Сьцісла
- Прапанова аб абраньні прэзыдэнта праз УНС нікім прынамсі публічна не выказвалася пры распрацоўцы Канстытуцыі летась.
- Выглядае, што цяперашняе шкадаваньне ці агучанае будучае рашэньне — рэакцыя на новыя, сучасныя выклікі і страхі.
- Мусаліні ў 1939 годзе замяніў цалкам паслухмяны парлямэнт на палату фасцый і карпарацый, якая фармавалася шляхам прызначэньняў.
- Адно з магчымых тлумачэньняў — тады гэта была рэакцыя дучэ на войны, якія ён распачаў і якія чакалі Італію ў блізкай будучыні.
- Ініцыятыва Лукашэнкі — спроба адаптаваць дзяржаўную сыстэму да новай, ваеннай сытуацыі.
- Народныя прэзыдэнцкія выбары небясьпечныя для яго і ў выпадку перамогі Расеі, і ў выпадку перамогі Ўкраіны.
«Я вывучаў сыстэму партыйнага будаўніцтва і выбарных органаў па ўсім сьвеце. Мы дарма не рызыкнулі прапанаваць людзям абіраць органы ўлады, асабліва прэзыдэнта, на Ўсебеларускім народным сходзе», — сказаў Лукашэнка.
У якасьці прыкладу ён прывёў Кітай, дзе кіраўнік дзяржавы абіраецца на Ўсекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў.
Гэтая заява Лукашэнкі сьведчыць пра тое, што нават тая эшалянаваная абарона ягонай улады, якую прадугледжвае новая, створаная ім Канстытуцыя, падаецца яму ўжо недастатковай. Чаму, што зьмянілася ў параўнаньні з другой паловай 2021 году і з пачаткам 2022-га?
Хто перашкаджаў Лукашэнку пісаць Канстытуцыю?
Летась на загад Лукашэнкі канстытуцыйная камісія некалькі разоў перапісвала праект, дата яго абнародаваньня неаднойчы пераносілася. Здавалася б — а што тады перашкаджала ўпісаць туды абраньне прэзыдэнта праз УНС?
Сёньня Лукашэнка сказаў — «мы дарма не рызыкнулі...». Але неяк не прыгадваецца, каб тады гэтая прапанова вылучалася і каб нехта б ёй горача пярэчыў. На так званых «дыскусійных пляцоўках», у інтэрвію чальцоў канстытуцыйнай камісіі, у камэнтарах дэпутатаў паслухмянага парлямэнту, у выступах праўладных палітолягаў гучала рознае, але ня гэтая ідэя, як і не пярэчаньні наконт яе.
Апазыцыя крытычна ставілася да самога ўладнага падыходу да фармаваньня новай Канстытуцыі, у межах якога палітычнаму плюралізму і дэмакратыі месца не было. Так што наўрад ці «рызыка», пра якую сёньня казаў Лукашэнка, сыходзіла менавіта ад апанэнтаў улады.
У 2020 годзе і на пачатку 2021-га Расея нібыта мякка спрабавала дамагчыся ад Лукашэнкі новай Канстытуцыі зь нейкімі больш шырокімі магчымасьцямі палітычнага прадстаўніцтва, якімі яна разьлічвала скарыстацца. Але напрыканцы 2021 году ёй у гэтым пытаньні было ўжо, здаецца, усё роўна — яна ўжо завяршала апошнюю падрыхтоўку да вайны. І калі б Лукашэнка запісаў тады ў Канстытуцыю спадчынную манархію і Колю спадкаемцам — у Крамлі б у той канкрэтнай сытуацыі і слова б насуперак не сказалі.
Так што выглядае, што ідэя абраньня прэзыдэнта праз УНС — насамрэч сьвежая, новая, выкліканая новымі выклікамі і страхамі.
Траўма 2020 году
Самае простае тлумачэньне — Лукашэнка гэта прыдумаў, бо баіцца паўтарэньня 2020 году. Ну, і так, і не. Тое, што для яго падзеі 2020 году — глыбокая траўма дагэтуль, гэта і сапраўды так. Нездарма зь любой нагоды ён тыя падзеі прыгадвае, нездарма ГУБАЗіК дагэтуль мэтадычна палюе на ўсіх, хто меў хоць якое дачыненьне да тагачасных пратэстаў.
Але хіба гэтая траўма была ў Лукашэнкі меншай летась, у разгар канстытуцыйнай «будоўлі»? І тады была глыбокай, мо нават і вастрэйшай, бо 2020 год быў тады бліжэй. Дык калі баяўся паўтарэньня, то ізноў жа — хто перашкаджаў увасобіць гэты свой страх у любы дызайн новай Канстытуцыі, хоць бы і з прэзыдэнтам, якога абірае УНС? Ніхто і нішто. Значыць, тлумачэньне як мінімум недастатковае.
Іншае тлумачэньне палягае ў лёгіцы самаразьвіцьця аўтарытарызму.
«Дучэ заўсёды з намі»
На парлямэнцкіх выбарах у Італіі ў 1934 годзе, праз 11 гадоў пасьля прыходу Мусаліні да ўлады, усе дэпутацкія мандаты атрымалі прадстаўнікі кіроўнай фашысцкай партыі. Яўка пры гэтым склала 95,59%. Але выбары 1934 году былі апошнімі парлямэнцкімі выбарамі ў Італіі пры дучэ.
У 1939 годзе была сфармаваная палата фасцый і карпарацый. Яна фармавалася не праз выбары і не праз плебісцыт, яе чальцы прызначаліся структурамі рэжыму: Вялікай фашысцкай радай, Нацыянальнай радай фашысцкай партыі і Нацыянальнай радай карпарацый.
У рамках ідэалёгіі фашызму сама па сабе выбарчая працэдура, нават калі абіраецца адна партыя, але грамадзянамі, выглядала адступленьнем ад «сьветлых ідэалаў» рэжыму, «разгойдваньнем сытуацыі», цытуючы сёньняшнія словы Лукашэнкі.
Чым Мусаліні ў 1939 годзе не задавальняў аднапартыйны парлямэнт, абраны амаль усім дарослым насельніцтвам, якіх рэвалюцыяў і пераваротаў ён баяўся і хацеў іх зьменай структуры ўлады прадухіліць? Ды ніякіх наўпрост не баяўся. Проста адбылася заканамерная эвалюцыя рэжыму — а навошта ў прынцыпе патрэбныя тыя выбары?
Як рэагаваць на вайну?
Хаця, акрамя гэтага псыхалягічнага тлумачэньня, магчымае і больш практычнае. Якое, дарэчы, магчыма, дае ключ да сёньняшніх дзіўных развагаў Лукашэнкі.
Праз год пасьля парлямэнцкіх выбараў у Італіі ў 1934 годзе Мусаліні разьвязаў вайну з Этыёпіяй. Краіна была акупаваная, было абвешчана аб стварэньні Італьянскай імпэрыі. А пазьней у Эўропе пайшлі значныя тэрытарыяльныя зьмены — аншлюс Аўстрыі Нямеччынай, саступка Гітлеру Судэтаў (пры актыўнай пасярэдніцкай ролі таго ж Мусаліні). Дарэчы, палата фасцый і карпарацый была створаная на пачатку 1939 году, а праз тры месяцы Мусаліні напаў на Альбанію і акупаваў яе.
Іншымі словамі, адказ на пытаньне, навошта тады Мусаліні памяняў сыстэму ўлады, можа быць і такім — з прычыны вайны і дзеля вайны. Каб ужо ўсе цьвікі былі забітыя па плешку.
Гэты аналіз падказвае і адказ на пытаньне, чаму Лукашэнка хоча памяняць новую Канстытуцыю, напісаную фактычна ім самім менш як год таму. Да лютага ягоны праект яго цалкам задавальняў. А што ж здарылася ў лютым? Вайна.
Гэта не намёк на тое, што, маўляў, Лукашэнка — гэта Мусаліні. У другой палове 30-х Мусаліні сам пачынаў свае агрэсіўныя войны, яшчэ да Гітлера нават. Лукашэнка сваіх войнаў не пачынаў.
Але размова тут пра падабенства кантэксту. Мусаліні ў 1939 годзе памяняў сыстэму ўлады дзеля таго, каб адаптаваць яе да стану вайны. Лукашэнка хоча памяняць сыстэму ўлады (ці шкадуе, што не памяняў), каб адаптаваць яе да стану вайны. Да вайны, у якую краіна ўжо часткова ўцягнутая, да вайны, у якую краіна можа быць уцягнутая глыбей, наўпрост, удзелам сваёй арміі. А таксама адаптаваць сыстэму ўлады да наступстваў як працягу вайны, гэтак і яе завяршэньня.
Выбары — небясьпека, чым бы ні скончылася вайна
Прычым пагрозы тут для Лукашэнкі паходзяць з розных бакоў і пры розных варыянтах разьвіцьця падзей.
Калі Расея пераможа, яна можа захацець паставіць на месца Лукашэнкі больш згаворлівую асобу, альбо зрабіць гэта як пралёг да далучэньня Беларусі да РФ. Лукашэнка можа хаміць Шольцу наконт словаў Пуціна пра недарэчнасьць беларускай, як і ўкраінскай незалежнасьці, але Лукашэнка ж ведае, што Пуцін сапраўды так думае. І ведае, што на драйве посьпеху гаспадар Крамля можа пайсьці на рознае. І пры такім разьвіцьці падзей — навошта, каб прэзыдэнта абіраў народ? На выбар народу Пуцін можа ўплываць. На рашэньне УНС — таксама, але гэта складаней.
Ну, а калі Расея ў той ці іншай форме прайграе, тады нехта ж выйграе. І гэты ці гэтыя нехта могуць ізноў зладзіць 2020 год — разважае Лукашэнка — але ўжо ў сытуацыі, калі Крэмль яму не дапаможа. Тады тым больш якія прэзыдэнцкія выбары? Навошта даваць пераможцам у вайне рычаг, пры дапамозе якога яны зламаюць уладу Лукашэнкі?
Вось і атрымліваецца, што чым бы ні скончылася вайна і як бы яна ні разьвівалася, рызыкай для Лукашэнкі зьяўляецца не скасаваньне народных выбараў прэзыдэнта, а якраз іх захаваньне.
Мусаліні, дарэчы, прыдуманыя ім канструкцыі ўлады не дапамаглі. Фактычна яго адхілілі ад улады свае ж паплечнікі, калі Італія разам зь Нямеччынай стала цярпець паразу ў вайне.
Лукашэнка таксама ведае, што здадуць і прададуць менавіта свае. Ну а на каго разьлічваць? Не на народ жа.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.