Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The Insider: у Данецкай вобласьці расейскіх змабілізаваных, якія адмовіліся ваяваць, трымаюць у падвале і пагражаюць расстрэлам


Расейскія змабілізаваныя. Ілюстрацыйнае фота.
Расейскія змабілізаваныя. Ілюстрацыйнае фота.

Дваццаць аднаго расейскага вайскоўца зь ліку прызваных у армію ў рамках так званай «частковай мабілізацыі», сіламоц трымаюць у падвале на тэрыторыі сяла Заветнае Бажаньне Данецкай вобласьці Ўкраіны, паведамляе выданьне The Insider з спасылкай на жонак і маці адмоўнікаў.

Зь іхных словаў, змабілізаваных пагражаюць расстраляць, калі яны не паедуць на перадавую.

The Insider называе імя жонкі аднаго з вайскоўцаў, якіх трымаюць ў падвале, — Алена Кашына. Яна сьцьвярджае, што ў яе 33-гадовага мужа няма ніякага вайсковага досьведу, у войску ён рамантаваў БТРы ў гаражы, а ў вайсковым білеце ў яго напісана «кіроўца ў рамонце і эксплюатацыі цяжкай тэхнікі». Падчас падрыхтоўкі на палігоне яму толькі аднойчы далі пастраляць з аўтамата, які аказаўся няспраўным, і адзін раз паказалі, як капаць акопы. Пасьля гэтага, з словаў Кашынай, яго адправілі на фронт, а ўжо там загадалі ў складзе групы змабілізаваных ісьці на штурм пазыцыяў суперніка, аднак ён адмовіўся, заявіўшы, што ня хоча забіваць людзей.

З словаў сваякоў іншых вайскоўцаў, якіх сіламоц трымаюць у падвале, «адмоўнікаў» амаль ня кормяць і не даюць ім сродкаў асабістай гігіены. Жонкі і маці змабілізаваных напісалі ў Сьледчы камітэт РФ заяву пра тое, што іхных родных незаконна трымаюць у закладніках, аднак ніякага адказу не атрымалі.

  • З пачатку поўнамаштабнага ўзброенага ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны СМІ ня раз паведамлялі, што вайскоўцаў, якія адмаўляюцца ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях, прымушаюць гэта рабіць шантажом і пагрозамі, у тым ліку пагрозамі расстрэлам. У ліпені тэлеканал Настоящее время паведаміў, што дзясяткі такіх салдатаў трымаюць у зьняволеньні ў падвале на тэрыторыі Луганскай вобласьці пад аховай ваеўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер». Пазьней гэта пацьвердзілі сябры рады правоў чалавека пры Ўладзіміру Пуціну.
  • Вядома таксама, што расейскіх зьняволеных, якіх вэрбуе на вайну ва Ўкраіне кіраўніцтва «ПВК Вагнера», папярэджваюць аб расстрэле за адступленьне без загаду, здачу ў палон ці дэзэртэрства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG