Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка зробіць тое, што загадае Пуцін, але...» Палітоляг Вусаў пра сутнасьць гульні Ўкраіны зь Менскам


Павал Вусаў
Павал Вусаў

Улады Ўкраіны ўвялі санкцыі супраць Галіны Лукашэнкі, зь якой яе муж Аляксандар не жыве ўжо 30 год. Група дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны сустрэлася з байцамі палку Каліноўскага. Сілавікі Беларусі сьцьвярджаюць, што Ўкраіна рыхтуе напад на Беларусь.

Што значаць апошнія навіны беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў? Тлумачыць у эфіры Свабоды палітоляг Павал Вусаў.

— Павал, раніца пачалася сёньня для многіх карыстальнікаў сацсетак з фэйку, што СБУ абвясьціла ў вышук Лукашэнку. Але хутка разабраліся. Тым ня менш учора стала вядома, што Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі, але не Аляксандра, а ягонай жонкі Галіны, зь якой ён хаця і афіцыйна нібыта ў шлюбе, але 30 год не жыве. Чаму не Лукашэнка, які для ўкраінцаў увасабляе дзяржаву Беларусь? Які сэнс такога кроку Кіева?

— Гэта можна разглядаць як спробу псыхалягічнага ціску на Лукашэнку і ягонае атачэньне, што адной нагой Украіна знаходзіцца там, дзе можна абвясьціць Лукашэнку ворагам нацыі нумар адзін, як гэта зроблена ў дачыненьні да Пуціна ці Мядзьведзева. Гэта сыгнал, што мы Беларусь не чапалі, актыўных дзеяньняў супраць улады і дзяржавы не рабілі, нягледзячы на тое, што Беларусь выкарыстоўвалася для атакі на Ўкраіну. Але зараз гэтая рыса можа быць перакрочаная. Гэта пэрсанальнае папярэджаньне Лукашэнку, што пакуль мы чапаем людзей, якія зьвязаныя з табой, а наступным крокам можа быць нешта жорсткае.

А другі бок гэтага мэдаля можа палягаць у тым, што ўкраінскія спэцслужбы ня ведаюць, што Галіна Лукашэнка — нават не грамадзкая жонка, а толькі маці дзяцей Лукашэнкі, што ён жыве зь іншай жанчынай і што ў яго дзьве каханкі. Але я думаю, што ўкраінцы ўсё добра разумеюць і выкарыстоўваюць сямейныя сувязі Лукашэнкі, каб выслаць яму сыгнал.

— Лукашэнка даўно расставіў кропкі над «і», дапамагаючы Расеі атакаваць Украіну, распачаўшы антыўкраінскую гістэрыю на пустым месцы. На што могуць яшчэ спадзявацца ўкраінскія ўлады адносна гэтага чалавека?

— Адносна чалавека нічога ўжо ня могуць спадзявацца, але яны намагаюцца аддаліць той момант, калі беларускія войскі могуць увайсьці ў непасрэднае супрацьстаяньне з Украінай. Кіеў не чакае ніякіх зьменаў у паводзінах Лукашэнкі, бо ён ужо проста інструмэнт у руках Расеі. Для Ўкраіны адкрыцьцё другога фронту на некалькіх напрамках — гэта вельмі вялікі цяжар.

— Атрымліваецца, што ўкраінцы лічаць, што ў Лукашэнкі ёсьць даволі вялікае поле манэўру — накіроўваць беларускую армію ва Ўкраіну ці не. Але ў той жа час вы кажаце, што ён інструмэнт у руках Пуціна. Дык ці ёсьць у яго гэтае поле для манэўру?

— Вядома, ён зробіць тое, што яму загадае Пуцін, але пытаньне ў часе, калі ён гэта зробіць. Ці зробіць ён гэта заўтра, ці зробіць празь месяц. У сытуацыі адсутнасьці выбару для Ўкраіны вельмі важна, каб гэта было зроблена празь месяц. Лукашэнка — інструмэнт, але напэўна недзе ў ягонай падсьвядомасьці, нават у розуме, ёсьць разуменьне, што ўваход ва Ўкраіну — гэта ня толькі яго палітычная, а можа і фізычная сьмерць. І вельмі верагодна, што сьмерць сотняў і тысячаў беларусаў. Украіна таксама праводзіць інфармацыйны ціск на грамадзтва, а беларускіх вайскоўцаў намагаюцца дэматываваць ад удзелу ў вайне.

— Апошнія некалькі дзён палітычна актыўныя беларусы абмяркоўвалі сустрэчы прадстаўнікоў палку Каліноўскага ў Вярхоўнай Радзе. Ці не паварот гэта ў іншы бок?

— Зь беларусамі размаўляюць, і гэта вельмі важна. Няхай полк і частка УСУ, але гэта беларусы, якія могуць праводзіць беларускі парадак дня. А праблемаў у беларусаў ва Ўкраіне шмат. Калі ўкраінскі бок прызнае полк Каліноўскага легітымным прадстаўніком беларускага народу, то гэта ўскладае абавязкі на полк. Напрыклад, пытаньне візаў, бо яно разбурае сувязі паміж беларускім і ўкраінскім народам. Або пазытыўны прабеларускі парадак дня ў інфармацыйным полі Ўкраіны. Важна тое, што гэта наш беларускі інструмэнт ва Ўкраіне.

— Шмат гаворыцца і пра адсутнасьць да гэтай пары сустрэчы Зяленскага і Ціханоўскай. А што б дала Ўкраіне такая сустрэча?

— Практычных плюсаў няма. Ды нават ідэалягічных. Таму і няма сустрэчы, бо незразумела, што гэта б дало Ўкраіне ў матэрыяльным ці вайсковым сэнсе. Улады Ўкраіны думаюць пра пытаньне выжываньня краіны ва ўмовах вайны, і яны не гатовыя займацца фармалізмам або гуляць у ідэалягічныя гульні. Гэта больш трэба беларусам, чым украінцам

— Некаторыя беларусы кажуць, што гэта дадало б імпэту ў змаганьні, бо прызналі б, маўляў, нас, а не Лукашэнку.

— Гэта зноў трэба беларусам. Тыя ўзброеныя фармаваньні, якія змагаюцца за Ўкраіну, яны функцыянавалі б і без Ціханоўскай. Полк Каліноўскага сфармаваўся незалежна ад Ціханоўскай і яе ўдзелу ў гэтым працэсе. Тым больш паміж імі трошкі напружаныя адносіны. Таму наўрад ці гэта паўплывала б на сытуацыю ўнутры беларускай апазыцыйнай супольнасьці. І ў Кіеве разумеюць, што гэтыя сустрэчы патрэбныя толькі Ціханоўскай, каб пашырыць свой аўтарытэт.

Для Зяленскага важней сустрэцца з Маскам, які падтрымлівае Starlink, чым з Ціханоўскай. Калі б яе Офіс сабраў грошы на танк, ці на «Байрактар», ці на ракету HIMARS, то гэта быў бы сур’ёзны ўплыў. Літва сабрала на «Байрактар», хаця ў нас дыяспара большая, чым там насельніцтва. Хоць сам я лічу, што перамовы патрэбныя, каб зьмякчаць узровень непрыязнасьці паміж беларусамі і ўкраінцамі. Гэта ня толькі задача Офіса Ціханоўскай, але ўсіх нас. Мы мусім даказаць, што мы ня частка расейскага народу, а найбліжэйшы ўкраінцам народ.

— Як вы ацэньваеце палітычныя амбіцыі палку Каліноўскага? Пра іх учора нам заявіў у эфіры намесьнік камандзіра палку Вадзім Кабанчук.

— Калі ёсьць такія палітычныя амбіцыі, то гэта добра. Няхай пакажуць, які ў іх палітычны ўзровень, якія погляды на будучыню Беларусі, якія магчымасьці ў сэнсе палітычнай кансалідацыі і ўплываў. Я ня бачу нічога ў гэтым кепскага. Сёньня няма такой структуры, якая б сама магла прывесьці да зьменаў у Беларусі і ўзяць адказнасьць на сябе. Гэта магчыма зрабіць толькі ў шырокай кааліцыі. А полк Каліноўскага будзе вельмі важным інструмэнтам ціску на Лукашэнку, калі Ўкраіна пераможа ў вайне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG