Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь — самая прапуцінская частка насельніцтва, — Леў Гудкоў


Кіраўнік «Левада-цэнтру» Леў Гудкоў
Кіраўнік «Левада-цэнтру» Леў Гудкоў

85% расейцаў ухваляюць дзейнасьць прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і добра ставяцца да Беларусі. Толькі 24% давяраюць паліцыі. 56% кепска думаюць пра ЗША, 51% ня любяць Украіну — сацыёляг Леў Гудкоў, кіраўнік «Левада-цэнтру», тлумачыць, што азначаюць знакі працэнтаў у краіне з насельніцтвам 143 мільёны чалавек.

У верасьні 2016 году Міністэрства юстыцыі прызнала «Аналітычны цэнтар Юрыя Левады» «замежным агентам». Такі статус, пачынаючы з 2012 году, ужо атрымалі тысячы НДА, важных для грамадзянскай супольнасьці Расеі. На практыцы гэта азначае вялікія абмежаваньні ў дзейнасьці арганізацыі, праверкі, дадатковую справаздачнасьць, страту фінансаваньня, а яшчэ часьцей структура перастае існаваць.

«Левада-цэнтар» «замежным агентам» стаў зь лёгкай рукі руху «Антымайдан». Расейскі палітык Дзьмітры Саблін заявіў, што цэнтар займаецца дасьледаваньнямі «па лініі міністэрства абароны ЗША». Цэнтар з такім стаўленьнем не пагадзіўся і рашэньне пасьлядоўна абскарджвае.

Аляксандра Дынько: Спадзевы на лепшую будучыню звычайна зьвязваюць з моладзьдзю. Вось дагэтуль абмяркоўваюцца вынікі двух глябальна значных галасаваньняў — выбары амэрыканскага прэзыдэнта і рэфэрэндум пра сяброўства Вялікай Брытаніі ў Эўразьвязе. У абедзьвюх палітычных кампаніях быў узроставы разрыў у галасаваньні — да прыкладу, брытанская моладзь больш падтрымлівала Эўразьвяз, чым старэйшыя брытанцы. Ці для расейскага грамадзтва характэрны такі разрыў у каштоўнасьцях? Расейская моладзь — яна якая?

Моладзь — самая прапуцінская група людзей.

Леў Гудкоў: Яна прапуцінская. Самая прапуцінска настроеная група людзей. Незадаволеныя і крытычна настроеныя ў дачыненьні да Пуціна — гэта людзі ў дыяпазоне ад 45 да 60 гадоў. У іх трохі большы жыцьцёвы досьвед, яны прайшлі праз 1990-я гады, памятаюць савецкія часы, ведаюць, што такое прапаганда, і навучыліся працаваць з гэтым.

Моладзь — гэта ўзроставая кагорта, якая сацыялізавалася менавіта ў момант прыходу [Пуціна. — РС] да ўлады, апрамененая гэтым. Яна ня мае досьведу супраціву гвалту, барацьбы за важныя для сябе рэчы, інтарэсы, каштоўнасьці.

Для яе сталеньне, сацыялізацыя супалі з эканамічным уздымам і адноснымі свабодамі. У яе вельмі абмежаваныя, у асноўным спажывецкія, запыты ў дачыненьні да жыцьця, бо ўсе іншыя крытэры ацэнкі чалавека да гэтага часу аслаблі ці дэвальваваліся. Усе гэтыя «выгоды» ўпалі на яе зь неба, і яна ўяўляе, што гэта норма. Ані дэфіцыту, ані беднасьці, ані хранічнай нуды, беспэрспэктыўнасьці. Яна ня ведае таго, што ведае старэйшае пакаленьне.

[Пуцін] даўно паўтарае: «Мы вялікая краіна, у нас вялікае мінулае, нам няма чаго саромецца.

Пуцін са сваёй рыторыкай мілітарызму, апэляцыі да мінулага, вызваленьнем ад нацыянальнага сораму за мінулае для іх выступае як нейкі ўзор. Ён даўно гэта паўтарае: «Мы вялікая краіна, у нас вялікае мінулае, нам няма чаго саромецца. Давайце забудзем пра цяжкія моманты гісторыі, ня трэба спараджаць канфлікты паміж пакаленьнямі, давайце аб’яднаемся на пачуцьці патрыятызму». Гэта прыцягвае моладзь, бо, нібыта футбольным фанатам, вяртае вельмі простыя структуры ідэнтычнасьці.

Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, як мянялася ўсьведамленьне сябе як калектыўнага цэлага. У 90-х гадах было адчуваньне, што краіна страціла статус вялікай дзяржавы. Вельмі вострае ўсьведамленьне, што „мы горшыя за тараканаў“, „мы горшыя за ўсіх“, „мы адмоўны прыклад, як ня трэба жыць“, „мы — памылка гісторыі“, наша гісторыя — гэта ланцуг злачынстваў і галечы...» Такое магутнае мазахісцкае перажываньне было ў момант распаду СССР. А з другога боку, было пэўнае напаўмаральнае адчуваньне першынства, бо мы перамаглі ў вайне, вызвалілі іншых. І гэта нам дае права на гвалт у дачыненьні да іншых.

Вялікай частцы людзей прад’явілі магчымасьць ідэнтыфікавацца з магутнасьцю дзяржавы, сымбалямі мінулага, імпэрыі, гераічнай краінай расейскай вайсковай славы.

Гэтае пачуцьцё зьнікла ў 1990-я, а Пуцін пачаў яго вяртаць разам з рытуалам сьвяткаваньня 60-годьдзя Перамогі, прапагандай і іншым. І гэта займела вялікае значэньне, асабліва пасьля няўдачы пратэстаў на Балотнай. Бо маральны пратэст анічым ня скончыўся, а тут вялікай частцы людзей прад’явілі магчымасьць ідэнтыфікавацца з магутнасьцю дзяржавы, сымбалямі мінулага, імпэрыі, гераічнай краінай расейскай вайсковай славы.

З другога боку, адрадзілася ўся міталягічная рыторыка супрацьстаяньня з Захадам. І Пуцін у гэтым кантэксьце аказаўся фігурай з калектыўнай міталёгіі — у шэрагу правадыроў кшталту Аляксандра Македонскага. Гэтая прымітывізацыя сьвядомасьці вельмі важная. Яна зьняла ўяўленьне пра складанасьць грамадзтва, яго дыфэрэнцыяванасьць, разнастайнасьць. А гэта значыць, што няма ідэі неабходнасьці дыялёгу, ідэі, што трэба шукаць кампраміс, улічваць пункт гледжаньня людзей зь іншымі інтарэсамі, думкамі. І навязваньне гранічна простых, але заўжды жывых у калектыўнай падсьвядомасьці ад савецкага часу штампаў — пра варожасьць Захаду, пра ворагаў, пра кансьпіралягічную сьвядомасьць. А прапаганда сапраўды вельмі эфэктыўная, вельмі ўмелая. Там працуюць добрыя адмыслоўцы. Працаваць на маральна-інтэлектуальнае паніжэньне заўжды зручней, чым сублімаваць, забясьпечваць ідэалізацыю, рафінаваньне, удасканаленьне чалавецтва.

Прапаганда сапраўды вельмі эфэктыўная, вельмі ўмелая. Там працуюць добрыя адмыслоўцы. Працаваць на маральна-інтэлектуальнае паніжэньне заўжды зручней, чым сублімаваць, забясьпечваць ідэалізацыю, рафінаваньне, удасканаленьне чалавецтва.

Пуцін, агулам кажучы, — увасабленьне чалавечай пасрэднасьці. За ім стаяць самыя прымітыўныя схемы. Гэта асаблівасьць лідэраў, якія прэтэндуюць на аўтарытарную пазыцыю. Але для гэтага трэба ператварыць складаную структуру грамадзтва ў жэлепадобны стан, масавідны стан, прыбраць усе сыстэмы апасродкаваньня, дыялёгу, рэфлексіі, забіць журналістыку, ператварыўшы яе ў зброю прапаганды, маніпуляваньня грамадзкай думкай.

І гэта даволі проста. Нашы СМІ працуюць як двухтактавы рухавік: яны палохаюць і забаўляюць, палохаюць і забаўляюць. І такое спалучэньне забясьпечвае фрагмэнтацыю і разгубленасьць людзей, дэзарыентацыю. На гэтым фоне ўкідваюць вельмі простыя клішэ, якія аказваюцца вельмі зручнымі, не патрабуюць тлумачэньня, яны даўно знаёмыя. Гэта не выпадковая рэч, а вельмі ўмелая і цынічная праца тых, хто, агулам кажучы, расчараваўся ў ідэалах дэмакратыі і лібэралізму. І гэтая ўнутраная «падлянка», чалавечая няздольнасьць, — яна самы эфэктыўны сродак. Журналісты, сацыёлягі, паліттэхнолягі, палітыкі добра ведаюць гэта па сабе.

Гэта вельмі цікава з пункту гледжаньня аналізу. Не скажу, што гэта паталёгія. У сацыялёгіі мы апісваем гэта як «нэгатыўны адбор». Гэта характэрная рэч, калі вы блякуеце ўсе магчымасьці ацэньваць людзей не паводле іхніх вартасьцяў, кампэтэнтнасьці, дасягненьняў, а паводле іхняй асабістай ляяльнасьці. Тады празь нейкі час вы заўсёды будзеце адбіраць найгоршы матэрыял.

Калі вы блякуеце ўсе магчымасьці ацэньваць людзей не паводле іхніх вартасьцяў, кампэтэнтнасьці, дасягненьняў, а паводле іхняй асабістай ляяльнасьці, тады празь нейкі час вы заўсёды будзеце адбіраць найгоршы матэрыял.

І людзі гэта разумеюць, ніякай загадкі для іх у гэтым няма. Але што найгорш — яны ўсьведамляюць гэта як натуральны парадак рэчаў. Вось гэты цынізм, які нараджаецца з досьведу гвалту, выкарыстаньня гвалту, — ён робіцца матрыцай, кодам сацыяльных стасункаў: «Усе сволачы, усе рабуюць, усе драпежнікі, зьверху данізу карумпаваныя». Ці выклікае гэта абурэньне — не. Зайздрасьць да тых, хто пасьпеў, — так. Абурэньня няма, бо ёсьць уяўленьне, што калі б я быў на месцы гэтых чыноўнікаў, то паводзіў бы сябе гэтаксама. Рэальная практыка не такая, але ёсьць ідэя маральнай сапсаванасьці, і гэта вельмі важны момант насьледаваньня савецкай агульнапалітычнай культуры. Гэта і ёсьць вынік усьведамленьня досьведу існаваньня ў татальна рэпрэсіўнай дзяржаве ці грамадзтве.

Аляксандра Дынько: Чым патлумачыць, што пры такой жывой ідэі «братэрства» паміж Расеяй і суседнімі народамі так лёгка ўдаецца ператварыць гэтую «братэрскую» любоў у «братэрскую» ж нянавісьць? Так было з краінамі Балтыі, Грузіяй, і вось цяпер з Украінай. Як гэта ўдаецца?

Па ўзроўні агрэсіўнасьці Расея на адным зь першых месцаў, а гэта спараджае ўзаемны недавер.

Леў Гудкоў: Згадаем досьвед хранічнага гвалту, варожасьці. Псыхолягі, якія займаліся паводзінамі людзей у канцлягеры, называлі гэта «сындром вязьня». Гэта адчуваньне бездапаможнасьці і ўнутранай агрэсіі. Па ўзроўні агрэсіўнасьці Расея на адным зь першых месцаў, а гэта спараджае ўзаемны недавер. Усе дасьледаваньні, у тым ліку і нашы, паказваюць, што ўзровень міжасабовага і міжынстытуцыянальнага даверу ў Расеі вельмі нізкі.

Думаю, што ва Ўкраіне і ў Беларусі такая ж сытуацыя. І адначасовая гатовасьць да агрэсіі з боку іншых. Гэта асаблівасьць культуры. Яна праяўляецца ў вельмі розных рэчах. Ва ўзроўні самагубстваў, злачыннасьці, гвалце ў войску. Нават ва ўзроўні сардэчна-сасудзістых захворваньняў, бо тут справа ня толькі ў мэдыцыне і адсутнасьці патрэбнай дапамогі, але і ва ўнутраным напружаньні і раздражненьні.

Зь іншага боку, ёсьць надзвычай умелая і эфэктыўная прапаганда, якая даўно працавала на масавых стэрэатыпах. Што выкарыстоўваецца ў першую чаргу? Кажуць: «Ва Ўкраіне да ўлады прыйшлі нацысты/фашысты». А гэта азначае, што прапаганда загаварыла на мове Другой сусьветнай вайны, узьняўшы ўвесь пласт асацыяцыяў, комплексаў, уяўленьняў, зьвязаных з той вайной. Усе траўмы, усе пакуты ўмомант выйшлі навонкі, і ўсё гэта перанеслася на ўкраінцаў. Прычым гэта нацкоўваецца і распальваецца сьвядома.

Па нашых апытаньнях, яшчэ ў лістападзе 2013 году аніякай варожасьці, агрэсіі, нязгоды зь лёзунгамі Майдана не было.

Па нашых апытаньнях, яшчэ ў лістападзе 2013 году аніякай варожасьці, агрэсіі, нязгоды зь лёзунгамі Майдана не было. Толькі 28–29% казалі, што Ўкраіну аніяк нельга адпускаць у Эўропу. 70% лічылі, што гэта справа ўкраінцаў і Расея не павінна ўмешвацца. І толькі праз нагнятаньне вобразу ворага, фашызму быў дасягнуты эфэкт кансалідацыі і непрыняцьця. Калі 24 гадзіны запар сталі паказваць разбураныя дамы, абстрэлы, трупы, пажары — узьнялася хваля антыўкраінскай рэакцыі.

Другі важны сэнс антыўкраінскай прапаганды быў у тым, каб дыскрэдытаваць ня толькі і ня столькі Ўкраіну, колькі ўнутраную расейскую апазыцыю. Лібэралаў, прыхільнікаў Захаду, рэформаў, зьмены структуры ўлады. Унутраны пасыл быў такі: «Вы хочаце зьменаў? Рэформаў? Паглядзіце, што з гэтага выходзіць — грамадзянская вайна, братазабойства, разруха, пажары». Віна за гэта, вядома, на Захадзе, які хоча адарваць Украіну ад Расеі, экспартаваць «каляровыя рэвалюцыі», падарваць стабільнасьць улады і іншае.

Пры прыгнечанасьці СМІ, недаступнасьці іншых вэрсіяў падзеяў зрабіць гэта тым лягчэй. Гэта аніяк не зьвязана з штодзённым людзкім досьведам. Людзей нельга пераканаць у тым, што цэны не растуць і што яны ня робяцца бяднейшымі ў сытуацыі крызісу. А ў тым, што да ўлады ва Ўкраіне прыйшлі нацысты, кіеўская хунта, карнікі, — калі гэта правільна пабудаваць, канечне, можна, бо да гэтага заўжды гатовыя.

Дзяржаўная ідэалёгія, дзяржаўная залежнасьць уся пабудаваная на тым, каб пазбавіць чалавека ўласнай вартасьці, уласнай годнасьці.

Адна з асаблівасьцяў калектыўнай сьвядомасьці ў Расеі, зьвязаная, ізноў жа, з досьведам дзяржаўнага гвалту, — гэта нэгатыўная ідэнтычнасьць. Калі людзі сябе вызначаюць па прынцыпе «ад супраціўнага». Дзяржаўная ідэалёгія, дзяржаўная залежнасьць уся пабудаваная на тым, каб пазбавіць чалавека ўласнай вартасьці, уласнай годнасьці. Таму вярнуць сабе павагу, прызнаньне сваёй значнасьці, гонару можна толькі празь зьнешнюю канструкцыю варожай дзейнасьці іншага. Тады ў хвіліны выпрабаваньняў абуджаюцца нашы лепшыя якасьці — стойкасьць, самаадданасьць, любоў да радзімы, адзінства.

Як Пуцін кажа: «Якая галоўная рыса рускага чалавека? Гатовасьць да подзьвігу».

Аляксандра Дынько: У такіх умовах наколькі добра лібэральная апазыцыя ўяўляе сабе свайго выбарца?

Апазыцыя ўсё больш прадстаўляе толькі саму сябе. Яна страціла адчуваньне рэальнасьці.

Леў Гудкоў: Апазыцыя ўсё больш прадстаўляе толькі саму сябе. Яна страціла адчуваньне рэальнасьці. І гэта важныя праблемы, зьвязаныя з тым, што працэсы, якія ішлі апошнім часам, забілі пачуцьцё пэрспэктывы, адчуваньне будучыні, вобраз будучыні. Яўна не спрацавала ідэалёгія і палітычная стратэгія транзыту, якой жыла ўся Ўсходняя Эўропа і посткамуністычная прастора 25–30 гадоў. Рэальнасьць аказалася больш складанай.

Апазыцыя яе не разумее і, што самае галоўнае для мяне, ня хоча разумець. Галоўны спосаб вярнуць гэтую рэальнасьць і яе адчуваньне — уцяміць, што ўяўляе сабою расейская супольнасьць, якія працэсы ў ёй ідуць. Не дагматычна паўтараць, што трэба рабіць, скардзіцца на тое, што ў нас слабыя ці дэфэктныя інстытуты. Інстытуты такія, якія яны ёсьць, і гэта рэальнасьць.

А паспрабаваць даведацца і зразумець розныя групы насельніцтва, прыняць пад увагу іх пункт гледжаньня, якімі праблемамі людзі заклапочаныя, як яны бачаць спосабы іх рашэньня, у чым межы іх разуменьня. І толькі ўявіўшы ўсю складанасьць, мазаічнасьць гэтай карціны, можна нешта паспрабаваць зразумець і знайсьці рэцэпты выхаду з гэтай сытуацыі. А ня проста казаць, што «народ не разумее», «лёгка падманваецца». Канечне, падманваецца, але па пушкінскім прынцыпе: «Обмануть меня не трудно, я сам обманываться рад».

«Ня хлебам адзіным жывы чалавек» — гэта важна. У падмурку транзыталёгіі ў расейскай ці постсавецкай вэрсіі быў усё ж такі эканамічны дэтэрмінізм і ідэя чалавека рацыянальнага, які кіруецца толькі меркаваньнямі ўласнай карысьці.

Але ня толькі гэта. Нашмат важней вярнуць сабе пачуцьцё ўласнай павагі, страчанае ў сувязі з калясальнымі зьменамі. Трэба зразумець, якія рэсурсы ёсьць у чалавека, каб яго вярнуць, і як гэтымі рэсурсамі маніпулююць.

Вось гэтага апазыцыя практычна ня можа зрабіць. Таму яна ўнутрана ўся разадралася, рассварылася паміж сабою, вінаваціць сацыёлягаў, крамлёўскую прапаганду, канапных лібэралаў і гэтак далей.

Гутарка зь Львом Гудковым адбылася ў студзені 2017 году ў Оксфардзе (Вялікая Брытанія) падчас сэмінару, які наладзіла Асацыяцыя школ палітычных дасьледаваньняў пры Радзе Эўропы. Выказваем шчырую падзяку арганізатарам гэтай падзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG