Выбух прагрымеў на папулярнай у турыстаў і мясцовых жыхароў пешаходнай вуліцы Істыкляль. Як паведаміў віцэ-прэзыдэнт Турэччыны Фуат Актай, выбух учыніла сьмяротніца.
«Нападніцай была жанчына, яна ўзарвала бомбу. Гэта сьведчыць пра тэрарыстычны акт. У выніку выбуху загінулі шэсьць чалавек. Колькасьць параненых павялічылася да 81, стан дваіх ацэньваецца як цяжкі», — сказаў ён.
Паводле Актая, чатыры чалавекі загінулі на месцы выбуху, яшчэ двое — пазьней у шпіталі. Расьсьледаваньнем тэракту займаюцца 14 сьледчых Генэральнай пракуратуры Турэччыны, а таксама судмэдэкспэрты.
Выбух адбыўся каля 16:20 паводле мясцовага часу. На месца здарэньня прыбылі аддзелы паліцыі, машыны хуткай дапамогі, пажарнай аховы і іншых надзвычайных службаў.
На відэазапісах у сацыяльных сетках бачна, як людзі разьбягаюцца па вуліцы Істыкляль, дзе знаходзіцца вялікая колькасьць рэстаранаў і крамаў.
Плошча Таксім і вуліца Істыкляль — адзін з найбольш папулярных і шматлюдных раёнаў Стамбула.