Кошт арыштаваных актываў складае 20 мільёнаў грыўняў (амаль 600 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).
Паводле сьледчых Службы бясьпекі, беларуская кампанія з 2021 году паставіла ва Ўкраіну прадукцыі на амаль 20 мільярдаў грыўняў (амаль 600 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС), а яе заснавальнікамі былі беларускія дзяржаўныя кампаніі. У паведамленьні адзначаецца, што беларуская кампанія купляла сыравіну ў Расеі і аплачвала падаткі ў Расеі і Беларусі.
«Улічваючы гэта, кампанія мае непасрэднае дачыненьне да фінансаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны», — патлумачылі ў СБУ.
Служба бясьпекі Ўкраіны не ўдакладніла назву гэтай беларускай кампаніі, але Свабодзе стала вядома, што размова пра «БНК-Україна».
Падольская акруговая пракуратура Кіева расьсьледуе крымінальную справу паводле ч. 2 артыкулу 110-2 (фінансаваньне дзеяньняў, учыненых з мэтай гвалтоўнай зьмены або зьвяржэньня канстытуцыйнага ладу, захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны), а таксама паводле ч. 5 артыкулу 191 (прыўлашчваньне маёмасьці шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, учыненае ва ўмовах ваеннага становішча).
Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, за такія злачынствы пагражае ад 2 да 12 гадоў пазбаўленьня волі з забаронай займаць адказныя пасады.
Цяпер усе актывы перададзены ва ўпраўленьне Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў пытаньнях знаходжаньня, вышуку і кіраваньня актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў (АРМА).
Да вайны ў дакумэнтах «зачысьцілі» падсанкцыйных бэнэфіцыяраў «БНК-Україна»
«БНК-Україна» працуе на ўкраінскім рынку з 2010 году. Яе заснавалі Беларуская нафтавая кампанія (56,5% акцый) і вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта» (43,5%), і менавіта яны да сьнежня мінулага году лічыліся бэнэфіцыярнымі ўласьнікамі кампаніі.
Цяпер жа, як сьведчыць запіс у Адзіным дзяржаўным рэестры Ўкраіны юрыдычных асобаў, «канцавы бэнэфіцыярны ўласьнік у юрыдычнай асобы адсутнічае ў сувязі з тым, што заснавальнікамі зьяўляюцца прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь».
У той жа час на афіцыйным сайце кампаніі «БНК-Україна» сказана, што кампанія заснаваная толькі «Беларускай нафтавай кампаніяй».
Паводле фінансавай справаздачы за 2020 год (за 2021-ы яшчэ не апублікавалі. — РС), кампанія задэкляравала 157,6 мільёна грыўняў чыстага прыбытку (5,6 мільёна даляраў у эквіваленце паводле курсу на сьнежань 2020-га), а яе актывы ва Ўкраіне ў 2020 годзе ацэньваліся больш як у 1 мільярд грыўняў (36,7 мільёна даляраў у эквіваленце).
Адметна таксама, што паводле статуту «БНК-Україна» можа ня толькі гандляваць нафтапрадуктамі гуртам і ўраздроб, але яшчэ і купляць і прадаваць нерухомую маёмасьць.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.