У чэрвені 2023 году канфэрэнцыя Міжнароднай арганізацыі працы зьбіраецца разгледзець санкцыйныя захады супраць Беларусі ў сувязі зь невыкананьнем правоў незалежных прафсаюзаў. Такое палажэньне зьмяшчаецца ў праекце дакумэнту, які МАП мае намер разгледзець 8 лістапада.
Ураду Рэспублікі Беларусь рэкамэндуюць да сакавіка 2023 году даць справаздачу аб выкананьні рэкамэндацый МАП. Пасьля вывучэньня справаздачы Адміністрацыйная рада МАП прапануе канфэрэнцыі меры рэагаваньня на падставе артыкулу 33 свайго статуту («...Адміністрацыйная рада можа рэкамэндаваць канфэрэнцыі такія дзеяньні, якія яна палічыць мэтазгоднымі для забесьпячэньня выкананьня гэтых рэкамэндацый»).
У праекце рашэньня Міжнароднай арганізацыі працы, якое павінна быць разгледжана 8 лістапада, зьмяшчаецца «настойлівы заклік» да ўраду Беларусі «неадкладна вызваліць» і «зьняць усе зьвязаныя абвінавачаньні» супраць сяброў незалежных прафсаюзаў, арыштаваных за ўдзел у мірных сходах або за ажыцьцяўленьне сваіх грамадзянскіх свабод у адпаведнасьці зь іхнай законнай прафсаюзнай дзейнасьцю.
Як зазначаецца ў дакумэнце, камісія МАП па расьсьледаваньні, створаная для праверкі захаваньня ўладамі Беларусі Канвэнцыі аб свабодзе асацыяцый і абароне права на арганізацыю 1948 году і Канвэнцыі аб праве на арганізацыю і вядзеньне калектыўных перамоў 1949 году, устанавіла, што ўрад «сур’ёзна адступіў» ад узятых абавязаньняў перад МАП.
У чэрвені 2022 году камітэт прымяненьня нормаў МАП выказваў «шкадаваньне наконт крайняга гвалту падчас задушэньня мірных пратэстаў, а таксама затрыманьня, турэмнага зьняволеньня і жорсткага абыходжаньня з работнікамі падчас утрыманьня пад вартай».
Паводле зьвестак МАП, у Беларусі 23 чальцоў прафсаюзу арыштавалі або іх свабоду перамяшчэньня абмежавалі.
У праекце рашэньня арганізацыя выказвае шкадаваньне ў сувязі з тым, што ўрад Беларусі «не дабіўся ніякага прагрэсу ў выкананьні рэкамэндацый камісіі па расьсьледаваньні 2004 году» і «настойліва заклікае забясьпечыць поўную павагу свабоды асацыяцыі і, у прыватнасьці, адмяніць усе заканадаўчыя і іншыя меры, якія прама ці ўскосна прыводзяць да абвяшчэньня па-за законам незалежных прафсаюзаў ці арганізацый працадаўцаў».
Акрамя таго, зьмяшчаецца заклік да ўраду даць магчымасьць спэцыялістам МАП у «тэрміновым парадку высьветліць умовы арышту і ўтрыманьня пад вартай і стан» сяброў прафсаюзаў.
18 і 19 красавіка па Беларусі пракацілася хваля ператрусаў і затрыманьняў актывістаў незалежнага прафсаюзнага руху. Праваабаронцы прызналі прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў, якія трапілі пад рэпрэсіі, палітвязьнямі. У лістападзе пачнуцца суды над імі.
У ліпені Вярхоўны суд зьліквідаваў усе незалежныя прафсаюзныя арганізацыі: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыі, якія ўваходзілі ў яго склад — Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ), Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, працаўнікоў, энэргетыкаў (БНП), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП).
Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі асудзілі дзеяньні беларускіх улад. Камітэт выкананьня нормаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў кіраўніцтва Беларусі неадкладна аднавіць права працоўных на свабоду асацыяцый.