Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ўзяць з сабой у бамбасховішча і як яго знайсьці. Парады менскіх дыгераў


Бамбасховішча. Ілюстрацыйнае фота
Бамбасховішча. Ілюстрацыйнае фота

З дапамогаю дасьледнікаў гарадзкой прасторы тлумачым, чым адрозьніваюцца розныя віды бамбасховішчаў, а таксама дзе лепш хавацца ў выпадку небясьпекі.

Аматары дасьледаваньня гарадзкой прасторы адказалі на пытаньні Свабоды пра месцы, якія звычайна застаюцца невядомымі жыхарам вялікага гораду, аднак могуць спатрэбіцца ім у выпадку сьмяротнай небясьпекі.

Якія існуюць бамбасховішчы

Найперш варта ведаць, што ня ўсе аб’екты абароны — гэта бамбасховішчы. Для іх ёсьць адмысловая клясыфікацыя.

«Сярод цывільных аб’ектаў абароны ёсьць 3 катэгорыі — менавіта бамбасховішчы, так званыя „супрацьрадыяцыйныя сховішчы“, а таксама запасныя пункты кіраваньня (ЗПК). У Менску ЗПК некалькі, у кожным іншым буйным горадзе яны ёсьць. Гэта яшчэ не вайсковыя — але хіба і ня цалкам даступныя цывільным аб’екты. Іх функцыі — запасныя памяшканьні адміністрацыяў гораду і спэцыяльных службаў, акрамя войска», — апісваюць схаваныя аб’екты аматары гарадзкіх дасьледаваньняў.

ЗПК пры гэтым звычайна лепш абсталяваныя, кажуць суразмоўцы. Там нармальныя прыбіральні, а ня дзірка ў падлозе, ёсьць тэлефонная лінія, там жа ёсьць офісныя пакоі, «радыёпакой». Такія абʼекты могуць умяшчаць каля 500 чалавек.

Бамбасховішчы — больш надзейныя у выпадку вайны, супрацьрадыяцыйныя ўкрыцьці — менш. Гэта часта ўмацаваны і гермэтычны падвал.

«Таксама можна аддзяліць асобныя бамбасховішчы ад бамбасховішчаў, злучаных падземнымі камунікацыйнымі тунэлямі, якія выконваюць ролю труба-кабэльных калектараў. Выглядае гэта як падземнае мястэчка, нешта падобнае было на „Азоўсталі“. Такія абʼекты ёсьць і на беларускіх прадпрыемствах — цепла- і электрастанцыях, каля заводаў — МАЗ, „Крыён“ (прадпрыемства на вуліцы Сярова ў Менску. — РС)», — расказваюць аматары гарадзкіх дасьледаваньняў.

Наземная частка бомбасховішча
Наземная частка бомбасховішча

Што ёсьць у бамбасховішчах

У тыповым бамбасховішчы, паводле аматараў гарадзкіх дасьледаваньняў, знаходзяцца:

  • Некалькі ўваходаў, часам яны нязручныя ці заваленыя сьмецьцем. Кароткія тунэлі, дзе можна пралезьці толькі на кукішках. Уваход заканчваецца параю гермэтычных, моцных жалезабетонных ці мэталічных, дзьвярэй, своеасаблівым шлюзам
  • Фільтра-вэнтыляцыйнае абсталяваньне, вугальныя фільтры
  • Памяшканьне з дызэль-генэратарам ці нават 2 такія памяшканьні
  • Зона для спаньня з нарамі
  • Кляса з вучэбнымі сталамі з дошкай, дзе ў савецкія часы праводзілі заняткі з грамадзянскай абароны
  • Мэдычны кабінэт, бінты, ёд
  • Памяшканьне кіраўніка сховішча, дзе звычайна ёсьць радыё, тэлефон ці камутатар. Рэдка трапляецца асобная радыёрубка зь невялічкай тэлефоннай станцыяй
  • Прыбіральні і душ (найчасьцей толькі з халоднай вадой)

Наколькі бамбасховішчы надзейныя

Паводле аматараў гарадзкіх дасьледаваньняў і цывільнай абароны, больш надзейныя бамбасховішчы ёсьць каля заводаў, лякарняў і тэлефонных станцыяў.

«Як сховішча ад канвэнцыянальных (дазволеных міжнароднымі канвэнцыямі. — РС) бомбаў — даволі надзейныя, бо падчас будоўлі ўжывалі ўзмоцнены мэталам бэтон спэцыяльнай маркі. Але гэта мала датычыцца тых укрыцьцяў, якія пад жылымі 2-5-павярховымі дамамі, пабудаванымі ў 1960-70-я гады, а таксама рознага кшталту заводзкіх сховішчаў ці сховішчаў каля буйных месцаў знаходжаньня людзей, сацыяльных сэрвісаў (лякарні, тэлефонныя станцыі, транспартныя паркі, вучэльні). Амаль усе гэтыя аб’екты пабудаваныя ў СССР, у бальшыні сваёй яны пашкоджаныя часам. Усюды ёсьць бáкі для вады, месцамі выглядаюць яны жудасна — лепей прыходзіць з сваёй вадой. Ува ўсіх сховішчах, дзе мы былі, ёсьць тры фазы электрычнай энэргіі і нярэдка дызэльныя генэратары. На жаль, у 80% сховішчаў дызелі раскралі на каляровыя мэталы. Сьвятло ёсьць, шмат дзе праведзена правадное радыё», — кажуць аматары гарадзкіх дасьледаваньняў.

Як знайсьці сховішча

Аматары гарадзкіх дасьледаваньняў даюць міні-інструкцыю на выпадак крытычнай сытуацыі:

  • Лепш за ўсё пасуюць, каб схавацца, станцыі мэтро, пабудаваныя да 2000 годау. Усе станцыі першай, «сіняй» лініі — выдатныя сховішчы дастаткова глыбокага заляганьня і з прадугледжанай інфраструктурай цывільнае абароны, на якой не эканомілі.
  • Сховішчы ёсьць пад кожнай лякарняй і амаль пад кожнай вялікай раённай паліклінікай, пабудаванай пры СССР. Ключы ад іх у вахтароў.
  • Сховішчы таксама ёсьць практычна ля кожнага вялікага заводу або абʼекту сацыяльнага прызначэньня. Гэта так званыя сховішчы-тысячнікі, на 1000+ чалавек.
  • Сховішчы будавалі пад многімі асобна разьмешчанымі раённымі пажарна-аварыйнымі выратавальнымі часткамі (дзе стаяць пажарныя машыны)
  • Пад двух-трохпавярховымі дамамі пабудовы 1950-60-х гадоў часьцяком таксама ёсьць сховішча
  • На кожным буйным чыгуначным вузьле, у вагонных дэпо, станцыях у гарадах і мястэчках
  • Пад буйнымі абʼектамі сыстэмы МУС
  • У выпадку паветранай трывогі трэба бегчы туды, куды бліжэй, а ўжо пасьля першых адбояў паветраных трывог пераходзіць у больш абароненае месца
  • Хавацца таксама можна ў шырокіх трубах пад дарогамі і падземных пераходах. Аднак варта трымацца далей ад уваходаў у іх
  • Калі ўдары засьпелі вас дома, памятайце правіла дзьвюх сьцен. Звычайна такія месцы ў кватэры — ванна, туалет, калідор. Калі ў вас чыгунная ванна, можна схавацца дадаткова ў ёй.

Што ўзяць з сабой у сховішча

Аматары гарадзкіх дасьледаваньняў раяць, што ўзяць з сабой у бамбасховішча.

  • Важныя дакумэнты ў гермэтычным пакеце — пашпарт, пасьведчаньне аб нараджэньні, дыплёмы, дакумэнты іншых краін
  • Зручны і трывалы абутак без абцасаў
  • Тэлефон і паўэрбанк, кабэль для зарадкі
  • Рэсьпіратары або мэдычныя маскі з закрыцьцём носа (мінімум FFP2), плашчы-дажджавікі
  • Нататнік з хатнімі і мабільнымі тэлефонамі блізкіх, калегаў
  • Ліхтарык і батарэйкі
  • «Трайнік» для разэткі або невялікі падаўжальнік
  • Радыё на батарэйках, батарэйкі да яго
  • Цёплае адзеньне (швэдры, шкарпэткі, пальчаткі, штаны, ласіны, шапку і шалік), пару маек, шкарпэтак і ніжняй бялізны;
  • Сьнікерсы, хлябцы ў гермэтычнай упакоўцы, ваду, гарбату ў пакеціках / распушчальную каву, можна ўзяць кіпяцільнік
  • Лекі, якія вы прымаеце
  • Вільготныя дэзынфэкцыйныя сурвэткі; асобна для інтымнай гігіены
  • Сьцізорык, які спалучае ў сабе нож, шыла, зашрубку, нажніцы і г.д.
  • Спальнік, коўдру, падушку
  • Мэталічны посуд, лыжкі-відэльцы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG