Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нападнік на мужа Пэлосі — праўдападобна прыхільнік Трампа і кансьпіралягічнай арганізацыі QAnon


Нэнсі і Пол Пэлосі
Нэнсі і Пол Пэлосі

Мужчыну, які ўварваўся ў дом і ўдарыў жонка сьпікеркі Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі малатком па галаве, прад’явілі абвінавачаньні ў замаху на забойства і іншых цяжкіх злачынствах.

Паліцыя пакуль не называе матыў учыненага раніцай 28 кастрычніка нападу на 82-гадовага Пола Пэлосі, якому, паводле слоў офіса яго жонкі, тэрмінова зрабілі апэрацыю ў сувязі з траўмай чэрапа і правай рукі. Урачы чакаюць яго поўнага акрыяньня, піша Голас Амэрыкі.

Сама 82-гадовая сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі, як ужо паведамлялася, знаходзілася падчас нападу ў Вашынгтоне са сваёй аховай і адразу ж прыляцела ў Сан-Францыска, каб быць побач з мужам. Яна — чалец Дэмакратычнай партыі і трэцяя асоба дзяржавы, якая, паводле Канстытуцыі, можа прымаць на сябе абавязкі прэзыдэнта краіны ў выпадку асаблівых сытуацый.

Паліцыя апазнала мужчыну, арыштаванага на месцы здарэньня, як 42-гадовага Дэвіда Дэпэйпа. Ён таксама быў дастаўлены ў бальніцу Сан-Францыска і ўзяты пад варту па падазрэньні ў замаху на забойства, нападзеньні з прымяненьнем сьмяротнай зброі, нанясеньні пабояў, крадзяжы з узломам і шэрагу іншых злачынстваў. Чакаецца, што афіцыйныя абвінавачаньні будуць прадʼяўленыя акруговай пракуратурай Сан-Францыска.

Начальнік паліцыі Сан-Францыска Ўільям Скот заявіў на брыфінгу ўвечары 28 кастрычніка, што зламысьнік пракраўся ў трохпавярховы дом Пэлосі, разьмешчаны ў раёне Пасіфік-Гайтс, праз заднія дзьверы. Аэрафотаздымкі паказалі разьбітае шкло ў задняй частцы дома. Па словах крыніцы Reuters, якая застаецца ананімнай, нападнік крычаў: «Дзе Нэнсі?»

Паліцыянты, якія прыбылі на месца здарэньня, убачылі праз уваходныя дзьверы, як Дэпэйп і Пэлосі змагаюцца за малаток. Дэпэйп вырваў малаток і па прынамсі адзін раз ударыў Пэлосі.

У нядаўніх паведамленьнях на некалькіх вэб-сайтах інтэрнэт-карыстальнік на імя «daviddepape» выказваў падтрымку былому прэзыдэнту Дональду Трампу і кансьпіралягічнай арганізацыі QAnon. Пасты зьмяшчалі згадкі «сатанінскай пэдафіліі», антысэміцкія выказваньні, крытыку жанчын, трансгендэраў і цэнзуру тэхналягічных кампаній. Больш старыя пасты рэклямавалі крышталі кварца і бранзалеты з канопляў. Агенцтва Reuters пакуль не змагло незалежна пацьвердзіць, што пасты былі створаныя менавіта чалавекам, арыштаваным 28 кастрычніка.

Газэта San Francisco Chronicle апублікавала фатаграфію мужчыны, якога яна апазнала як Дэпэйпа, які танцуе на вясельлі двух нудысцкіх актывістаў у Сан-Францыска ў 2013 годзе. Газэта паведаміла, што Дэпэйп быў у той час вытворцам упрыгожаньняў з канопляў, шырока вядомых сваім антыалергічным дзеяньнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG