«Нам абяцалі, што ён будзе на трэцяй лініі. Тыпу зачыстка вызваленых тэрыторый. Гэта бязьмежжа. Я лічу, што гэта бязьмежжа», — абураецца Крысьціна Беленькая, жонка мабілізаванага з Варонежа. Карэспандэнт Настоящего времени зараз атрымлівае дзясяткі падобных паведамленьняў ад сваякоў расейскіх мабілізаваных. Па іх словах, салдаты ў дрэннай экіпіроўцы, без навучаньня трапляюць пад абстрэл украінскай артылерыі на перадавой, і калі выжываюць — тэлефануюць родным.
«Ён сказаў, што проста іх прывезьлі і пакінулі ў поле, яны там пачалі акопвацца. І потым на іх адбыўся напад, іх абстралялі. Сказаў, што ў іх не было там ніякага камандаваньня, што яны былі адны», — распавядае Аліна (імя зьменена), сястра мабілізаванага з Варонежа Яе брат патрапіў пад трохдзённы абстрэл пад Сватавым у Луганскай вобласьці. У гэтым баі расейскія вайскоўцы панесьлі вялікія страты, адступілі, але камандаваньне загадала ім вярнуцца на фронт. Іх сваякі запісваюць зараз зварот да ўладаў.
Пад Сватавым апынуліся мабілізаваныя з Варонескай, Ліпецкай, Курскай і Ўладзімірскай абласьцей Расеі. Ва Ўкраіну іх везьлі з гораду Валуйкі ў Белгарадзкай вобласьці. Туды зараз зьяжджаюцца родныя прызыўнікоў, каб дапамагчы ім вярнуцца з фронту. Па іх словах, камандзіры сілай прымушаюць мабілізаваных ваяваць і нават адкрываюць па іх агонь. «Іх аб’яўляюць дэзэрцірамі, але яны не дэзэрціры. Іх зьнішчаюць нашы ж хлопцы, іх ня бʼюць хахлы, іх бʼюць нашы: усіх нашых проста забіваюць. Іх прывезьлі туды проста як цацкі, пазьдзекавацца з нашых хлопцаў. Дапамажыце нам, калі ласка, вывезьці, молім вас», — просяць сваякі.
Звароты да ўладаў зараз запісваюць па ўсёй Расеі, але асабліва шмат сведчанняў ад сваякоў мабілізаваных, якія трапілі пад абстрэл пад Сватавым, пасьля якога жаданьне працягваць удзел у вайне, як кажуць іх сваякі, зьнікла ў многіх.
«Бойня здарылася... Мясарубка. Разбамбілі іх усіх. У іх не было ні рацый, і камандзіры ў гэты час адсутнічалі. У іх нічога не было. Зброя ў іх была — аўтаматы», — распавядае Андрэй, бацька мабілізаванага па імені Даніла.
Салдаты гавораць аб стратах у пяцьсот чалавек за адзін бой пад Сватавым. Верагодна, гэта перабольшаная лічба. Наўрад ці салдаты з акопаў здольныя падлічыць страты. Але колькасьць такіх паведамленьняў гаворыць аб тым, што страты сапраўды значныя, чаго і варта было чакаць пасьля таго, як на першую лінію фронту кінулі ненавучаных салдат.
«Звычайны ваенны прагматызм. Калі ёсьць камандзір, у якога ёсьць вопытныя салдаты і неспрактыкаваныя, і яму трэба кінуць салдат на заведама нявыгадныя пазыцыі, натуральна, ён будзе шанаваць сваіх вопытных байцоў. Так заўсёды было, і, на жаль, гэта такая ваенная практыка», — тлумачыць ваенны экспэрт Ян Мацьвееў.
Кіраўнік Абʼяднанага камітэта начальнікаў штабоў арміі ЗША генэрал Мілі ацэньвае страты расейскага войска як значна больш за сто тысяч чалавек забітымі і параненымі. Мінабароны Расеі прызнае толькі дзьве тысячы.
«Пазабіваюць іх там. Наогул мы ваюем дзеля таго, каб перамагчы. Каб рухацца наперад. А не дзеля таго, каб там нашых мабілізаваных забівалі, як кацянят. Для чаго гэта які робіцца? Для ачысткі насельніцтва, я не разумею?» — заключае жонка варонескага мабілізаванага Крысьціна Беленькая.