Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў заявіў, што Расея можа выкарыстаць супольную беларуска-расейскую групоўку для наступу на валынскім і палескім кірунках.
«Працягваецца разгортваньне рэгіянальнай групоўкі войскаў так званай cаюзнай дзяржавы, якая можа дзейнічаць у валынскім і палескім апэрацыйных раёнах», — сказаў Аляксей Громаў 10 лістапада на брыфінгу ў Кіеве.
Паводле яго, мясцовыя органы ўлады Беларусі рыхтуюцца прыняць расейскі вайсковы кантынгент зь ліку змабілізаваных у Расеі грамадзян. «Цяпер удакладняюцца месцы для разьмяшчэньня асабовага складу», — дадаў генэрал Громаў.
Перад гэтым Генэральны штаб Узброеных сілаў Украіны распаўсюдзіў паведамленьне, у якім удакладніў, які будуць дзейнічаць украінскія войскі ў разе наступу зь беларускай тэрыторыі.
«З моманту перасячэньня дзяржаўнай мяжы з Украінай пачнецца канцэнтраванае агнявое паражэньне акупантаў. Для абароны і адбіцьця ўзброенай агрэсіі будуць скарыстаныя ўсе магчымыя інжынэрныя збудаваньні, мінаваньне мясцовасьці і выкарыстаньне фугасаў. Актыўна будуць дзейнічаць падразьдзяленьні спэцыяльнага прызначэньня, Сухаземных войскаў, Паветраных сілаў, ракетных войскаў і артылерыі», — адзначаецца ў паведамленьні.
«Кожная дарога і сьцежка, лясы і ўзгоркі стануць для ворага пасткай або непрыемным сюрпрызам. Ягоныя страты будуць велічэзнымі», — падкрэсьлілі ў Генэральным штабе Ўкраіны.
10 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў аб пачатку разгортваньня рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі, а таксама аб разьмяшчэньні расейскіх войскаў у Беларусі.