Новы ўрад Швэцыі дыстанцуецца ад курдзкага апалчэньня ў Сырыі, каб атрымаць ухвалу Турэччыны на ўступленьне ў NATO. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Швэцыі Тобіяс Більстрам.
Анкара лічыць курдзкія Атрады народнай самаабароны (YPG) і іх палітычнае крыло «Дэмакратычны саюз» (PYD) зьвязанымі з Курдзкай рабочай партыяй (КРП), якая прызнана тэрарыстычнай арганізацыяй у Турэччыне, а таксама ў ЗША і ЭЗ. Разам з гэтым, Швэцыя разам з ЗША і некаторымі іншымі членамі альянсу падтрымлівала YPG у барацьбе супраць «Ісламскай дзяржавы».
«Існуе занадта шчыльная сувязь паміж гэтымі арганізацыямі і КРП, каб гэта было добра для адносін паміж намі і Турэччынай. Галоўная мэта — членства Швэцыі ў NATO», — сказаў кіраўнік МЗС Швэцыі Більстрам у інтэрвію Швэдзкаму радыё.
Што будзе з курдзкімі і турэцкімі ўцекачамі, якія пражываюць у Швэцыі і Фінляндыі, і якіх патрабуе выдаць Анкара, на гэты момант невядома.
Швэцыя і Фінляндыя сёлета ў траўні адмовіліся ад традыцыйнага нэўтралітэту на фоне ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну і падалі заявы на ўступленьне ў NATO.
Альянс запусьціў працэдуру прыёму дзьвюх краін у канцы чэрвеня, пасьля таго як прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган зьняў пярэчаньні супраць далучэньня Швэцыі і Фінляндыі да блёку. Анкара патрабавала ад Хэльсінак і Стакгольму выдачы меркаваных курдзкіх экстрэмістаў і падазраваных у датычнасьці да спробы дзяржаўнага перавароту 2016 году. Пазьней Эрдаган абвінаваціў Швэцыю ў невыкананьні гэтых абяцаньняў.
Празь некалькі дзён прэм’ер-міністар Швэцыі Ульф Крыстэрсан павінен паехаць у Анкару для перамоваў з Эрдаганам, дзе асноўнай тэмай будзе членства ў вайсковым блёку. У Стакгольме мяркуюць, што Вугоршчына таксама адмовіцца ад сваіх пярэчаньняў.