Сьцісла:
- У сумеснай заяве Пуцін, Аліеў і Пашыньян абышлі найбольш вострыя праблемы ў адносінах паміж Азэрбайджанам і Армэніяй.
- Спадзевы Армэніі на падтрымку АДКБ аказаліся марнымі.
- АДКБ ня здольная ня тое што гарантаваць бясьпеку сваіх краін-чальцоў ад вонкавай пагрозы, але нават прадухіліць канфлікты паміж самімі чальцамі.
- Лукашэнка на саміце АДКБ накрычаў на Пашыньяна, бо незадаволены пазыцыяй Армэніі.
Пуцін — міратворац? Сёньня гэта гучыць як палітычны анэкдот. Але ў міжнародным жыцьці здараецца рознае. З самага пачатку канфлікту вакол Нагорнага Карабаху менавіта Расея выступала як міратворац, мадэратар, пасярэднік. І цяпер яна спрабуе працягваць выконваць гэтую функцыю.
31 кастрычніка ў Сочы адбыліся перамовы паміж прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым і прэм’ер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам пры пасярэдніцтве Пуціна. Апошнім часам у рэгіёне адбылося абвастрэньне канфлікту вакол Карабаху. Таму на сочынскую сустрэчу ўскладаліся вялікія спадзевы.
Па выніках перамоваў была прынятая сумесная заява. Першае ўражаньне ад гэтага дакумэнта хутчэй скептычнае. Нагадвае дэклярацыю аб міралюбівых намерах. Абыйдзены найбольш вострыя праблемы ў адносінах паміж Азэрбайджанам і Армэніяй. Нічога не гаворыцца пра статус Нагорнага Карабаху: незразумела, як будзе вырашацца гэтае пытаньне. Як будзе ажыцьцяўляцца азэрбайджанскі транзыт у ягоны экскляў Нахічэвань праз армянскую тэрыторыю? Міратворчая роля Расеі была толькі ўзгадана, без канкрэтызацыі ролі і функцый расейскіх міратворчых сілаў.
Чамусьці адзначана «важнасьць запуску трохбаковых міжпарлямэнцкіх кантактаў». Гэта дзіўна, бо калі ў Армэніі ёсьць паўнавартасны парлямэнт, то ў Азэрбайджане (як і ў Расеі) парлямэнт прыкладна такі, як і ў Беларусі. То бок — ніякі.
Для Армэніі Расея застаецца адзінай надзеяй і гарантам бясьпекі ў геапалітычна варожым для яе рэгіёне. Таму расейская падтрымка для армянскага боку вельмі важная.
Але справа ў тым, што пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне геапалітычная роля Расеі аслабла. Нават на постсавецкай прасторы Масква ўжо не ўспрымаецца як надзейная крыніца падтрымкі. Вельмі адметныя крытычныя заявы на адрас Расеі, якія гучалі апошнім часам ад прэзыдэнтаў Казахстану і Таджыкістану. Масква ня здолела прадухіліць нядаўні ваенны канфлікт паміж Кіргізстанам і Таджыкістанам. Калі вяртацца да азэрбайджана-армянскага канфлікту, то ўсё большы ўплыў на яго аказвае Турэччына, якая пацясьніла Расею ў гэтым рэгіёне.
Вельмі паказальна, як 28 кастрычніка (то бок за тры дні да перамоваў у Сочы) з ініцыятывы Армэніі праходзіў пазачарговы саміт АДКБ у рэжыме онлайн. Была заслухана справаздача аб сытуацыі на армяна-азэрбайджанскай мяжы, падрыхтаваная місіяй АДКБ на чале з генэральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем. Паводле сайту армянскага ўраду, Ерэван меў «дакладныя чаканьні, што, па-першае, АДКБ дасьць пэўную палітычную ацэнку здарэньня, і, па-другое, прыме дарожную мапу ў справе аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Армэніі». То бок у армянскага боку былі спадзевы, што АДКБ асудзіць Азэрбайджан і падтрымае Армэнію.
Сам факт таго, што Пашыньян апэлюе да АДКБ, азначае пэўнае расчараваньне ў пазыцыі Расеі. Армэнія разьлічвала хоць бы на псыхалягічную падтрымку саюзьнікаў. Але не дачакалася. Тут варта заўважыць, што з шасьці краін-чальцоў АДКБ тры — мусульманскія. На Ўсходзе гэта мае пэўнае значэньне. А Расеі і Беларусі цяпер не да Карабаху. Ім бы неяк выблытацца з украінскай пасткі, у якую яны самі сябе загналі.
1 лістапада Лукашэнка, прымаючы Зася, фактычна прызнаў, што АДКБ ня здольная выконваць ня тое што ролю гаранта бясьпекі краін-чальцоў ад вонкавай пагрозы, але нават прадухіліць канфлікты паміж самімі чальцамі. Аднак не адважыўся зрабіць выснову, што галоўная прычына ператварэньня АДКБ у «папяровага тыгра» — гэта аслабленьне геапалітычнай ролі Расеі.
Адметны эпізод — як Лукашэнка на тым саміце АДКБ 28 кастрычніка накрычаў на Пашыньяна. Відавочна, ён палічыў гэта дапушчальным, бо лічыць сябе патрыярхам (даўжэй за іншых лідэраў постсавецкай прасторы займае пасаду прэзыдэнта). Таму па праву старэйшага мае права крычаць на маладых, вучыць іх жыцьцю.
Па-другое, ён спрабуе выконваць ролю правай рукі Пуціна. І, як адзіны саюзьнік Масквы, лічыць магчымым гаварыць голасам расейскага прэзыдэнта. Словазлучэньне «мы з Пуціным» стала амаль мэмам.
Па-трэцяе, з выказваньняў Лукашэнкі падчас сустрэчы з Засем вынікае, што ён цалкам на азэрбайджанскім баку, апраўдвае яго (маўляў, «паставілі прэзыдэнта Азэрбайджану ў кут»).
Нарэшце, па-чацьвёртае, сэнс гэтага ўшчуваньня Пашыньяна палягае яшчэ і ў тым, што, маўляў, мы з Пуціным цяпер вядзём гістарычную бітву з Захадам, а ты тут блытаесься пад нагамі са сваімі дробнымі праблемамі. Ды яшчэ спрабуеш апэляваць да эўрапейскіх структураў: «Навошта туды ўцягнулі Эўразьвяз, навошта туды цягнуць АБСЭ?». Досыць спэцыфічнае стаўленьне да саюзьніка. (Нагадаю, Нікол Пашыньян — адзін зь нешматлікіх лідэраў замежных дзяржаў, хто ў 2020 годзе павіншаваў Лукашэнку зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах).
І яшчэ адна рэпліка Лукашэнкі падчас сустрэчы з Засем зьвяртае на сябе ўвагу. Гаворачы пра вайну Азэрбайджану з Армэніяй, ён заявіў: «Амаль 300 чалавек забілі і яшчэ пра нешта разважаюць». На тле таго, што ва Ўкраіне ў выніку расейскай агрэсіі, да якой наўпрост датычная і Беларусь, загінулі ўжо дзясяткі тысяч людзей, гэты папрок гучыць досыць цынічна.
Таму роля міратворцы што ў Пуціна, што ў Лукашэнкі атрымліваецца дрэнна. Гэта для іх яўна чужы вобраз.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.