Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў параўнаньні з расейцамі не такія празамбаваныя, а Лукашэнка ў сваім розуме, — міністар абароны Латвіі


Артыс Пабрыкс
Артыс Пабрыкс

Міністар абароны Латвіі Артыс Пабрыкс у інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» заявіў, што Беларусь сёньня не зьяўляецца аўтаномнай краінай і зазначыў, што «час Лукашэнкі скончыўся».

Латыскі міністар выказаў думку, што Ўкраіна ўвойдзе ў Эўрапейскі зьвяз, а таксама ў NATO, калі захоча ўкраінскі народ, а ўкраінская армія будзе адной з наймацнейшых армій у Эўропе. Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце.

Таксама Пабрыкас зрабіў некалькі заяваў, прысьвечаных сытуацыі ў Беларусі.

— Скажыце, вы сказалі, што мы сапраўды ведаем, хто наш супернік і хто наш вораг, згадваючы пры гэтым Расею. А Беларусь вы адносіце да такіх краін?

— Вельмі складанае пытаньне, таму што паводле мілітарных прынцыпаў, ваенных прынцыпаў, мы ня бачым сёньня Беларусь як аўтаномную дзяржаву. Яна па ваенных прынцыпах кантралюецца Расеяй.

Вядома, пытаньне Беларусі ў будучыні будзе адкрытае. Бо будучыня Беларусі залежыць ад таго, як Расея скончыць гэтую вайну. І я думаю, што ёсьць вельмі вялікая магчымасьць, што Беларусь зноў стане незалежнай і нават дэмакратычнай дзяржавай. Таму што грамадзтва Беларусі ў параўнаньні з расейскім грамадзтвам ня так празамбаванае: яны ня хочуць гэтай вайны, яны не ўхваляюць гэтую вайну супраць Украіны.

Я думаю, сам Лукашэнка ў сваім розуме і сэрца таксама ў гэтым сумняваецца, але ён хоча выжыць неяк. І ў канкрэтнай сытуацыі ён знаходзіцца ў вельмі вузкім тунэлі, дзе, з аднаго боку, ён залежыць ад Пуціна вельмі моцна, а з другога боку, разумее, што ён павінен неяк усё ж такі ад яго адрозьнівацца. Гэта значыць, я ня кінуў зусім яшчэ ўсе надзеі на сьветлую будучыню для Беларусі. Але гэта здарыцца не раней як пасьля заканчэньня гэтай вайны.

— Але вы дапускаеце, што гэтая сьветлая будучыня будзе пры Лукашэнку?

— Я думаю, што пасьля вайны хтосьці іншы будзе ў Беларусі, не Лукашэнка. Пытаньне: ці будзе ён нейкім фэадалам, якога Масква там паставіць? Ці ён прыйдзе, скажам так, ад беларускага народу. Але час Лукашэнкі заканчваецца.

— Колькі ў яго засталося часу?

— Цяжка сказаць, таму што такія дыктатары ўсё ж вельмі жывучыя. І я мушу сказаць, што Лукашэнка быў добрым майстрам. Ён, у прынцыпе, пражыў вельмі доўга ў сваёй пазыцыі. І было вельмі цікава глядзець, як ён манэўраваў паміж Захадам, Усходам і ўсімі астатнімі сіламі. Але нават для такога майстра, як Лукашэнка, час скончыўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG