнасьці з асноўнымі каштоўнасьцямі Рады Эўропы і ў адпаведнасьці з дзейнасьцю ў галіне правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі.

«Рада Эўропы прынцыпова падтрымлівае дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Я радая стварэньню гэтае групы. Гэта наватарскае рашэньне: ні адна іншая міжнародная арганізацыя не стварала інстытуцыйных адносіназ такога кшталту», — падкрэсьліла генэральны сакратар Марыя Пэйчынавіч-Бурыч.

Першае пасяджэнне кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Эўропы
Першае пасяджэнне кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Эўропы

Сьвятлана Ціханоўская заявіла:

«Гэта сапраўды ўнікальная сытуацыя. Ніколі ў гісторыі Рады Эўропы дзяржава не была прадстаўлена не фармальным урадам. Але ў нашым выпадку гэта справядліва. Злачынцы не павінны мець права голасу, вырашаючы будучыню Беларусі.

Як мы раней дамаўляліся, беспрэцэдэнтныя часы патрабуюць беспрэцэдэнтных рашэньняў. Я вітаю рашэньне Камітэту міністраў Рады Эўропы аб стварэньні гэтай кантактнай групы. Вы ня толькі паказваеце беларусам прынцыповую падтрымку і салідарнасьць, але і паказваеце прыклад усяму сьвету. Прыклад сумленнасьці і трываласьці ў нашай доўгай барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасьці.

Гэта гістарычны момант для многіх беларусаў, ад імя якіх я выступаю. Бо гадамі беларускі народ ня быў прадстаўлены ў Радзе Эўропы, гадамі Эўропа чула толькі голас рэжыму, а беларусы былі вымушаныя маўчаць. Але гэты час мінуў, час дыктатараў мінуў».

Першае пасяджэнне Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Эўропы
Першае пасяджэнне Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Эўропы

Паводле Ціханоўскай, стварэньне гэтай кантактнай групы было неабходным крокам зь дзьвюх прынцыповых прычынах: па-першае, народ Беларусі бачыць сябе часткай Эўропы, падзяляе каштоўнасьці эўрапейскае сям’і, шануе эўрапейскую гісторыю і спадчыну і хоча быць сябрам Рады Эўропы.

«Па-другое, устойлівая дэмакратыя ў Беларусі будзе немагчымая бяз моцных інстытутаў, актыўнай грамадзянскай супольнасьці, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону. І няма іншых органаў з такім досьведам і параўнальнымі ведамі, акрамя Рады Эўропы. Мы хочам, каб наша краіна і наш народ выйгралі ад гэтае супрацы і даведаліся як мага больш, каб на днях зьмены ў Беларусі сталі магчымымі».

Ціханоўская выступіла на Сусьветным форуме за дэмакратыю

Перад гэтым Ціханоўская прыняла ўдзел у Сусьветным форуме за дэмакратыю.

У сваім выступе ў Францыі беларуская лідэрка зноў гаварыла пра небясьпеку рэжыму Лукашэнкі ў сваёй краіне і заклікала эўрапейскую дэмакратычную супольнасьць рэагаваць на супрацьпраўныя дзеяньні не прызнанай у дэмакратычным сьвеце ўлады Беларусі.

На пачатку выступу Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да маладых беларусаў, якія былі ў аўдыторыі. Яна адзначыла, што ведае пра іх удзел у пратэстах 2020 году і вымушаны ад’езд з краіны, паведаміла прэс-служба Офісу Ціханоўскай.

Ціханоўская выказала маладым беларусам удзячнасьць, бо, нягледзячы на тэрор, яны не здаліся, а працягваюць «бясстрашную працу на карысьць новай дэмакратычнай і эўрапейскай Беларусі».

«Апошнія два гады сталі вялікім выпрабаваньнем для нашай краіны. Гэта быў тэст і для міжнароднай супольнасьці: ці гатовыя мы змагацца за прынцыпы і каштоўнасьці, якія ўсе мы дэкляруем? Ці гатовыя чымсьці ахвяраваць у імя сваёй свабоды? І мы, беларусы, даказалі, што гатовыя.

Мы бачылі, як людзі Беларусі ўсталі і выразна і гучна сказалі: Лукашэнка — не Беларусь. Мы беларусы. Мы Эўропа. І гэта мы самі вырашаем сваю будучыню. Мы таксама зразумелі, што барацьбу за дэмакратыю немагчыма выйграць самастойна. Адсутнасьць моцнай і хуткай рэакцыі сьвету дазволіла жорсткай дыктатуры патапіць голас новай Беларусі ў крыві і тэроры. На нашых вачах дыктатар будуе Паўночную Карэю ў цэнтры Эўропы».

Яна падкрэсьліла, што крызіс ахапіў рэгіён і ператварыўся зь лякальнага ў геапалітычны. Дыктатар прымусова пасадзіў самалёт міжнароднага рэйсу ў Менску, уцягнуў краіну ў захопніцкую вайну на баку Расеі.

«Калі мы ня хочам аднойчы прачнуцца ў сьвеце, дзе правілы дыктуюць тыраны, мы павінны спыніць іх зараз», — дадала Ціханоўская.

Што такое Кантактная група?

Кантактная група, створаная Радай Эўропы сумесна зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю, правяла першае пасяджэньне 7 лістапада ў Страсбургу ў Палацы Эўропы. Выступы Сьвятланы Ціханоўскай, а таксама генэральнага сакратара Рады Эўропы Марыі Пэйчынавіч-Бурыч, адкрылі пасяджэньне.

Сябры Кантактнай групы прадстаўляюць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі, а таксама адпаведныя органы Рады Эўропы. Кантактная група будзе займацца «распрацоўкай, арганізацыяй і кантролем праграмаў і праектаў на карысьць народу Беларусі».

Беларусь падала заяўку на ўступленьне ў Раду Эўропы ў 1993 годзе; аднак зварот быў прыпынены ў 1996 годзе, калі пры ўладзе ўжо быў Лукашэнка, а ў краіне душылі пратэсты.

Кантактная група створана генэральным сакратаром Рады Эўропы на падставе рашэньня, прынятага Камітэтам міністраў 7 верасьня. Раней у 2022 годзе Камітэт міністраў вырашыў прыпыніць усе адносіны з рэжымам Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG