Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, апублікаванага «Лявада-цэнтрам». У цэлым балянс пазытыўных і нэгатыўных адзнак у кастрычніку склаў 63% супраць 36%, канстатуецца на сайце сацыялягічнага цэнтру. У верасьні суадносіны былі іншыя: 52% супраць 47%.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паводле іншых апытаньняў, праведзеных незалежнымі праектамі Russian Field і «Хронікі», у Расеі скарачаецца колькасьць прыхільнікаў працягу вайны ва Ўкраіне, адзначае ініцыятыва Re: Russia, заснаваная палітыкам Кірылам Рогавым.
Так, паводле вынікаў верасьнёўскага дасьледаваньня Russian Field, у РФ прыкметна зьменшылася «партыя вайны» (з 25% да 16%) і крыху павялічылася «партыя міру» (з 23% да 27%). Зрэшты, асноўная маса расейцаў па-ранейшаму выказвае давер кіраўніцтву краіны і гатоўнасьць падтрымаць любыя яго дзеяньні.
Гэтыя дадзеныя атрыманыя на фоне даволі вострай дыскусіі ў расейскіх экспэртных колах аб тым, ці варта ў поўнай меры давяраць вынікам сацыялягічных дасьледаваньняў ва ўмовах ваеннай цэнзуры і масавых рэпрэсій.
У адпаведнасьці з апытаньнямі як пракрамлёўскіх ФОМ і ВЦИОМ, гэтак і незалежнага «Лявада-цэнтру», каля 70-80% рэспандэнтаў падтрымліваюць вайну ва Ўкраіне і Пуціна.
«Голас Амэрыкі» папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю навуковага кіраўніка «Лявада-цэнтру» Льва Гудкова.
— Што паказваюць вашы апошнія замеры адносна стаўленьня расейцаў да вайны ва Ўкраіне?
— Доля тых, хто ўхваляе вайну, не зьніжаецца, але адначасова прыкметна расьце і колькасьць тых, хто хацеў бы перамоваў аб міры. Паводле нашых дадзеных, са жніўня колькасьць прыхільнікаў мірных перамоваў вырасла з 44% да 57%, і яны сталі дамінаваць. Гэта адбылося пасьля мабілізацыі, увядзеньня ваеннага становішча ў асобных рэгіёнах краіны і пасьпяховага наступу ўкраінскай арміі, што зрабіла шокавае ўражаньне на расейскае насельніцтва.
У прынцыпе, падтрымка вайны захоўваецца на адным і тым жа ўзроўні пачынаючы з красавіка. Гэты ўзровень крыху апусьціўся пасьля мабілізацыі, але аднавіўся ў кастрычніку. Справа ў тым, што ўся незадаволенасьць грамадзянаў тым, што адбываецца, зводзіцца пераважна да таго, што, маўляў, паваявалі і хопіць, трэба спыніцца, спыніць ваенныя дзеяньні і пачаць мірныя перамовы.
Таму што вайна зацягваецца, канца і краю ёй не відаць, а ісьці на фронт добраахвотна ці па мабілізацыі мала хто жадае. Аднак гэта не азначае, што людзі, прынамсі на словах, намінальна не падтрымліваюць гэтую вайну. Устаноўлены прымусовы кансэнсус (паміж уладай і насельніцтвам) з дапамогай прапаганды і цэнзуры. І ў гэтым пляне нічога, паўтаруся, не мяняецца.
— А што адбываецца з рэйтынгамі ўладаў?
— У верасьні, пасьля мабілізацыі, было іх зьніжэньне на 5–6 адсоткавых пунктаў, а ў кастрычніку яны вярнуліся на ранейшы ўзровень. Паглядзім, што будзе ў лістападзе. Думаю, гэта, як і ўздым настрою, часовая зьява. Але ёсьць тэндэнцыя, на што паказваюць усе сацыялягічныя цэнтры: на зьніжэньне падтрымкі ўлады. Таксама ўзмацняецца нежаданьне ваяваць.
— Як вы ставіцеся да сьцьвярджэньняў, што расейскія сацыялягічныя дасьледаваньні ва ўмовах вайны мала аб’ектыўныя?
— Гэта проста дэмагогія. Тут таксама па сутнасьці нічога не зьмянілася. Мы адмыслова правялі другасны аналіз адмоваў, перарваных інтэрвію. Абсалютна ніякіх зьменаў тут няма. Усё гэта лухта наконт страху ці нежаданьня адказваць на пытаньні сацыёлягаў. Гэта выдаваньне жаданага за існае. Наадварот, сярод найбольш адукаваных людзей расьце колькасьць жадаючых выказаць сваю пазыцыю. А асноўная маса боўтаецца пад уплывам прапаганды ў нявызначанасьці: ваяваць не жадаюць, але супрацьдзейнічаць ці хаця б супярэчыць уладам таксама.
— Але ж расейцы ўсё ж не бяздумныя фанатыкі. Цяпер расьце колькасьць загінулых ва Ўкраіне мабілізаваных. Ці ёсьць нейкая рэакцыя на гэта?
— Сутнасьць у тым, што падобная інфармацыя (пра ваенныя страты) не абмяркоўваецца ў СМІ. Чуткі пра гэта распаўсюджваюцца, але павольна. Рэальна агульнай рэакцыі на гібель людзей няма. Бо ў краіне поўная інфармацыйная блякада. Мінабароны зусім адкрыта хлусіць наконт стратаў, а зьвесткі, якія публікуюцца заходнімі і апазыцыйнымі мэдыя, даступныя вельмі абмежаванай колькасьці людзей.
Ні Фэйсбук, ні Твітэр у Расеі не працуюць. Інфармацыя пра масавыя страты часам нібыта і абмяркоўваецца, але ня вельмі прымаецца на веру. Асноўная маса людзей нічога дакладна ня ведае пра тое, што адбываецца, або мае скажоную карцінку, навязаную тэлевізарам. А асобныя выпадкі гібелі на ўсерасійскую аўдыторыю ня робяць належнага ўражаньня, таму што гэта інфармацыя, якая тычыцца ў асноўным сваякоў тых, каго забілі.
— Што ж павінна здарыцца, каб сьвядомасьць людзей прачнулася?
— Калі адбудзецца пасьлядоўнае выцісканьне расейскага войска з украінскай тэрыторыі (адным Херсонам справа, мяркую, не абмяжуецца), то, вядома, гэта павінна паўплываць на розумы расейцаў. Але зьмены ў сьвядомасьці ўсё роўна адбудуцца ня хутка. Пакуль жа да людзей зь вялікай цяжкасьцю даходзіць абʼектыўная інфармацыі пра стан рэчаў на ўкраінскіх франтах. Пры гэтым прыблізна дзьве траціны рэспандэнтаў, напрыклад, ня вераць, што мабілізацыя абмяжуецца 300 тысячамі, і гэта выклікае іх насьцярожанасьць і рост недаверу да ўладаў. А галоўнае — пачынаецца стома ад бессэнсоўнай вайны.
— Як жа прапагандзе ўдаецца падтрымліваць агонь у вогнішчы вайны?
— Цяпер асноўны акцэнт на старой гісторыі пра «злы» Захад, пра пагрозу бясьпецы Расеі зь ягонага боку. Пра гэта бесьперапынна кажуць на расейскім ТБ, і гэта зьяўляецца ўмовай падтрымкі вайны, ня тое каб яе ўхвалы, але адсутнасьці супраціву ёй. Гэта чыста канфармісцкі, млявы падыход: пасіўныя паводзіны і адсутнасьць волі да супраціву. Плюс бязладзьдзе ў галовах. Але што таксама праўда — колькасьць агрэсіўна настроеных прыхільнікаў вайны да пераможнага канца сапраўды пайшла на спад.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.