Журналістка і тэлевядоўца Ксенія Сабчак вярнулася ў Расею. Пра гэта РБК паведаміла крыніца, блізкая да сілавых структураў. РІА «Новости» і Mash паведамілі пра гэта з спасылкай на відавочцаў, якія бачылі, як яна перасякае мяжу з Латвіяй праз наземны пункт пропуску «Бурачкі» у Пскоўскай вобласьці.
Маці Сабчак, сябра Савету Фэдэрацыі Людміла Нарусава, і адвакат Сяргей Бадамшын адмовіліся ад камэнтароў. Раней Нарусава паведаміла, што яе дачка хутка вернецца ў Расею. Яна таксама заявіла, што ў Сабчак няма працэсуальнага статусу ў справе аб вымаганьні, а адвакаты яе дачкі абскарджваюць сам факт ператрусу ў яе падмаскоўным доме.
Сабчак зьехала з Расеі ў Літву пасьля затрыманьня і арышту яе камэрцыйнага дырэктара Кірыла Суханава ў справе аб вымаганьні ў асабліва буйным памеры ў кіраўніка «Ростех» Сяргея Чэмезава. Цьвярскі суд Масквы таксама адправіў пад арышт у гэтай справе былога галоўнага рэдактара часопісу Tatler Арыяна Раманоўскага.
Ператрусы прайшлі ў загарадным доме Сабчак. ТАСС і «База» з спасылкай на ананімныя крыніцы паведамлялі, што Ксенія Сабчак праходзіць у гэтай справе ў якасьці падазронай і што яе хацелі затрымаць. Афіцыйных паведамленьняў ад МУС Расеі не было.
Адвакат Сяргей Бадамшын, спаслаўшыся на матэрыялы справы, паведаміў, што ў Сабчак не было і няма статусу падазраванай ці абвінавачанай. 28 кастрычніка ТАСС з спасылкай на крыніцы паведаміў, што МУС скасавала пастанову аб прыцягненьні Сабчак як падазраванай у справе аб вымаганьні.
Журналістка паведамленьня аб сваім працэсуальным статусе не камэнтавала.
Ксенія Сабчак — уладальніца мэдыяхолдынгу «Осторожно Media». Журналістка зь дзяцінства знаёмая з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Ён быў памочнікам яе бацькі, першага мэра Санкт-Пецярбургу Анатоля Сабчака.
У 2018 годзе Сабчак балятавалася ў прэзыдэнты Расеі, выступаючы з апазыцыйнымі да палітыкі Пуціна заявамі, у тым ліку і аб прыналежнасьці Крыму Ўкраіне. Яна набрала крыху больш за 1% галасоў. Апазыцыйны палітык Аляксей Навальны тады заяўляў, што Сабчак дзейнічала ў інтарэсах Крамля, яна гэта адмаўляла.
Сабчак пры выезьдзе з Расеі скарысталася пашпартам грамадзянкі Ізраілю. Раней яна не камэнтавала паведамленьняў аб атрыманьні ізраільскага грамадзянства.