Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская выступіла ў парлямэнце Эстоніі: па-эстонску «sõber», па-беларуску «сябар»


Міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу ўручыў Сьвятлане Ціханоўскай копію знойдзенага ў архівах дакумэнта аб прызнаньні незалежнасьці Эстоніі Радай БНР. Эстонія, Талін, 24 кастрычніка 2022
Міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу ўручыў Сьвятлане Ціханоўскай копію знойдзенага ў архівах дакумэнта аб прызнаньні незалежнасьці Эстоніі Радай БНР. Эстонія, Талін, 24 кастрычніка 2022

Сьвятлана Ціханоўская прыбыла зь візытам у Талін на запрашэньне міністра замежных спраў краіны Урмаса Рэйнсалу.

Дэмакратычная лідэрка Беларусі правядзе сустрэчы з прэзыдэнтам, сьпікерам парлямэнту, рэктарамі ВНУ. 24 кастрычніка яна выступіла ў парлямэнце Эстоніі.

Што сказала Ціханоўская?

Пра Антона Луцкевіча

Зьвяртаючыся да дэпутатаў, Ціханоўская згадала Антона Луцкевіча:

«Кожны раз, прыяжджаючы ў Эстонію, я адкрываю для сябе новыя сувязі паміж нашымі народамі. Я даведалася, што ў Тартускім унівэрсытэце вучыўся Антон Луцкевіч, які стаяў ля вытокаў нашай дзяржаўнасьці. У 1918 годзе ён ініцыяваў абвяшчэньне незалежнасьці ад Расеі і стаў прэм’ер-міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Эстонія адной зь першых прызнала Беларускую Народную Рэспубліку і
завязала зь ёю дыпляматычныя адносіны. Недалёка адсюль, на вуліцы Вэнэ 19, адкрылася беларускае пасольства, і працягвала працаваць нават тады, калі Беларусь ужо была пад савецкай акупацыяй.

Паміж лёсам Антона Луцкевіча і доляй эстонскага народу ёсьць і страшная паралель. 14 чэрвеня 1941 года ён быў сасланы ў лягеры ГУЛАГа, дзе і памёр. У той жа самы дзень 10 000 эстонцаў былі дэпартаваныя ў савецкія лягеры для ваеннапалонных. Там яны падзялілі трагічны лёс многіх тысячаў беларусаў».

Пра эстонскую мову

«Я ня ведаю эстонскай мовы. Але я ведаю слова, якое зразумее кожны
беларус: сЫбэр (sõber). Па-беларуску гэтае ж слова гучыць падобна: сЯбар. Эстонія паказала сябе нашым надзейным сябрам».

Ціханоўская згадала, як Эстонія ў першыя дні пасьля скрадзеных выбараў 2020 году выдала заяву аб непрызнаньні Лукашэнкі прэзыдэнтам і наладзіла сувязь з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, тройчы арганізавала слуханьні ў Радзе бясьпекі ААН.

«Эстонія вылучыла дапамогу беларускім мэдыя і актывістам. Я прашу вас: прымайце больш беларускіх студэнтаў, яны стануць элітай новай Беларусі. Прымаючы больш беларусаў, вы набываеце больш сяброў і інвэстуеце ў будучыню адносінаў паміж нашымі народамі».

Пра новую акупацыю Беларусі

«Сёньня мая краіна знаходзіцца фактычна пад акупацыяй, у закладніках двух крыважэрных дыктатараў. Нягледзячы на беспрэцэдэнтны тэрор, беларусы больш за два гады працягваюць барацьбу. Многія тысячы паплаціліся свабодай, а некаторыя — жыцьцём. Беларусы даказалі сваёй барацьбой, што заслугоўваюць жыць у дэмакратычнай краіне, а не ў губэрні на задворках імпэрыі».

Пра Ўкраіну

«Безумоўна, сёньня наш лёс моцна зьвязаны зь лёсам Украіны. Пасьля пачатку вайны паўтары тысячы чалавек запісаліся ў добраахвотнікі і бяруць удзел у контранаступе ўкраінскай арміі. Нашы партызаны спыняюць расейскія цягнікі, праводзяць акты сабатажу і непадпарадкаваньня.

Расіянам дагэтуль не ўдалося ўцягнуць беларускіх вайскоўцаў у вайну — гэта сьведчаньне моцнага грамадзкага супраціву. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі, як і ў Расеі, працуе праваенная прапаганда, больш за 90% беларусаў супраць далучэньня да вайны».

Пра дыктатараў Пуціна і Лукашэнку

«Надышоў час пакончыць з вар’яцтвам, распачатым дыктатарамі. І самае галоўнае — спыніць іх беспакаранасьць. На мінулым тыдні эстонскі парлямэнт прызнаў пуцінскі рэжым тэрарыстычным. Але не забывайце пра Лукашэнку і яго злачынствы. Нельга дазволіць яму пазьбегнуць адказнасьці».

Ціханоўская заклікала працягваць эканамічны ціск праз санкцыі, пазбаўляць рэжымы рэсурсаў, пазбавіць Лукашэнку і Пуціна трыбуны ў ААН і АБСЭ.

«Лукашэнка павінен панесьці адказнасьць за захоп самалёта Ryanair, штучны міграцыйны крызіс, злачынствы супраць чалавечнасьці. Адкрывайце справы па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі. Павінен быць створаны трыбунал супраць Лукашэнкі і Пуціна».

Пра Дар’ю Лосік і іншых палітвязьняў

„Магчыма, 1350 палітычных зьняволеных у Беларусі — дробязь на фоне гуманітарнай катастрофы ва Ўкраіне. Магчыма, мы ня маем права скардзіцца на катаваньні, калі ў суседняй краіне ракеты забіваюць дзяцей.
Але гэта ўсё ўзаемазьвязаныя рэчы. Без свабоднай Беларусі ня будзе бясьпечнай Украіны. Без свабоднай Беларусі не будзе бясьпекі ва ўсёй Эўропе.

Я ведаю, што Марка Міхкельсан і іншыя дэпутаты сустракаліся з Дар’яй Лосік, жонкай Ігара Лосіка, асуджанага на 15 гадоў. На мінулым тыдні яе затрымалі. Ёй пагражае 7 гадоў турмы. Іх 4-гадовая дачка засталася без бацькоў. Прашу вас: не пераставайце гаварыць пра нашых палітвязьняў і рабіць захады для іх вызваленьня“.

Ціханоўская таксама заклікала Эстонію наладжваць супрацоўніцтва з дэмакратычнымі структурамі новай Беларусі, пачаць супрацу з Аб’яднаным пераходным кабінэтам, выступіць за ўключэньне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы са статусам назіральнікаў».

Падчас двухдзённага візыту ў Эстонію Ціханоўская правядзе шэраг іншых сустрэч. У тым ліку:

  • з прэзыдэнтам Аларам Карысам;
  • сьпікерам эстонскага парлямэнту Юры Ратасам;
  • з рэктарам Талінскага ўнівэрсытэту Тыну Війкам;
  • з рэктарам Талінскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Тыйтам Ландам;
  • зь сябрамі групы беларускіх палітвязьняў і падтрымкі дэмакратыі Рыйгікогу;
  • зь беларускай грамадой.

Таксама Ціханоўская наведае Мэмарыял ахвяр камунізму ў Эстоніі 1940–1991 гг.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG