«На гэты момант ідуць ператрусы ў кватэрах старшыні рады СПБ Ірэны Валюсь і віцэ-прэзыдэнта Рэнаты Дземянчук. Тэлефоны актывістаў не адказваюць», — напісаў прадстаўнік СПБ Марэк Занеўскі у Facebook.
Сёньня таксама стала вядома, што ў Горадні зьбіраюцца ліквідаваць ТАА «Клерыгата». Такі запыт накіравала пракуратура Горадзенскай вобласьці ў эканамічны суд.
Як паведаміла Генэральная пракуратура, юрыдычную асобу хочуць ліквідаваць, бо яна «фактычна ажыцьцяўляла дзейнасьць незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня Саюзу палякаў Беларусі». У сувязі з гэтым пачалі крымінальную справу супраць службовых асобаў «Клерыгаты» паводле артыкула 193-1 («Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня і ўдзел у ёй») Крымінальнага кодэксу.
«У парушэньне заканадаўства суб’ект гаспадараньня, акрамя прадугледжанай статутам дзейнасьці, рэалізоўваў мэты і задачы грамадзкага аб’яднаньня, якое не было зарэгістравана ў Рэспубліцы Беларусі ва ўстаноўленым законам парадку», — гаворыцца ў паведамленьні.
Матэрыялы аб ліквідацыі накіравалі ў эканамічны суд на падставе зьвестак УДФР Камітэту дзяржаўнага кантролю Горадзенскай вобласьці.