У Менскім гарадзкім судзе 13 кастрычніка асудзілі палітзьняволеных старшыню нізавой прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў на Менскім аўтамабільным заводзе Арцёма Жарнака і яго паплечніка Данііла Чаўнакова. Справу супраць палітвязьняў разглядалі ў закрытым рэжыме.
Судзьдзя Натальля Бугук прызначыла Арцёму 4 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а Даніілу — 5 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
29-гадовага Арцёма Жарнака і 20-гадовага Данііла Чаўнакова затрымалі 17 лістапада 2021 году. Амаль год яны знаходзяцца пад вартай у СІЗА-1.
Палітвязьняў судзілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 3 арт. 361 (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
- ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
- ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Праваабаронцы адзначаюць, што Арцём Жарнак ня згодны з вынесеным рашэньнем і мае намер яго абскардзіць.
На экс-кіраўніка «прэзыдэнцкага пула» журналістаў АНТ завялі крымінальную справу
На Дзьмітрыя Семчанку завялі крымінальную справу за «распальваньне нянавісьці», паведаміў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.
Экс-кіраўніка «прэзыдэнцкага пула» журналістаў АНТ Дзьмітрыя Семчанку затрымалі 15 верасьня і прысудзілі яму 15 дзён арышту за «дробнае хуліганства», потым — яшчэ 13 дзён за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», але на волю ён так і ня выйшаў. Пазьней у кампаніі «Белагра», дзе ён працаваў, прайшлі ператрусы і затрыманьні.
Сілавікі затрымалі супрацоўніка МТС за «перадачу зьвестак у „Чорную кнігу Беларусі“»
Сілавікі затрымалі начальніка аддзела перадбілінгу і тарыфікацыі МТС, піша «Медиазона» са спасылкай праўладны тэлеграм-канал. Аўтары канала сьцьвярджаюць, што затрыманы перадаў адміністратарам «Чорнай кнігі Беларусі» зьвесткі пра больш як 100 чалавек.
«Па заданьнях з-за мяжы незаконна ажыцьцяўляў доступ да канфідэнцыйнай базы ня толькі асабістых дадзеных, але і тэлефонных злучэньняў абанэнтаў», — пішуць яны.
На «пакаяльным» відэа затрыманы кажа, што перадаваў тэлеграм-каналу «асабістыя дадзеныя і злучэньні абанэнтаў праваахоўных органаў і некаторых службовых асобаў».
«Чорная кніга Беларусі» — тэлеграм-канал, які з 2020 года займаецца дэананімізацыяй сілавікоў. У красавіку 2021 году суд у Гомлі прызнаў яго «экстрэмісцкім».
Палітзьняволеную маці дваіх дзяцей асудзілі на 4,5 года калёніі
Палітзьняволеную Анастасію Ганчарэвіч асудзілі на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Вядома, што спачатку жанчыну абвінавачвалі толькі паводле арт. 342 КК, аднак у выніку прызналі вінаватай ня толькі паводле яго, але таксама паводле арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), паведамляе «Вясна».
Вырак вынесла Ірына Ланчава ў Магілёўскім абласным судзе 26 кастрычніка. Справу разглядалі ў закрытым рэжыме.
Анастасію затрымалі раніцай 1 лютага 2022 году, калі яна зьбіралася ехаць на працу. У сям’і двое дзяцей.