Праект «Жаночая анкалёгія» створаны публічнай установай «Лекары за праўду і справядлівасьць» і парталам Hrodna.life. Ужо цяпер можна паглядзець фотавыставу з гісторыямі трох беларусак, якія змагаюцца з анкалёгіяй, а таксама прыйсьці на сустрэчу з анкапсыхолягам.
«Шмат беларусак не адважваюцца сказаць пра хваробу»
Ідэя праекту ня новая, кажа Вольга Вялічка. Працуючы дырэктаркай Горадзенскага дзіцячага госьпісу, разам зь іншымі дактарамі і дзяржаўнымі ўстановамі Вольга некалькі гадоў запар ладзіла мерапрыемствы, прымеркаваныя да міжнароднага Дня прафіляктыкі анкалёгіі малочных залоз.
«А зрабіць зараз гэты праект надумалі, бо ўсё больш у публічнай прасторы беларускі гавораць, што яны захварэлі на анкалёгію. Мы такіх некалькі выпадкаў ведаем. Шмат беларусак не адважваюцца сказаць пра хваробу, таму нам з калегамі здаецца вельмі важным нагадаць ня толькі жанчынам, але і мужчынам, што анкалёгія — гэта захворваньне, якое патрабуе догляду сябе, раньняй дыягностыкі і прафіляктыкі», — кажа Вольга Вялічка.
На фотавыставе прадставілі гісторыі трох беларусак: Алены, Кацярыны Пытлевай і Кацярыны Ваданосавай, якія цяпер на этапе лячэньня.
Пасьля адкрыцьця выставы прайшла лекцыя, падчас якой разабралі асноўныя пытаньні: ці ўплывае сэкс, частая зьмена палавых партнэраў, вірусы і бактэрыі на разьвіцьцё анкалёгіі, ці трэба рабіць дзяўчаткам прышчэпкі ад вірусу папілёмы чалавека.
«Беларусы слова „анкалёгія“ ўспрымаюць як „сьмерць“. І гэта вялізная праблема»
19 кастрычніка заплянаваная адмысловая гутарка ад Вольгі Вялічкі, дзе яна як анкапсыхоляг раскажа, як падтрымаць блізкіх, якія захварэлі на рак.
«Мы б хацелі закрануць такую тэму: як беларусы ў сацыяльных сетках падтрымліваюць тых, хто хварэе. Ці правільна казаць „усё будзе добра“, што за гэтым выразам стаіць, расказаць пра падтрымку дома, пра адрозьненьне псыхалягічных падыходаў, калі хварэюць мужчыны і жанчыны. Мы пастараемся паказаць анкалёгію ня толькі з боку мітаў, раскажам, якую прафіляктыку і раньнюю дыягностыку трэба рабіць. Мы пакажам новае, тое, пра што мала гаворыцца ў беларускай прасторы».
Гаварыць пра статыстыку захворваньняў на анкалёгію ў Беларусі пакуль складана, бо няма лічбаў ад Міністэрства аховы здароўя, кажа Вольга.
«У жаночай анкалёгіі рак грудзей — нумар 1. Калі гаварыць пра агульную сьмяротнасьць, то тут нічога новага ў параўнаньні зь мінулымі пяцьцю гадамі і гэтым годам. На першым месцы па сьмяротнасьці ў Беларусі — сардэчныя паталёгіі, на другім — анкалёгія. І большасьць выпадкаў, якія выяўляюць, — гэта другая, а часьцей трэцяя, чацьвёртая стадыя. Гэта вельмі кепска. Гэта сьведчыць пра тое, што беларусы ўсё яшчэ не дайшлі да культуры догляду сябе і разуменьня, што анкалёгія — гэта не пра сьмерць, а пра прафіляктыку і раньнюю дыягностыку».
Падчас гэтага праекту Вольга хоча зьвярнуць увагу ня тых людзей, якія цяпер хварэюць, а тых, хто баіцца ісьці на абсьледаваньне.
«Беларусы слова „анкалёгія“ ўспрымаюць як „сьмерць“. І гэта вялізная праблема. Людзі думаюць: „А, гэта каго заўгодна кране, толькі не мяне“. Гэта вялікая памылка. Мне б хацелася, каб пасьля таго як людзі прачытаюць гэты матэрыял альбо нехта пабудзе на выставе, каб ён пайшоў і зрабіў простыя рэчы: агульны аналіз крыві, мачы і ўльтрагукавую дыягностыку. Гэта мінімум, які трэба зрабіць адзін раз на год, а лепей — два».
«Я адказваю за сваё здароўе. Гэта ў маіх інтарэсах пайсьці і раз на год зрабіць дыягностыку»
Вельмі важна перастаць баяцца рабіць прафіляктычную дыягностыку, заўважае Вольга.
«Мне б хацелася, каб мы перайшлі да натуральнага, рацыянальнага. Анкалёгія здараецца вельмі часта. Трэба зразумець: „Калі гэта са мной адбудзецца, то няхай на першай стадыі. Я зь вялікай верагоднасьцю вылечуся і буду далей жыць нармальна“. Трэба, каб у нас у галаве быў такі альгарытм».
Таксама Вольга заўважае, што ў эўрапейскіх краінах сыстэма аховы здароўя пабудаваная інакш, яна прывучае чалавека браць на сябе адказнасьць і глядзець сябе. Тут важныя ня толькі адукацыйныя мерапрыемствы пра анкалёгію, але найперш падыход дзяржаўнай сыстэмы.
«Напрыклад, у Францыі, Нямеччыне цалкам страхавая мэдыцына. Дыспансэрызацыя там ня дзеля птушачкі, як у нас, а яна сапраўды робіць так, што чалавек не перакладае адказнасьць на доктара ў паліклініцы. Чалавек разумее: „Я адказваю за сваё здароўе. Гэта ў маіх інтарэсах пайсьці і раз на год зрабіць дыягностыку“. Увогуле павінны ісьці паралельна два працэсы. Па-першае, варта шырока дэманстраваць, што анкалёгія — гэта не прысуд. Па-другое, павінна мяняцца сыстэма аховы здароўя, і вось з гэтым у нас праблема. Калі мы адной нагой на этапе ўступленьня ў вайну, відавочна, што дзяржаве не да таго, каб перафарматоўваць сыстэму раньняй дыягностыкі анкалягічных захворваньняў».
Вольга кажа, што вельмі хоча, каб праект пра жаночую анкалёгію пашырыўся на іншыя краіны.