Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад авіяўдару па канцэрце ў М’янме загінулі больш за 60 чалавек


Пратэсты супраць хунты ў М'янме
Пратэсты супраць хунты ў М'янме

На поўначы Мʼянмы больш за 60 чалавек загінулі ў выніку авіяўдараў, нанесеных вайскоўцамі па канцэрце ў гонар 62-й гадавіны стварэньня Арганізацыі незалежнасьці Качына.

Раненьні атрымалі каля сотні чалавек, паведамляе DW.

Паводле інфармацыі ценевага ўраду нацыянальнага адзінства Мʼянмы, канцэрт, які адбыўся вечарам 23 кастрычніка, абстралялі чатыры зьнішчальнікі.

Тыбета-бірманскі народ качыны зьяўляецца ў Мʼянме этнічнай меншасьцю. Арганізацыя незалежнасьці Качына зьвязаная зь мілітарнымі структурамі, якія аказваюць супраціў вайсковай хунце, што прыйшла да ўлады ў 2021 годзе ў выніку перавароту.

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International асудзіла дзеянні хунты ў Мʼянме. «Вайскоўцы прадэманстравалі бязьлітаснае грэбаваньне жыцьцямі цывільных жыхароў у сваёй кампаніі супраць апанэнтаў. Цяжка паверыць, што вайскоўцы ня ведалі аб прысутнасьці значнай колькасьці цывільных асобаў на месцы гэтага нападу», — лічаць праваабаронцы.

З пачатку путчу 1 лютага 2021 году хунта падаўляла ўсе спробы жыхароў Мʼянмы правесьці масавыя мітынгі, страйкі і акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. ААН у 2021 годзе зафіксавала стральбу на паражэньне па натоўпах пратэстоўцаў у гарадах па ўсёй краіне. Паводле падлікаў арганізацыі ў падтрымку палітвязьняў Assistance Association for Political Prisoners, пасьля вайсковага перавароту ў краіне былі забітыя 2388 чалавек, а амаль 16 тысяч — арыштаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG