На сайце пэтыцый зьявіўся зварот ад беларусаў, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасьцю. Яны зьвяртаюцца да Міністэрства абароны і Палаты прадстаўнікоў з просьбай зьмяніць закон аб воінскім абавязку.
Пэтыцыю на 3 лістапада падпісалі больш за 200 чалавек.
Заяўнікі пішуць, што маці ў такіх сем’ях занятыя доглядам за дзіцем. Таты ж ня толькі працуюць, але і аказваюць фізычную дапамогу па доглядзе за дзіцем, у тым ліку за дзецьмі ляжачымі, маларухомымі, з адхіленьнямі ў паводзінах і псыхіцы. «Жыцьцё нашых сямей заснаванае на ўзаемадапамозе бацькоў у сілу неабходнасьці сталага догляду за дзіцем. Нашы сем’і знаходзяцца ў сацыяльна-ўразьлівым становішчы, таму прызыў на воінскую службу кармільца і чалавека, які падзяляе цяжар догляду за інвалідам — гэта непазьбежны шлях для нашых дзяцей у дзіцячыя дамы-інтэрнаты, што было заўсёды трагічнай пэрспэктывай для бацькоў, якія прысьвяцілі жыцьцё клопату пра сваё дзіця», — пішуць аўтары пэтыцыі.
Яны просяць Міністэрства абароны і дэпутатаў «абараніць гэтую сацыяльную катэгорыю, улічыць цяжкую жыцьцёвую сытуацыю і вызваліць ад прызыву на воінскую службу ў выпадку мабілізацыі татаў дзяцей з інваліднасьцю, вызваліць іх ад воінскіх збораў».
Выданьне «Флагшток» зьвярнула ўвагу, што воінскія камісарыяты Гомельскай і Брэсцкай абласьцей закупляюць рэкордную колькасьць позваў. У верасьні 2022 году Гомельскі абласны ваенкамат ужо закупіў 30 тысяч блянкаў позваў, а ўжо 31 кастрычніка абвясьціў тэндэр на закуп яшчэ 30 тысяч блянкаў позваў для прызыўнікоў і 70 тысяч для вайсковаабавязаных. Сумарна, у параўнаньні зь мінулым годам (каля 50 тысяч блянкаў), выходзіць рост у 2,6 раза.
Абласны ваенкамат Берасьця закупляе 120 тысяч блянкаў для позваў на прызыў, 100 тысяч позваў агульнага выкліку і 180 тысяч — пэрсанальных мабілізацыйных позваў.
«Гэтыя закупкі могуць сьведчыць як пра вайсковую актыўнасьць, так і часткай працы па дэзынфармацыі патэнцыйнага праціўніка», — піша выданьне.