Такую выснову Карпянкоў зрабіў пасьля тактыка-спэцыяльных заняткаў па спыненьні масавых беспарадкаў у папраўчых установах, якія прайшлі ў Магілёўскай вобласьці.
У вучэньнях былі задзейнічаныя ўнутраныя войскі і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС.
«Акрамя паўсядзённых задач па наглядзе і ахове папраўчых устаноў, вайскоўцы на плянавай аснове адпрацоўваюць дзеяньні па спыненьні групавых парушэньняў грамадзкага парадку, рэагаваньні на масавыя беспарадкі ў папраўчых установах, вызваленьні закладнікаў», — сказаў Карпянкоў.
У ходзе мерапрыемства ўнутраныя войскі адпрацавалі розныя варыянты дзеяньняў па лякалізацыі ўзброеных экстрэмістаў, вызваленьні закладнікаў. Акрамя таго, акцэнтавалі ўвагу на «тактыцы выяўленьня груп баевікоў, якія ў тым ліку выкарыстоўвалі бесьпілётныя лятальныя апараты для выведкі, дастаўкі грузаў і каардынацыі дзеяньняў экстрэмістаў».
«Становішча знаходзіцца пад поўным кантролем, але не выключаюцца спробы дэструктыўных сіл аднавіць пратэставую актыўнасьць, у тым ліку з выкарыстаньнем абʼектаў папраўчай сыстэмы», — адзначыў Мікалай Карпянкоў.