Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня плачу ад гора ці злосьці, а ад радасьці ці замілаваньня магу». Вытрымкі зь лістоў Марыны Золатавай. Сёньня ёй 45 гадоў


Марына Золатава
Марына Золатава

6 лістапада дзень народзінаў палітзьняволенай, галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай. Ёй 45. Гэта другі дзень нараджэньня, які яна праводзіць за кратамі.

Навіны ад яе і пра яе даходзяць рэдка і пакрысе. Апошняя — Марыну ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў». Калі ў яе суд, невядома. Да дня нараджэньня блог «Людзі» сабраў вытрымкі з лістоў і вестачак, якія ў апошні час прыходзілі ад Марыны.

Аб добрым і дрэнным

Марына Золатава. 2020 год.
Марына Золатава. 2020 год.

— Хутка паўтара года як я ў турме. Час праляцеў незаўважна. Цяпер ужо складана сказаць, якія эмоцыі я зьведваю з гэтай нагоды. Несправядлівасьць, мабыць, гэта галоўнае. За гэтыя паўтара года ўнутры мяне былі вельмі розныя пачуцьці — і нэгатыўныя, і пазытыўныя. З апошніх пазытыўных — навіна аб тым, што Алесь Бяляцкі атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Навіны тут вельмі спазьняюцца, але, што цікава, за некалькі хвілін да таго, як я пра ўсё даведалася, я зь ім разам ішла па калідоры турмы. А ён, сьціплы, нічога не сказаў. Проста ўяві, як гэта выглядае, чалавек, які атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру, сядзіць у некалькіх камэрах ад цябе. Думаю, гэтая Нобэлеўка Бяляцкага матывуе і натхняе ўсіх палітвязьняў. У нас на Валадарцы так дакладна.

Мой самы шчасьлівы за гэтыя паўтара гады момант, калі мяне вазілі ў СК і я ўбачыла на Валадарцы сваіх родных... Шмат радасьці дастаўляюць лісты. Цяпер з імі неяк зусім дрэнна, але я разумею, што людзі не забываюцца.

А калі пра дрэннае... Гэта прысуды многім палітычным і 24 лютага. Ужо некалькі месяцаў мы жывем у новай рэальнасьці. У галаве пракручваецца шмат сцэнараў, а па выніку здарыцца можа нешта зусім іншае. Я ўжо зьмірылася, што ўсё гэта можа зацягнуцца надоўга. Нават не тое што зьмірылася, а проста да гэтага гатова.

Аб навінах і амністыі

Рэдактар парталу Tut.by Марына Золатава. Архіўнае фота.
Рэдактар парталу Tut.by Марына Золатава. Архіўнае фота.

— Больш перажываеш з-за таго, што адбываецца ў краіне і сьвеце. Мы кожны дзень глядзім навіны па тэлевізары. Адзін раз беларускія, адзін — расейскія. Нешта паведамляюць родныя, нешта чытаем у лістах. Але інфармацыі вельмі не хапае. Даводзіцца складаць пазл з таго, што ёсьць.

Цікава, што першыя чуткі пра амністыю, у тым ліку і для палітычных, у нас узьніклі задоўга да таго, як Макей паехаў у Нью-Ёрк на Генасамблею ААН

Я табе шчыра скажу, у турме вельмі часта гавораць пра амністыю (пачытай Салжаніцына). Проста кожны спадзяецца хутчэй выйсьці на волю. Я таксама спадзяюся, але ў той жа час разумею, што хутчэй за ўсё суд прызнае мяне вінаватай і дасьць вялікі тэрмін. З чаго мне спадзявацца на цуд?

Аб вайне


— 24 лютага Расея напала на Ўкраіну. Тут розначытаньняў быць не можа. Я разумею, што людзі вядуцца на прапаганду. Ведаю, што і беларусы вядуцца. Вядома, калі па целіку так шмат расейскага кантэнту... Але рана ці позна міф разбурыцца [так ужо было ў гісторыі].

Думаю, Украіна пераможа, яны значна больш матываваныя і ім дапамагае ўся сусьветная супольнасьць. Яны абараняюць сваю радзіму, але часу ім можа спатрэбіцца вельмі шмат. Колькі, ня ведае ніхто. Сумна таму, што ўвесь гэты час гінуць і церпяць людзі. Адна справа разважаць аб гістарычных падзеях, назіраючы здалёк, іншая справа — калі гэта тычыцца цябе наўпрост. Адзін год, пяць і нават дзесяць — для гісторыі нішто. А для канкрэтнага чалавека — большая частка жыцьця. Таму ўсе мы ў глыбіні душы спадзяемся, што ўсё гэта скончыцца хутка.

Аб людзях вакол

Суд над Марынай Золатавай па «справе БелТА». 2019 год.
Суд над Марынай Золатавай па «справе БелТА». 2019 год.

— Калі мяне затрымалі, я была адзінай палізьняволенай у чатырохмясцовай камэры, потым у шасьцімясцовай нас было двое, а ў дзесяцімясцовай — чацьвёра. Паступова колькасць палітычных расьце. Самы распаўсюджаны артыкул — 342-ы. Усё гэта вельмі розныя людзі: мастакі, праграмісты, бізнес-аналітыкі, майстры па манікюры, рабочыя, настаўнікі, урачы. Сустракалася, напрыклад, з 18-гадовай дзяўчынкай, якой «у момант учыненьня злачынства» было 16, і з 55-гадовай Ірынай Коваль, якая ў БНФ з 1988 года.

Адразу, калі нехта новы заходзіць у камэру, ацэньваем, што за кантынгент. Стараемся паглядзець валасы, пытаемся пра хваробы. Часта сустракаюцца людзі з ВІЧ і гепатытам. Ёсьць грамадзянкі, якіх трэба прымушаць сьціраць рэчы і мыцца. Ды яшчэ і паказваць, як гэта рабіць. Раней такія рэчы шакіравалі, але зараз — прыкрая дробязь.

Аб расстаньні з сям’ёй

Марына і яе муж Васіль.
Марына і яе муж Васіль.

— Бытавыя складанасьці — гэта з разраду «з гэтым можна жыць». Значна складаней даецца расстаньне з сямʼёй. Але ў мяне цудоўныя родныя. Дзеці побач з мужам, так што за іх я спакойная. Я прапусьціла ўжо два дні нараджэньня сына і два — дачкі. Прапусьціла Надзін выпускны і паступленьне ў Акадэмію мастацтваў.

Марына Золатава і яе дачка Надзея
Марына Золатава і яе дачка Надзея

Гэта, вядома, сумна, але я ведаю, што за гэты час яны, гэта значыць мы, згуртаваліся мацней, а яны сталі дарослымі і самастойнымі. Сын вырас на 10 сантымэтраў, а я прапусьціла гэта. Я заўсёды кажу, каб кампэнсаваць гэты скрадзены ў нас час, мы проста абавязаны жыць далей.

Аб кнігах

— Кнігі — вельмі важная частка турэмнага жыцьця. Пасьля сотай я ўжо перастала лічыць, колькі ўсяго прачытала. Але важная нават не колькасьць, а якасьць. У апошні час было шмат «цяжкай артылерыі»: «Архіпелаг ГУЛАГ», «Блякадная кніга». Чытаю, бо важна ведаць гэта ўсё сёньня. У Салжаніцына, безумоўна, самае маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсій. Я раней чытала шмат кніг на гэтую тэму, але «Архіпелаг ГУЛАГ» цалкам раней не чытала. І што? Ведаеш, калі мне дзяўчынкі зараз расказваюць пра Акрэсьціна, гэта мала чым адрозьніваецца ад Салжаніцына. Напрыклад, у камэры на аднаго было восем чалавек. Шконку на ноч нават не адшпільвалі, ляжалі на падлозе, каб месца зэканоміць. А яшчэ па 10, 15 і больш сутак яны жывуць там без перадач, зьменнай бялізны, без прагулак, без душа (у нас ён раз на тыдзень).

Аб спорце

— Раніцай раблю невялікую зарадку-размінку ў камэры. На прагулцы яшчэ комплекс практыкаваньняў, у тым ліку тое, што памятаю са стэп-аэробікі. А потым прабежка — бегаю на месцы роўна гадзіну (калі ў камэру не кажуць ісьці раней). Гэтая гадзіна прабежкі — своеасаблівая мэдытацыя. Руху тут страшна не хапае. Некаторыя забіваюць на яго і па месяцы не выходзяць на шпацыр. Іншая важная рэч — гартаваньне. Гэта дапамагае трымаць цела ў тонусе.

Аб сьлязах

— Тут я не плачу ад гора ці злосьці. А вось ад радасьці ці замілаваньня — лёгка магу. Цяпер калі мяне і прабівае на сьлёзы, то менавіта ад чагосьці кранальнага. Ад нейкіх крутых чалавечых учынкаў.

Адрас палітзьняволенай: 220050, вул. Валадарскага, 2, Мінск, Беларусь, Золатавай Марыне Васільеўне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG