Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Instagram зьявілася віртуальная сяброўка, зь якой беларускі могуць пагаварыць пра жаночыя справы. Расказваем пра новы праект


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Жаночае ня сорамна» курыруюць актывістка і доктарка. Яны расказалі Свабодзе, як узьнікла ідэя і як праект дапамагае жанчынам перамагчы страх перад гінэколягам.

Беларускія доктаркі, фэміністкі і актывісткі запусьцілі праект у інстаграме, віртуальную сяброўку «Жаночае ня сорамна».

«Ідэя праекту пра жаночае здароўе ўзьнікла, незалежна адно ад аднаго, адразу ў некалькіх людзей, якія потым сталі камандай „Жаночае ня сорамна“. Спачатку мы проста абмяркоўвалі праблему таго, што пытаньні жаночага здароўя і ўвогуле розных рэчаў вакол жаночага арганізму дагэтуль табуяваныя. Абмяркоўваць тампоны і пракладкі дагэтуль нельга, хоць гэтым карыстаецца 54% насельніцтва Беларусі», — кажа каардынатарка праекту Сьвятлана (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы).

Чым больш каманда працавала над праектам, тым больш усе яго ўдзельнікі разумелі, наколькі ён неабходны.

«Тут і там нам трапляліся гісторыі жанчын, якія саромеюцца абмяркоўваць пытаньні свайго здароўя са сваякамі, гісторыі сябровак, якія проста пакутавалі ў доктарак, пакуль не знаходзілі сваю тую самую гінэкалягіню, зь якой было камфортна. Мы рабілі апытанкі сярод знаёмых і ўсё больш пераконваліся, што праект будзе карысны».

Каманда шмат працавала над візуальнай часткай, бо хацела, каб у вобразах жанчын не было сэксуалізацыі, каб з графікай сябе маглі асацыяваць жанчыны з рознымі целамі.

«Быў натхняльны момант, калі мы пабачылі, што нашым праектам дзеляцца беларускія жанчыны. Калі мы пабачылі камэнтар беларускі, якая расказала, што ёй не падабаецца яе гінэкалягіня, і нашыя пасты дапамаглі ёй задумацца аб тым, каб знайсьці іншую».

«Для нас важна, каб жанчыны адчувалі, што яны ня сам-насам са сваімі праблемамі»

Праект «Жаночае ня сорамна» ў лёгкай і прывабнай форме расказвае, якімі павінны быць узаемаадносіны з гінэколягамі, кажа Сьвятлана.

«Практыка паказвае, што пачуцьцё сораму — гэта распаўсюджаная праблема, зь якой разам прасьцей змагацца. Наш праект робіць больш прадказальным тое, што будзе адбывацца ў кабінэце доктара — і гэта, падаецца, дапамагае менш баяцца і саромецца. Ну, і для нас важна, каб жанчыны адчувалі, што яны ня сам-насам са сваімі праблемамі, што ёсьць шмат людзей, якім гэта не абыякава, гатовых дапамагчы ведамі і парадамі».

Цяпер над праектам працуюць беларускія доктаркі, фэміністкі і актывісткі. Таксама ў камандзе ёсьць чалавек зь іншай краіны, закаханы ў Беларусь, дадае каардынатарка.

Сьвятлана мяркуе: праект «Жаночае ня сорамна» цяпер важны, бо на фоне любых падзей пытаньне здароўя ня толькі не адыходзіць на другі плян, а нават становіцца больш актуальным.

«Мы з уласнага досьведу ведаем, што калі ты дапамагаеш іншым, ці нават проста чытаеш навіны 24/7, ты забываесься пра сябе, пра сваё здароўе. Мы хочам нагадаць, што не бывае „не таго часу“ для клопату пра сябе. Стрэс, у якім мы ўсе жывем, дакладна ня робіць здароўю лепш. Для мяне асабіста важна, каб беларускія жанчыны — і ўвогуле жанчыны ўсяго сьвету — жылі больш якаснае жыцьцё. І ведалі, што яны ніякі не „другі пол“».

«З савецкага мінулага ў нас засталася адсутнасьць прыватнасьці на прыёме ў многіх жаночых кансультацыях»

Доктарка Марына (імя зьмянілі на просьбу суразмоўцы) з каманды праекту заўважае, чым адрозьніваецца падыход да жаночага здароўя ў Беларусі і ў Эўропе.

«У Эўропе больш адказнасьці на пацыенце. Тут ёсьць разуменьне, што лекар і пацыент — адна каманда. Менавіта камандная гульня дае добры вынік дыягностыкі і лячэньня. У Беларусі адносіны лекар-пацыент больш падобныя да пары настаўнік-вучань, але гэта мой погляд. Магчыма, празь нейкі час усё зьменіцца, і я інакш адкажу на гэтае пытаньне».

У Эўропе няма абавязковай «дыспансэрызацыі», але людзі самі раз на год праходзяць чэк-ап (праверку. — РС), кажа доктарка.

«Пры гэтым не прынята самой пайсьці і здаць нейкія паказчыкі, якія знайшоў у інтэрнэце. Тут менавіта ідуць да доктара па сьпіс неабходных абсьледаваньняў. Увогуле, найбольш часта я сустракала пацыентак з парушэньнямі цыклю, балючымі месячнымі, болямі, апошнім часам вельмі часта — з эндамэтрыёзам».

Марына заўважае, што жанчыны часта баяцца хадзіць да гінэколяга, бо гэта вельмі інтымная сфэра.

«Гэта настолькі асабістае, што нават з мамай не заўсёды падзелісься. З савецкага мінулага ў нас засталіся такія моманты, як адсутнасьць прыватнасьці на прыёме ў многіх жаночых кансультацыях і бальніцах, ацэначнае меркаваньне з боку некаторых „спэцыялістаў“, і, вядома, гэта балючыя адчуваньні пры аглядзе (калі, напрыклад, памер люстэркаў толькі адзін, яны халодныя, мэталічныя). Плюс „бабуліны“ казкі пра тое, як ёй „ставілі сьпіраль“, „чысьцілі без наркозу“ і гэтак далей. Дарэчы, падобныя страхі нярэдка суправаджаюць стаматалёгію».

Доктарка заўважае, што цяпер веды жанчын пра ўласнае здароўе павысіліся, бо шмат спэцыялістаў вядуць блогі, гінэкалёгія выходзіць зь ценю.

Як часта трэба наведваць гінэколяга і што варта рабіць, каб заставацца здаровай?

«Калі нічога не турбуе, то гінэколяга трэба наведваць раз на год: абавязкова агляд і ўзяцьце мазка на анкацыталёгію, агляд малочных залоз. Добра, калі доктар на прыёме можа адразу зрабіць ультрагукавое абсьледаваньне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG