Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 2,5 гадоў калёніі. Пракурорка запатрабавала тэрміны для зняволеных лідэраў АГП


 Антаніна Кавалёва (зьлева), Мікалай Казлоў, Аксана Аляксеева
Антаніна Кавалёва (зьлева), Мікалай Казлоў, Аксана Аляксеева

Крымінальную справу разглядае суд Першамайскага раёну Менску. Выракі агучаць 3 лістапада 2022 году.

1 лістапада ў Менску пачаўся суд над кіраўніком Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаем Казловым, лідэркай менскай арганізацыі АГП Аксанай Аляксеевай і юрысткай, праваабаронцай Антанінай Кавалёвай. Судзьдзя — Анастасія Кулік. Дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымлівае Іна Зубко.

Палітвязьняў абвінавачваюць ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Менску ў 2020 годзе (арт. 342 КК).

2 лістапада падчас пасяджэньня пракурорка запрасіла для абвінавачаных наступныя тэрміны: Антаніне Кавалёвай — 1 год калёніі, Аксане Аляксеевай — 1,5 года калёніі, Мікалаю Казлову — 2,5 года калёніі.

Прысуд будзе абвешчаны 3 лістапада ў 10:50.

Кіраўнік партыі Мікалай Казлоў, Аксана Аляксеева і Антаніна Кавалёва былі затрыманыя 27 ліпеня, яны знаходзяцца ў СІЗА № 1. Ім выставілі абвінавачаньні ў «актыўным удзеле ў дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

Мікалай Казлоў на судзе адзначыў, што не разумее, у чым яго абвінавачваюць, бо гэта сумесь «дзіўнай лёгікі і нястрымнай фантазіі». На пытаньне суду, ці прызнае сваю віну, ён адказаў: «Я прызнаю сябе больш пацярпелым, чым вінаватым». Кавалёва прызнала сваю віну часткова, Аляксеева — цалкам.

АГП — адна з найстарэйшых апазыцыйных партый Беларусі, існуе з 1995 году.

Днямі тром іншым актывістам АГП прысудзілі да трох гадоў калёніі за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Хто такі Мікалай Казлоў

  • Старшыня АГП Мікалай Казлоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў Валожыне, рабіў вайсковую кар’еру, але пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі вярнуўся на радзіму і ўладкаваўся ў міліцыю. Працаваў старшым упаўнаважаным УУС Цэнтральнага раёну Менску.
Мікалай Казлоў, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, архіўнае фота
  • Шлях у палітыку для Мікалая Казлова пачаўся, калі ён, несучы службу на выбарчым участку падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе, заўважыў, як члены выбарчай камісіі падкінулі ў выбарчую скрыню стос бюлетэняў. Казлоў напісаў пра гэта рапарт кіраўніцтву, але тое «не заўважыла» ягонага рапарту, тады ён зрабіў заяву для незалежнай прэсы. Неўзабаве яго прымусілі выйсьці ў запас.
  • У Аб’яднаную грамадзянскую партыю ўступіў у 2012 годзе, у 2016-м абраны намесьнікам старшыні партыі. У 2020 годзе абраны старшынём АГП.
  • Падчас выбараў 2020 году ўвайшоў у Каардынацыйную раду, стварэньне якой ініцыявала Сьвятлана Ціханоўская. Супраць Каардынацыйнай рады Генэральная пракуратура завяла справу паводле артыкулаў «Заклікі да дзеяньняў, якія прычыняюць шкоду нацыянальнай бясьпецы».
  • 21 сьнежня 2020 году Генпракуратура завяла справу на сяброў Каардынацыйнай рады паводле артыкулаў «Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» і «Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
  • Мікалай Казлоў праходзіў сьведкам у справе Каардынацыйнай рады і адмовіўся даць сьледчаму падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. За гэта быў асуджаны на 15 сутак.
  • 6 жніўня 2021 году быў асуджаны на 3 месяцы за разгалошваньне зьвестак аб крымінальнай справе, адбыў пакараньне з 28 сьнежня 2021 да 26 сакавіка 2022 году ў СІЗА-6.
  • Быў ізноў затрыманы 27 ліпеня 2022 году, супраць яго завялі крымінальную справу паводле артыкула 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Максымальны тэрмін па гэтым артыкуле — 4 гады пазбаўленьня волі.
  • Затрымалі Мікалая Казлова ў Нясьвіжы.

Хто такая Антаніна Кавалёва

  • Антаніна Кавалёва нарадзілася ў 1959 годзе, юрыст, праваабаронца, сябра АГП. Была пасьпяховым прыватным натарыюсам. Але ў 1998 годзе Аляксандар Лукашэнка выдаў указ, якім абавязаў прыватных натарыюсаў «вярнуць у дзяржбюджэт незаконна атрыманую дзяржпошліну», зьмяніўшы праз гэта «задняй датай» умовы працы прыватных натарыюсаў.
Антаніна Кавалёва
Антаніна Кавалёва
  • Каля 20 тысяч даляраў на той момант аказалася вінаватая дзяржаве Антаніна Кавалёва, і яна прыняла рашэньне спыніць дзейнасьць.
  • Працяглы час Антаніна Кавалёва змагалася за правы ўсіх прыватных натарыюсаў, заяўляючы хадайніцтва аб спыненьні вядзеньня сваёй справы, каб урэшце Канстытуцыйны суд разгледзеў указ Лукашэнкі на адпаведнасьць нормам Канстытуцыі.
  • Адмову суду Антаніна Кавалёва расцаніла як абмежаваньне яе права на абарону.
  • У 2002 годзе Антаніна Кавалёва далучылася да Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Узначальвала камісію прававых пытаньняў Нацыянальнага камітэту АГП, была намесьніцай старшыні партыі.
  • «Я заўсёды лічыла сабе больш дысыдэнтам, чым палітыкам, бо для мяне маральная пазыцыя важнейшая за палітычную мэтазгоднасьць. АГП як лібэральная партыя ставіць правы і свабоды чалавека вышэй за інтарэсы дзяржавы. Гэта запісана ў Статуце партыі і супадае з маёй пазыцыяй як грамадзянкі і юрыста», — заяўляла яна.
  • Антаніна Кавалёва была затрымана разам з кіраўніцтвам партыі 27 ліпеня 2022 году, знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску, абвінавачваецца паводле арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Хто такая Аксана Аляксеева

  • Аксана Аляксеева нарадзілася ў 1971 годзе, журналістка, працавала ў газэце «Свободные новости».
  • Кіраўніца Менскай гарадзкой арганізацыі АГП.
Аксана Аляксеева (справа), архіўнае фота
Аксана Аляксеева (справа), архіўнае фота
  • 27 ліпеня 2022 году яе затрымалі, узламаўшы дзьверы ў кватэру.
  • Ёй выставілі абвінавачваньні паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).
  • Месца зьняволеньня: СІЗА-1 Менску.
  • У Аксаны Аляксеевай хворае сэрца, ёй трэба пастаянна прымаць лекі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG