Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паплечнікі Байдэна па партыі ўпершыню заклікалі яго да перамоваў з Расеяй


Джо Байдэн
Джо Байдэн

Група кангрэсмэнаў ад Дэмакратычнай партыі накіравала прэзыдэнту ЗША Джо Байдэну ліст з заклікам пачаць з Расеяй прамыя перамовы, якія маглі б прывесьці да спыненьня вайны ва Ўкраіне.

Зварот падрыхтавалі 30 лібэральных кангрэсмэнаў-дэмакратаў на чале з Прамілай Джаяпал, паведаміла газэтаThe Washington Post са спасылкай на копію ліста.

На думку аўтараў пасланьня, Байдэн разам з працягам вайсковай і фінансавай дапамогі Ўкраіне павінен пачаць прамыя перамовы з Расеяй, каб знайсьці «рэалістычныя рамачныя ўмовы для спыненьня агню», паколькі альтэрнатывай дыпляматычнаму рашэньню стане зацяжная вайна з катастрафічнымі і не пралічанымі рызыкамі.

Падпісанты звароту мяркуюць, што рамачныя ўмовы павінны ўключаць шэраг стымулаў для спыненьня вайны, у тым ліку паслабленьне санкцый супраць Расеі і ўзгадненьне сумесна з сусьветнай супольнасьцю гарантый бясьпекі свабоднай і незалежнай Украіны, прымальнай у першую чаргу для саміх украінцаў.

Як адзначае The Washington Post, гэта першы выпадак, калі група паплечнікаў Байдэна па партыі заклікае яго рэзка зьмяніць курс у дачыненьні да вайны ва Ўкраіне.

У Белым доме і Дзярждэпартамэнце ЗША, камэнтуючы ліст кангрэсмэнаў-дэмакратаў, далі зразумець, што Джо Байдэн па-ранейшаму супраць прамых перамоваў з Расеяй. Каардынатар стратэгічных камунікацый у Радзе нацыянальнай бясьпекі Джон Кірбі сказаў, што перамовы з Расеяй без удзелу Ўкраіны па-ранейшаму немагчымыя. Са свайго боку прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс заявіў, што ЗША ня бачаць прыкмет гатоўнасьці Расеі весьці дыялёг і прыкладаць дыпляматычныя намаганьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG