Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 лістапада ніводнае судна ня пройдзе па «збожжавым калідоры» ў Чорным моры


Інспэкцыя грузавога судна са збожжам
Інспэкцыя грузавога судна са збожжам

Дэлегацыі ААН, Турцыі і Ўкраіны дамовіліся не плянаваць рух суднаў па Чорным моры на 2 лістапада.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прадстаўніцтва ААН у Сумесным каардынацыйным цэнтры (СКЦ) у Стамбуле. У ААН заявілі, што спыненьне руху судоў — гэта часовая мера.

Раней намесьнік генэральнага сакратара ААН па гуманітарных пытаньнях Марцін Грыфітс паведаміў, што арганізацыя працягне дагляд судоў у рамках збожжавай угоды. Ён падкрэсьліў, што, паколькі Расея не спыніла, а толькі прыпыніла свой удзел у пагадненьні, ААН у супрацоўніцтве з Турцыяй і Ўкраінай «працягвае рэалізоўваць ініцыятыву». Адзначаецца, што ў аўторак было праведзена 36 інспэкцый судоў, якія знаходзяцца ў турэцкіх водах.

Па дадзеных міністэрства інфраструктуры Ўкраіны, за два дні пасьля выхаду Расеі са збожжавай угоды па гуманітарным калідоры прайшлі 17 судоў. Два з іх накіраваліся ва ўкраінскія парты пад загрузку. За тры месяцы з моманту заключэньня пагадненьня 422 судны экспартавалі каля 10 млн. тон сельскагаспадарчай прадукцыі.

Раней 1 лістапада прэзыдэнты Расеі і Турцыі Ўладзімір Пуцін і Рэджэп Эрдаган правялі тэлефонныя перамовы. Расейскі бок сьцьвярджае, што падчас размовы Пуцін распавёў прэзыдэнту Турцыі аб прычынах рашэньня прыпыніць збожжавую ўгоду. На думку расейскага прэзыдэнта, збожжавы калідор выкарыстоўваўся для атакі па Севастопалі ў анэксаваным Крыме, а ўкраінская сельгаспрадукцыя нібыта паступае не туды, куды меркавалася па ўмовах пагадненьня.

Пуцін сказаў Эрдагану, што Расея гатовая вярнуцца ва ўгоду пасьля расьсьледаваньня ўдару па севастопальскім порце і гарантый бясьпекі з боку Ўкраіны. Эрдаган, у сваю чаргу, па выніках размовы выказаў упэўненасьць, што ўгода можа быць адноўлена «пры дапамозе канструктыўнага падыходу».

  • 29 кастрычніка Расея прыпыніла свой удзел у пагадненьні аб вывазе з Украіны збожжа праз украінскія чарнаморскія парты. Гэтае рашэньне было прынята ў сувязі з атакай бесьпілётнікаў на суда ў Севастопалі. Па вэрсіі Мінабароны Расеі, атакі падвергнуліся суда, якія былі задзейнічаны ў забесьпячэньні бясьпекі «збожжавага калідора». МЗС Расеі абвінаваціў у атацы Ўкраіну, якой, паводле яго вэрсіі, дапамагалі брытанскія спэцыялісты. У Лёндане гэтыя сьцьвярджэньні адпрэчылі, а ў Кіеве заявілі, што Масква толькі шукала нагоду для таго, каб перастаць выконваць свае абавязацельствы.
  • На 31 кастрычніка ААН, Турцыя і Украіна ўзгаднілі рух 16 судоў па Чорным моры, дамоўленасьці былі дасягнуты без удзелу Расеі. Бакі таксама дамовіліся аб правядзеньні інспэкцый на 40 судах, якія выходзяць з партоў Украіны. У СКЦ дадалі, што расейскую дэлегацыю апавясьцілі аб гэтых плянах.
  • У гэты ж дзень Мінабароны Расеі паведаміла аб прыпыненьні руху па гуманітарным калідоры «да праясьненьня абставін украінскай атакі супраць караблёў у Севастопалі». У ведамстве дадалі, што рух судоў па калідоры «зьяўляецца недапушчальным, бо Ўкраіна выкарыстоўвае яго для вядзеньня баявых дзеяньняў супраць Расеі».
  • Збожжавая ўгода была заключана паміж Расеяй і Ўкраінай пры пасрэдніцтве ААН і Турцыі 22 ліпеня. Першае судна з харчаваньнем выйшла з Адэсы 1 жніўня.
  • Украіна — адзін з найбуйнейшых сусьветных экспарцёраў збожжа. З прычыны расейскага ваеннага ўварваньня ў заблякіраваных чарнаморскіх партах сабраліся мільёны тон харчаваньня. Кіеў абвінавачваў у гэтым Расею. Масква сьцьвярджала, што судны са збожжам не могуць выйсьці з прычыны ўкраінскіх мін у акваторыі. ААН папярэджвала аб рызыцы голаду — перш за ўсё ў бедных краінах Афрыкі і Азіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG