Ініцыятыва ByPol раскрыла асобы некаторых вайскоўцаў, якія зьняліся ў роліку Мінабароны Беларусі «Беларусы адказваюць тым, хто не зразумеў. А можа, не хацеў разумець?» у адказ на відэазварот украінскіх вайскоўцаў.
Як высьветліў ByPol, сярод тых, хто зьняўся ў відэа, — Кірыл Ціхаміраў, старшы афіцэр 2 групы аддзелу ідэалягічнай працы Вайсковай акадэміі Беларусі. Паводле інфармацыі ByPol, ён двойчы браў удзел у фальсыфікацыях выбараў у Беларусі — падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і рэфэрэндуму 2022 году.
Яшчэ адзін удзельнік роліка — падпалкоўнік сіл спэцыяльных апэрацый Андрэй Шарупіч, які ўжо раней здымаўся ў прапагандысцкіх відэа. Ён служыць у 5-й асобнай брыгадзе спэцыяльнага прызначэньня, байцы якой удзельнічалі ў падаўленьні пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
21 кастрычніка Ўзброеныя сілы Ўкраіны запісалі відэазварот да беларускіх вайскоўцаў у сувязі з павелічэньнем пагрозы далучэньня беларускай арміі да вайны Расеі супраць Украіны.
Украінскія вайскоўцы падкрэсьлілі, што Ўкраіна ніколі не пагражала Беларусі, нягледзячы на тое, што менавіта зь беларускай тэрыторыі наносяцца ракетныя, авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары па ўкраінскіх гарадах, і заклікалі беларускіх вайскоўцаў «не падзяляць адказнасьць за ваенныя злачынствы, ужо ўчыненыя расейскай арміяй ва Ўкраіне».
Пры гэтым украінскія вайскоўцы падкрэсьлілі, што калі армія Беларусі падтрымае расейскую агрэсію, яны адкажуць «гэтаксама жорстка, як і ўсім акупантам на тэрыторыі Ўкраіны».
26 кастрычніка беларускае Міністэрства абароны запісала адказ на зварот украінскіх вайскоўцаў, у якім, сярод іншага, заклікала іх «не правакаваць», бо «на выклікі і правакацыі адкажам без прамаруджваньня».