Аднак на практыцы ганаровыя консулы нярэдка выкарыстоўваюць свой статус для асабістага ўзбагачэньня, ухіленьня ад праваахоўных органаў і прасоўваньня палітычных плянаў. З дадзеных аб такіх злоўжываньнях журналісты склалі праект Shadow Diplomats, ці «Ценявыя дыпляматы».
У выніковы сьпіс патрапілі 551 дзейных і былых ганаровых консулаў, якія замяшаныя ў скандалах ці крымінальных справах. Над праектам ICIJ працавалі разам з незалежнай некамэрцыйнай службай навін ProPublica і яшчэ 58 мэдыя-партнэрамі, сярод якіх і Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ).
Беларусь увайшла ў топ-20 краінаў з найбольшай колькасьцю падазроных ганаровых консулаў. Сярод іх — «кашалькі» Лукашэнкі і бізнэсоўцы, якія зарабілі свае грошы на сувязях з рэжымам.
Праца ICIJ з БРЦ і іншымі партнэрамі паказала, што сыстэму ганаровых консулаў дыскрэдытавалі прызначэнцы, якія злоўжывалі сваім статусам. Ён дапамагаў ім узбагачацца за кошт падаткаплацельшчыкаў і ўхіляцца ад выкананьня законаў.
У сьпісе бізнэсоўцаў-консулаў — Сяргей Цяцерын, ганаровы консул Грузіі, былы памочнік Віктара Лукашэнкі — Аляксандар Зайцаў, ганаровы консул Замбіі, Павал Тапузідзіс, тытунёвы «кароль» Беларусі, ганаровы консул Грэцыі і Румыніі, Аляксандар Шакуцін, кіраўнік «Амкадору», ганаровы консул Банглядэш, і іншыя.
Пра ўсіх іх — у новым расьледаваньні Беларускага расьсьледніцкага цэнтару.