Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў футарале. Як улады прасоўваюць прапагандысцкую кнігу і колькі яна каштуе дзяржаве


Кніга пра Аляксандра Лукашэнку
Кніга пра Аляксандра Лукашэнку

У Беларусі ў пачатку 2025 году, акурат перад выбарамі прэзыдэнта, выдалі прэзэнтацыйную кнігу пра Аляксандра Лукашэнку пад назвай «Наш Президент», аўтарамі якой выступілі чыноўнікі і набліжаныя да ўлады дзеячы Аляксандар Радзькоў, Натальля Эйсмант, Уладзімер Пярцоў і Аляксандар Карлюкевіч.

Выданьне суправаджала шумная інфармацыйная кампанія, кнігу актыўна набываюць дзяржаўныя структуры за бюджэтныя сродкі, пра што ў дэталях можна даведацца з тэндэраў.

Свабода вывучыла, як бюджэтныя арганізацыі выдаткоўваюць сродкі на куплю кнігі пра Аляксандра Лукашэнку, якая выйшла да выбараў 26 студзеня.

Прэзэнтацыйнае выданьне на крэйдавай паперы і ў футарале

Кнігу надрукавалі ў падарункавым выглядзе — яна прадаецца ў адмысловым футарале, у які укладваюць том. Для друку выкарысталі найбольш якасную і дарагую крэйдавую паперу, якую выкарыстоўваюць для глянцавых часопісаў, прэзэнтацыйных каталёгаў і рэклямных матэрыялаў, дзе важныя яркасьць фарбаў, прыемныя выгляд і тактыльныя адчуваньні. Звычайна ў такіх фарматах выдаюць іміджавыя фотаальбомы, якія распаўсюджваюць на розных імпрэзах, перамовах, сьвятах.

Разварот кнігі «Наш прэзыдэнт»
Разварот кнігі «Наш прэзыдэнт»

У асобнікі таксама ўклеілі канвэрты, у якія ўклалі копіі студэнцкай характарыстыкі Лукашэнкі, ягонай заліковай кніжкі, граматаў і некаторых рукапісаў, а таксама копіі дзяржаўных газэт зь ягоным «антыкарупцыйным» выступам у парлямэнце ў 1993 годзе, матэрыяламі аб складаньні ім першай прысягі пасьля абраньня ў 1994 годзе.

Кніга вялікага памеру (22 на 29 см), мае 200 старонак. Наклад 5 тысяч асобнікаў.

Як вынікае з выходных зьвестак, кнігу рыхтавалі ў выдавецтве «Беларусь», падначаленым Міністэрству інфармацыі, а выдалі ў «Беларускім доме друку», які належыць кіраўніцтву справаў Аляксандра Лукашэнкі. Інфармацыі пра тое, хто аплочваў рыхтаваньне і друк кнігі, няма, але, імаверна, выданьне фінансавалі менавіта гэтыя дзяржаўныя структуры.

Як сьцьвярджаюць выдаўцы, выданьне дарагога сабекошту, якое можа акупіцца толькі пры вялікім накладзе. Цяпер цана адной кнігі 200–205 рублёў.

Кнігу распрадалі і ўхвалілі другое выданьне

Кнігу, выдадзеную ў дзяржаўным выдавецтве за дзяржаўныя сродкі, распаўсюджваюць праз дзяржаўныя кнігарні адкрытага акцыянэрнага таварыства «Белкніга», якое таксама падпарадкоўваецца Міністэрству інфармацыі. ААТ «Белкніга», як сказана на сайце ведамства, мае найбольшую гандлёвую сетку — 95 гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку 86 кнігарняў ва ўсіх рэгіёнах краіны.

З адкрытай інфармацыі вынікае, што ў крамах «Белкнігі» дэфіцыту выданьня «Наш Президент» няма — застаюцца вялікія запасы.

Скрыншот сайту «Белкніга» з колькасьцю наяўных кніг у крамах Беларусі
Скрыншот сайту «Белкніга» з колькасьцю наяўных кніг у крамах Беларусі

Аўтары выданьня заяўлялі, што кніга стала «бэстсэлерам» літаральна за некалькі дзён, што нібыта «людзі загадзя запісваюцца ў чаргу», каб яе купіць. Вялікі попыт, зь іхных словаў, прывёў да рашэньня выдрукаваць другое выданьне накладам 10 тысяч асобнікаў.

Калі верыць дзяржаўным СМІ, якія паведамілі, што літаральна за два тыдні першы наклад раскупілі, то агульная выручка магла скласьці адзін мільён беларускіх рублёў.

За другі наклад, калі цана асобніка захаваецца, утаргаваць можна 2 мільёны беларускіх рублёў.

Кнігу пра Лукашэнку купляюць сілавікі і турмы

Толькі з 10 лютага да 25 сакавіка 2025 году дзяржаўныя арганізацыі замовілі 501 кнігу агульным коштам 102705 рублёў(гэта амаль 33 тысячы даляраў).

Сярод замоўнікаў былі ня толькі розныя выканаўчыя органы ўлады, а і сілавыя органы, папраўчыя калёніі, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў. Апошні пакуль у лідэрах па колькасьці набытых кніг — 74.

На другім месцы цяпер Цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацыяў Дзяржынскага раёну і Берасьцейскі выканаўчы камітэт. Кожны зь іх купіў па 50 асобнікаў.

Вайсковая частка 3214 (брыгада спэцыяльнага прызначэньня МУС Беларусі) замовіла тры асобнікі кнігі, папраўчая калёнія №26 — адзін, Цэнтральны апарат Сьледчага камітэту — васямнадцаць, Берасьцейскі абласны выканаўчы камітэт — дваццаць, упраўленьне ўнутраных справаў Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту — дваццаць пяць, Дзяржаўны мытны камітэт — дзесяць, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва — пяць.

Як кнігу пра Лукашэнку купляюць для школьнікаў

Сярод пакупнікоў кнігі — і сярэднія школы. Так, напрыклад, Цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацыяў Барысаўскага раёну заявіў аб жаданьні набыць 24 асобнікі выданьня. У апісаньні тэндэра яны пералічылі амаль усе школы і гімназіі Барысава. Іх у сьпісе 22, а ў горадзе 25.

Скрыншот на дзяржаўны закуп для Цэнтру забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацыяў Барысаўскага раёну
Скрыншот на дзяржаўны закуп для Цэнтру забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацыяў Барысаўскага раёну

Горадзенскі гарадзкі цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці ўстановаў сфэры адукацыі набыў толькі 2 асобнікі кнігі пра Лукашэнку, Горадзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналёгіяў і дызайну — 2 , Вушацкі раённы цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацыяў — адну.

Замову на набыцьцё кнігі пра Лукашэнку разьмясьціла і Петрыкаўская спэцыяльная школа-інтэрнат для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі маўленьня і цяжкасьцямі ў навучаньні.

Улады маніпуляцыйна выкарыстоўваюць дзяцей у інфармацыйнай кампаніі прасоўваньня кнігі. Так, напрыклад, адзін зь яе аўтараў, былы міністар адукацыі і кіраўнік «Белай Русі» Аляксандар Радзькоў сьцьвярджаў, што нібыта бачыў, як хутка раскуплялі наклад: «Людзі вельмі хацелі купіць і ўсім не хапала, таму запісваліся ў чэргі». Буйныя дзяржаўныя выданьні перадрукавалі гісторыю, якую расказаў Радзькоў пра дзяўчынку, якая нібыта прасіла ў краме «Сьветач» гэтую кнігу «бяз запісу» — тату на дзень народзінаў. «Вось такія шчырыя, кранальныя рэчы, яны доказна сьведчаць, што сапраўды ўсім беларусам (і ня толькі) гэтая кніга цікавая», — рэзюмаваў Радзькоў.

Прэзэнтацыя кнігі «Наш прэзыдэнт» ў магілёўскай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце для дзяцей, хворых на скаліёз.
Прэзэнтацыя кнігі «Наш прэзыдэнт» ў магілёўскай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце для дзяцей, хворых на скаліёз.

Па школах езьдзяць з прапагандысцкімі кампаніямі. Як паведаміла рэгіянальнае выданьне, у Магілёве прэзэнтацыю кнігі правялі ў дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце для дзяцей, хворых на скаліёз. На прэзэнтацыю, якую вёў дэпутат Ігар Марзалюк, прывялі ня толькі функцыянэраў гарадзкіх дзяржаўных арганізацыяў, а і навучэнцаў і пэдагогаў гэтай установы. Паводле выданьня, дзеці «зь цікавасьцю пагарталі кнігу».

Гомельскае выданьне расказала, як з набыцьцём кнігі «збылася мара» настаўніцы пачатковых клясаў Веры Дзямідавай, і разьмясьціла яе фота разам з школьнікамі. «Пасьля набыцьця кнігі „Наш прэзыдэнт“ Вера Аляксееўна найперш прынесла яе ў школу, каб паказаць дзецям. Цяпер 3 „В“ на пераменах не відаць у калідорах — увесь вольны час яны вывучаюць старонкі выданьня. Хлопчыкі і дзяўчаткі растуць сапраўднымі патрыётамі, як і іх настаўніца. Бо яна для іх галоўны прыклад патрыятызму, павагі да кіраўніка дзяржавы і сваёй краіны», — сказана ў публікацыі.

Настаўніца пачатковых клясаў Вера Дзямідава з кнігай «Наш прэзыдэнт» у школе мястэчка Карма
Настаўніца пачатковых клясаў Вера Дзямідава з кнігай «Наш прэзыдэнт» у школе мястэчка Карма

Аб’ёмы бюджэтных сродкаў, якія школы вылучаюць, каб набыць кнігу пра Лукашэнку, можна ацаніць пры параўнаньні з закупкамі праз такія ж тэндэры, напрыклад, кніг для дзяцей.

У прыватнасьці, сёлета ў лютым Цэнтар забесьпячэньня дзейнасьці бюджэтных арганізацыяў Лёзьненскага раёну набыў 81 дзіцячую кнігу за 573,06 рублёў. На тры мільёны рублёў, якія могуць атрымаць за продаж першага і другога выданьняў пра Лукашэнку, можна было б набыць 424 039 дзіцячых кніг — прыкладна па 3593 кнігі на кожны з 118 адміністрацыйных раёнаў Беларусі.

У кнізе пра Лукашэнку адрэдагавалі гісторыю

Выданьне і продаж кнігі суправаджаліся пашырэньнем мітаў, мэта якіх была максымальна заахвоціць цікаўнасьць і актывізаваць рэалізацыю тавару. Некаторыя гэтыя легенды нагадваюць узоры прапаганды савецкіх часоў.

На сайце Беларускага дому друку паведамлялі, што «вытворчасьць кнігі «ледзь не спынялася, бо супрацоўнікаў, залучаных у тэхналягічны працэс», не аднойчы лавілі за чытаньнем гэтай кнігі. У савецкі час былі падобныя інфармацыйныя прыёмы: пісалі, што простыя грамадзяне адстойвалі чэргі, каб купіць газэту з матэрыяламі чарговага зьезду КПСС.

Разварот кнігі «Наш прэзыдэнт»
Разварот кнігі «Наш прэзыдэнт»

У самім тэксьце кнігі шмат штампаў, створаных за час 30-гадовага праўленьня Лукашэнкі — як ён у 1990-х ратаваў сельскую гаспадарку, прамысловасьць і ўхваляў «рашэньні ад зямлі», каб не было голаду, бо «на складах мукі для хлебу было на тры дні», як захаваў усё, што «абрынулася» пасьля развалу Савецкага Саюзу. У кнізе праводзіцца паралель між перамогай СССР у Другой усясьветнай вайне і сілавым захаваньнем улады Лукашэнкі ў 2020 годзе.

У той жа час, як можна меркаваць з апублікаваных дзяржаўнымі СМІ фота, у кнізе ня згадваюцца падзеі 1996 году, калі парлямэнт пачаў працэдуру імпічмэнту Лукашэнкі.

Адметна, што ў выданьні няма арыгінальнага фота прысягі Аляксандра Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце побач зь бел-чырвона-белым сьцягам пасьля перамогі на выбарах у 1994 годзе. Гэты момант праілюстравалі фотакопіяй нумару газэты «Звязда» таго часу, аднак выглядае, што і яе адрэдагавалі: бел-чырвона-белы сьцяг каля парлямэнцкай трыбуны і герб Пагоня на ёй ператварыліся ў белыя плямы. Але ёсьць фатаздымак Аляксандра Лукашэнкі з аўтаматам у 2020 годзе.

Копія нумару газэты «Звязда» з фотаздымкам прысягі Лукашэнкі ў 1994 годзе з белымі плямамі замест бел-чырвона-белага сьцягу і герба Пагоня на ім
Копія нумару газэты «Звязда» з фотаздымкам прысягі Лукашэнкі ў 1994 годзе з белымі плямамі замест бел-чырвона-белага сьцягу і герба Пагоня на ім

Параўналі з Караткевічам

Для актыўнага продажу кнігі прапагандысты абвясьцілі кампанію пад назвай «Чытаем кнігу „Наш президент“ разам». Прапагандысты расказваюць, як гэтую кнігу «чытаюць у адзіноце і цэлымі калектывамі», яе ўручаюць працоўным заводу разам зь білетамі сяброў праўладнай партыі «Белая Русь», на яе пішуць водгукі ўдзячныя чытачы:

«Кніга „Наш президент“ — гэта ня проста дакумэнтальна-біяграфічны нарыс, а сапраўдны партрэт лідэра, які вядзе краіну наперад».

«Гэтае выданьне павінен прачытаць кожны грамадзянін Беларусі. Бо мы — беларусы — выбралі свайго прэзыдэнта! Гэта сапраўды наш, народны прэзыдэнт. І цяпер у нас ёсьць кніга, у якой кожны ахвочы можа пабачыць, прачытаць, адчуць увесь шлях Першага да прэзыдэнцтва і тую велізарную працу, якую выконвае штодзень наш прэзыдэнт».

Пост у тэлеграм-канале Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўніверсітэту аб тым, як яго супрацоўнікі і студэнты чытаюць кнігу «Наш прэзыдэнт»
Пост у тэлеграм-канале Віцебскага дзяржаўнага мэдычнага ўніверсітэту аб тым, як яго супрацоўнікі і студэнты чытаюць кнігу «Наш прэзыдэнт»

Зьмест і ілюстрацыі такіх публікацыяў нагадваюць традыцыйныя для савецкага часу кампаніі праслаўленьня правадыроў ад Леніна і Сталіна да Брэжнева.

Валерыя Хурсевіч, прадстаўніца «Белкнігі», якая адказвае за рэалізацыю выданьня пра Лукашэнку, заявіла, што на апошняй Менскай міжнароднай кніжнай выставе кніга «Наш президент» «была ў лідэрах цягам усіх дзён выставы», а на другім месцы паводле попыту апынулася кніга «Чорны замак Альшанскі» Ўладзімера Караткевіча. На трэцім месцы, паводле яе словаў, былі выданьні пра Другую ўсясьветную вайну.

Іншыя кнігі пра «нашых прэзыдэнтаў» на постсавецкай прасторы

Назва, якую аўтары біяграфіі Лукашэнкі выбралі для свайго выданьня, — неарыгінальная. На постсавецкай прасторы ёсьць некалькі такіх выданьняў, найперш у краінах з аўтарытарным стылем праўленьня.

У 2014 годзе ў Казахстане выйшла кніга «Наш Президент» пра Нурсултана Назарбаева. Яе прадавалі па 4 130 тэнге — прыблізна 25,62 беларускага рубля ў эквіваленце.

У Расеі для дзяцей ад 3 да 7 гадоў з такой жа назвай выдалі фотаальбом пра біяграфію Ўладзіміра Пуціна. Яго цана 250 расейскіх рублёў за электронны варыянт (9,73 беларускага рубля), а за папяровы — 1200 расейскіх рублёў (46,69 беларускага рубля ў эквіваленце).

У 2020 годзе расейскі аўтар Дзьмітры Сядоў напісаў мастацка-публіцыстычную кнігу «Наш Президент». У ёй імёны выдуманыя, але расейскіх палітыкаў адразу можна пазнаць. Яе цана 905 расейскіх рублёў (35,16 беларускага рубля).

Кіраўнікі постсавецкіх азіяцкіх краін пад сваім аўтарствам выдавалі кнігі пра сябе і сваю ролю ў разьвіцьці дзяржаваў: прэзыдэнт Кіргізстану Садыр Джапараў у 2023 годзе выдаў кнігу «Шлях будаўніцтва новага Кіргізстану», прэзыдэнт Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў"Стратэгія новага Ўзбэкістану« (2021 год).

Першы прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў у 2001 годзе выдаў кнігу «Рухнама» («Кніга душы»), якую абвясьцілі Кнігай туркмэнскага народу. Праўда, пасьля ягонай сьмерці кніга хутка страціла папулярнасьць, цяпер у Туркмэністане чытаюць кнігі новага прэзыдэнта — Сердара Бердымухамедава.

Цяперашні прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў сваю біяграфію піша сам — ён з 2003 году пачаў выдаваць шматтомнік «Ільхам Аліеў. Разьвіцьцё — наша мэта». Сёлета ў лютым у друк выйшаў ужо 141-ы том.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG